«Пэрыяд паміж выбарамі ў ЗША і інаўгурацыяй Пуцін скарыстае на ўсе сто»
Публіцыст Сяргей Навумчык – пра тое, якой у бліжэйшай будучыні можа быць пазыцыя ЗША наконт вайны ва Ўкраіне.
– Хутчэй за ўсё, стратэгія выгоднага Пуціну прымусу да «мірных перамоваў» Кіева і Масквы будзе абраная будучай адміністрацыяй ЗША незалежна ад вынікаў выбараў, – піша Навумчык. – Прычына яшчэ і ў тым, што рэсурсы ўзбраеньняў, якія можа даць ЗША (і увогуле Захад) без пагрозы поўнасьцю агаліць уласныя ўзброеныя сілы, падыходзяць да канца.
Калі не лічыць зброю, якую Ўкраіне, як цяпер відавочна, не дадуць ні пры якіх умовах. І якая магла б кардынальна зьмяніць сытуацыю не на карысьць Масквы.
А кінуць ўсе сілы на змаганьне Ўкраіны з Расеяй Захад не гатовы — бо так і не ўспрыняў гэтую вайну Пуціна як вайну, ад якой залежыць жыцьцё самога Захаду (як не ўспрынялі Чэмберлен і Деладзье пагрозу з боку Гітлера падчас мюнхенскага пагадненьня. Уражвае, як часам адзін да аднаго паўтараецца Гісторыя).
Проста пры Харыс стратэгія будзе рэалізоўвацца павольна, пры Трампе — амаль адразу (і вось тут Пуціна можа чакаць непрыемны сюрпрыз, Трампа можа «сарваць» у выпадку нежаданьня Крамля цалкам ўпісацца ў прапананавы Белым домам алгарытм).
З чым не магу не пагадзіцца — што пэрыяд паміж выбарамі ў ЗША і інаўгурацыяй (амаль чвэрць года), які пры любым выніку галасаваньня будзе адзначаны турбуленцыяй двух галінаў амэрыканскай улады (а пераабіраецца ж і Кангрэс) Пуцін скарыстае «на ўсе сто».
Читайте еще
Избранное