Пісьменнік, кватэру якога разграмілі: «ГУБАЗ казаў: «Вы, зомбі бэчэбэшныя, хочаце крыві»

29 верасня знік бард Анатоль Кудласевіч. Жонка прыйшла з працы і ўбачыла разгромленую кватэру. Пазней Кудласевіч знайшоўся, яго асудзілі па 24.23, аштрафавалі на 2900 рублёў і адпусцілі.

Кудласевіч распавёў «Нашай Ніве», што гэта было:

Учора каля 12 гадзіны дня я спакойна сядзеў дома, глядзеў якраз аналіз роліка пра забойства кадэбіста. Раптам грукаюць у дзверы: адчыняйце, міліцыя!»

Я адчыніў, мне крычаць: «На падлогу!», залятаюць у экіпіроўцы, у бронекамізэльках чатыры чалавекі з ГУБАЗ. Я лёг на падлогу, мне чымсьці пачалі свяціць у вочы, рукі за спіну і накінулі кайданкі.

Анатоль Кудласевіч пасля суда. Фота spring96.org

Паказалі нейкую пастанову на вобшук ад 7 верасня, што за крымінальная справа, я так і не зразумеў, нейкая ці то віцебская, ці то магілёўская. Я пытаўся, мне канкрэтна не сказалі, — кажа Анатоль Кудласевіч. — Пасля пачаўся вобшук.

Мне некалькі месяцаў таму КДБ рабіў вобшук, дык тое было культурна, шуфлядку адчыняць, паглядзяць — зачыняць.

А гэтыя каву павысыпалі, муку, крупы, цукар, кніжкі з паліц паскідвалі, нават не праглядалі іх.

Кухня Кудласевіча пасля ператрусу

Проста рылі ўсё, зрывалі, ламалі. Гітару разбілі: убачылі на ёй бела-чырвона-белы матузок і з крыкам: «Гэта бэчэбэшная гітара!» — бах! бах! яе.

Я нават сказаў: «Ты што робіш, гітара старэйшая за цябе, сумлення ў вас няма!» То мяне адзін раз нават ударылі далонню.

Але я спакойна сябе паводзіў, мо іх тое таксама раз'ятрывала.

Што яны шукалі, я не ведаю. Я іх папярэдзіў: «Раней у мяне праводзілі вобшук работнікі КДБ, можа, што падкінулі». Але гэтыя адказваюць: «Нічога вам не падкінулі, мы нічога не знайшлі».

Прычым я сядзеў у пакоі з тым, хто афармляў паперы, на кухні яны самі знаходзіліся. Я ўбачыў, што там нарабілі, толькі пасля, калі далі зайсці і лекі з сабою ўзяць. Сказаў ім тады: «Калі не вып’ю таблеткі, то я труп. Вам жа не трэба другі Ашурак?»

Забралі тры ноўтбукі, тэлефоны, розныя эмблемы з «Пагоняй», усякае такое.

Сцяжок на лоджыі ў мяне ляжаў, яны запхалі мне яго за каўнер і фатаграфуюць мяне. Знайшлі сіні дынамаўскі шалік стары, на ім таксама «Пагоня», дык той шалік мне на шыю накінулі і таксама фатаграфавалі.

Пасля мяне павезлі ў будынак ГУБАЗіК на Рэвалюцыйнай. Пагаварылі там са мною, пераконвалі: «Вы, бэчэбэшнікі, зомбі ўсе, хочаце рэвалюцыі, крыві, вайны…» А я свае аргументы ім.

Тады адзін спытаўся, ці не хачу я для БТ нешта сказаць? Я не ведаю, чаму і пагадзіўся, хвіліны паўтары на камеру выказаўся. Расказаў, што падпісаны на некаторыя тэлеграм-каналы, бо манітору ўсю інфармацыю. А што мне хаваць? Гэта ж не забаронена.

Пасля іншы, старшы па званні, таксама пачаў са мной гаварыць, маўляў, бэчэбэшнікі рацыі не маюць. Ён мяне хвілін 15 здымаў, задаваў пытанні: пра Ціханоўскага, Ціханоўскую, пра Пазняка.

Кажа: «Ціханоўская ж лялькавод». Я адказваю: «Яна не хацела нікуды лезці, сітуацыя яе вымусіла». Ну і гэтак далей у такім духу.

Пасля, праўда, я падумаў: выражуць жа і змантуюць пасля так, як ім трэба. Але казаў я ўсё тое, што звычайна кажу, не крывіў душою. А чаго мне баяцца? Я ж не краў, не забіваў.

Затым мяне адвезлі ва Фрунзенскі РАУС. Там мне напісалі адміністратыўнае парушэнне: тыпу я вывесіў бела-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй» на лоджыі. Нейкія патрульныя тыпу ішлі і ўбачылі.

І фота нават далучылі — але ж у мяне такога сцяга, каб з «Пагоняю», ніколі не было. Прыглядзеўся: лоджыя мая, а сцяг прыфоташопілі.

Затым мяне ў стакан, там нас было трое. Адзін з хлопцаў — Лінаў? Лінёў? — атрымаў пасля 15 сутак за тое, што ў яго машыне ляжала падушка з «Пагоняй».

Пасля павезлі на Акрэсціна, але я паказаў пасведчанне інваліда другой групы, то мяне вярнулі назад ва Фрунзенскі. Таблеткі далі, у прыбіральню звадзілі.

І там на наступны дзень суд па скайпе. Мне штраф 100 базавых. Мяркую, гэта ўсё было загадзя вырашана, бо міліцыянт, які складаў пратакол на мяне, так і казаў: «Улепяць вам 100 базавых і паедзеце дахаты заўтра».

100 базавых для мяне вялікая сума, 2900 рублёў. У мяне група інваліднасці не дае магчымасці працаваць, пенсія па інваліднасці — 500 рублёў. Вось і ўвесь мой даход. Як буду плаціць штраф? Ды не ведаю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(31)