Политика

Міхаіл Пастухоў, Сяргей Пульша, Новы час

«Першы нелегітымны»: Што не так з рэферэндумам 1995 года

А таксама з плебісцытамі 1996-га і 2004-га. Тлумачыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

Канстытуцыя не стала галоўным дзеючым законам краіны. Яе «перапісвалі», насамрэч, тройчы. Але ніводзін з праведзеных у Беларусі рэферэндумаў не быў легітымным. Нават першы — рэферэндум 14 мая 1995 года.

Рэферэндум — 1995

З ініцыятывай правядзення рэферэндуму выступіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў на ўсенароднае абмеркаванне чатыры пытанні. Ці згодныя вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай? Ці падтрымліваеце вы прапанову аб усталяванні новых дзяржаўнага сцяга і дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? Ці падтрымліваеце вы дзеянні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? Ці згодныя вы з неабходнасцю ўнясення зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

Ужо ад пачатку фармулёўкі пытанняў былі незаконнымі. Яны супярэчылі Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (прэамбуле і артыкулам 1, 2 і 3), Канстытуцыі (прэамбуле, артыкулам 17 і 78), Закону «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» (арт. 3). Першае і другое пытанні груба парушалі «неад’емнае права беларускага народа на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, гарантыі існавання беларускай культуры і мовы». Нельга было выносіць на рэферэндум пытанне аб мове і аб нацыянальных дзяржаўных сімвалах.

Пытанне аб адабрэнні прарасійскай палітыкі супярэчыць суверэннай нацыянальнай дзяржаўнасці. Акрамя таго, яно парушае міжнародныя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь.

Фармулёўка чацвёртага пытання аб прадастаўленні прэзідэнту права спыніць паўнамоцтвы парламента «ў выпадках сістэматычнага або грубага парушэння ім Канстытуцыі» ідзе ў разрэз з нормай Дэкларацыі аб суверэнітэце, згодна з якой толькі Вярхоўны Савет мае права выступаць ад імя беларускага народа, а таксама з шэрагам палажэнняў Канстытуцыі.

Гэты рэферэндум быў прызначаны і з парушэннем працэдуры. 11 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыступіў да разгляду прапановы Лукашэнкі, супраць якой выступілі дэпутаты ад БНФ.

У выніку ВС не падтрымаў ініцыятыву кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка заявіў, што прыпыніць дзейнасць парламента і ўсё адно правядзе рэферэндум. У знак пратэсту дэпутаты ад БНФ абвясцілі галадоўку ў зале пасяджэнняў парламента. Уначы з 11 на 12 красавіка ў парламент уварваліся людзі ў масках, збілі і выкінулі адтуль парламентароў. 13 красавіка 1995 ВС шляхам паўторнага галасавання прыняў пастанову аб прызначэнні рэферэндуму. Аднак паўторнае галасаванне па працэдуры не дапускалася.

Больш за тое, па Канстытуцыі забаранялася ўносіць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю (пытанне №4) у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў парламента. У той перыяд рэферэндум наогул не мог быць прызначаны!

Такім чынам, рэферэндум 1995 года быў незаконным. Усе дзеянні, скіраваныя на рэалізацыю пастаўленых на рэферэндуме пытанняў, варта прызнаць злоўжываннем уладай і гвалтам у дачыненні да беларускага народа.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(38)