Общество
Марына ЗАГОРСКАЯ

Пісьменнікі на валізках

На 2 сакавіка адкладзены разгляд Гаспадарчым судом пазовы ГГУ Кіраўніцтва справамі прэзідэнта да Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП). 15 лютага бакі пагадзіліся на двухтыднёвую адтэрміноўку разгляду справы, каб узгадніць магчымасць кампрамісу па пытаннях прыналежнасці некалькіх памяшканняў у сталічным Доме літаратара. А напярэдадні сябрамі творчага аб’яднання сталі трынаццаць чалавек — з тых, хто дагэтуль дзесяцігоддзе вагаўся, уступаць у Саюз ці не.

Рада Саюза разгледзела заявы паэтаў, пісьменнікаў, бардаў, фізікаў, прадпрымальнікаў. Нават вядомы архітэктар Леанід Левін вырашыў гэткім чынам падтрымаць Саюз, які ўлады не сёння, дык заўтра збіраюцца выкінуць на вуліцу.

— Калі б былі гатовыя ўсе патрэбныя дакументы, дык Леаніда Левіна ўжо прынялі б у СБП, бо ягоная кніга пра Хатынь — сапраўдная паэма ў прозе, — упэўнены намеснік старшыні СБП Міхась Скобла.

Нягледзячы на тое, што ў снежні мінулага года ў Беларусі паявілася альтэрнатыўнае, набліжанае да ўладаў, аб'яднанне літаратараў, куды за гэты час перайшлі 46 сябраў СБП з 580, умовы прыёму ў колішні адзіны Саюз засталіся даволі жорсткімі. Неабходна не толькі мець выдадзеныя кнігі, але і тры рэкамендацыі ад сябраў арганізацыі, а таксама падтрымку секцыі і прыёмнай камісіі.

Днямі бібліятэкі краіны атрымалі службовую запіску пра адмену ўсіх творчых сустрэч з апальнымі пісьменнікамі. Крыху раней Міністэрства адукацыі выдала загад, паводле якога сябрам СБП забараняецца выступаць у школах ды іншых навучальных установах. Акрамя таго, ужо некалькі год СБП знаходзіцца пад пагрозай высялення з будынка, які быў узведзены ў 1976 годзе на сродкі Саюза савецкіх пісьменнікаў, аднак у 1997-м быў пераведзены на баланс беларускай дзяржавы.

Прадстаўнікі ўладаў абвінавачваюць СБП у нявыплаце грошай за арэнду плошчаў у Доме літаратара ў памеры 55 млн. рублёў і настойваюць на тым, каб пісьменнікі вызвалілі памяшканні.

Сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў займае ў Доме літаратара тры пакоі і бібліятэку. Як кампрамісны варыянт разглядаецца пытанне пра перадачу Кіраўніцтву спраў бібліятэкі Саюза, а таксама некаторай іншай маёмасці.

— Бібліятэку шкада, — прызнаецца Міхась Скобла. — Гэта ж унікальная калекцыя, у якой каля 30 тысяч тамоў з аўтографамі не толькі вядомых беларускіх літаратараў, але і амаль усіх былых савецкіх! Наўрад ці хтосьці паклапоціцца пра тое, каб знайсці для кніг прыдатнае памяшканне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)