Паўтара гады таму шведы вырашылі не закрываць краіну праз кавід. Вось што з гэтага атрымалася

29 верасня ў Швецыі здымуць апошнія антыкавідныя абмежаванні. Самы час згадаць той шлях, які прайшла гэтай краіна за час пандэміі, піша Наша Ніва.

Фота pixabay.com

Шведская стратэгія барацьбы з кавідам — адна з самых незвычайных, якія бачыў свет. У першую хвалю кавіду, калі розныя краіны паступова пачыналі абмяжоўваць перамяшчэнні грамадзян і накіроўваць іх у так званы лакдаўн, шведы вырашылі пайсці іншым шляхам. Яны дазволілі людзям самім вырашаць, ці патрэбныя ім меры перасцярогі накшталт каранціну і ўжывання індывідуальных сродкаў абароны.

Але шведы атрымалі шэраг рэкамендацый: напрыклад, ім прапанавалі перайсці з офіснай працы на хатнюю, захоўваць сацыяльную дыстанцыю і выконваць іншыя прафілактычныя меры, абмежаваць падарожжы за мяжу і ўнутры краіны.

Таксама шведскі ўрад закрыў праз пандэмію ўніверсітэты і абмежаваў колькасць людзей на масавых сходах — спачатку іх павінна было быць не больш за 500, а потым — не больш за 50.

Цікава, што гэтае абмежаванне не датычылася шматлікіх аб’ектаў: грамадскага транспарту, магазінаў, школ, месцаў працы, фітнэс-цэнтраў і прыватных мерапрыемстваў. Таксама існуюць абмежаванні на ўезд у Швецыю з краін, што не ўваходзяць у ЕС.

Чакалася, што ў выніку такой стратэгіі аслабленыя людзі застануцца дома, а эканоміка не панясе значных страт, якія ў іншых краінах выклікаў лакдаўн. Людзі з больш моцным здароўем, як лічылі шведскія чыноўнікі, перанясуць кавід у лёгкай форме, атрымаюць свае антыцелы і зробяць тым самым унёсак у калектыўны імунітэт.

Нехта падтрымліваў шведскую стратэгію, нехта, наадварот, лічыў яе занадта бесклапотнай. Беларускія ўлады часта спасылаліся на метады гэтай скандынаўскай краіны: маўляў, не мы адны вырашылі не сыходзіць у лакдаўн. Але па выніках паўтара года пандэміі можна сказаць, што шведы, верагодна, зрабілі не лепшы выбар.

У Швецыі зарэгістравалі 145 загінулых ад кавіду на кожныя 100 тысяч насельніцтва. Гэта значна больш, чым у іншых скандынаўскіх краінах, аднак менш, чым у некаторых еўрапейскіх краінах з больш жорсткімі абмежавальнымі метадамі. Колькасць заражэнняў таксама вялікая. За ўвесь час з пачатку пандэміі яна склала прыкладна 11 выпадкаў на кожныя 100 чалавек, пры гэтым у Брытаніі гэты паказчык роўны 9,4, а ў Італіі — 7,4.

Эксперты кажуць, што, калі б у Швецыі ўсё ж такі існаваў лакдаўн, колькасць памерлых ад кавіду была б ніжэйшай і больш падобнай да аналагічных лічбаў у іншых скандынаўскіх краінах. Шведаў часткова выручыла нізкая шчыльнасць насельніцтва. Калі б больш населеная краіна накшталт Італіі, дзе людзі жывуць больш шчыльна, змагалася б з кавідам па такой стратэгіі, гэта магло б выклікаць катастрофу.

Адной з мэтаў шведскай стратэгіі была абарона людзей са слабым здароўем, але выйшла так, што шмат хто з іх у выніку стаў ахвярай кавіду. Гаворка пра пастаяльцаў дамоў састарэлых, дзе кавід распаўсюджваўся асабліва хутка. У канцы 2020 года, калі ўрад нарэшце пачаў вырашаць праблему, на шведскія дамы састарэлых прыходзілася некалькі тысяч загінулых ад кавіду.

У шведскай антыкавіднай стратэгіі, аднак, ёсць плюс: скандынавам не прыйшлося перажываць стрэс і трывожнасць праз незнаёмыя ўмовы лакдаўну.

Але ж эканоміцы было не так салодка. За час з сакавіка 2020 да сакавіка 2021 гадоў беспрацоўе ў краіне вырасла з 6,6% да 9,5%. За другі квартал мінулага года эканоміка прасела на 8,6%. У Даніі аналагічны паказчык склаў 7,4%, у Фінляндыі — усяго 3,2%.

Цяпер каля 70% шведаў, старэйшых за 16 гадоў, прайшлі поўную вакцынацыю супраць кавіду. Улічваючы такія паказчыкі, падчас летняга пандэмійнага зацішша ўлады краіны паступова аслаблялі абмежавальныя меры. У апошнія тыдні колькасць заражэнняў вырасла — не ў апошнюю чаргу праз распаўсюд штама «дэльта», які больш лёгка перадаецца ад асобы да асобы. Тым не менш, 29 верасня шведы збіраюцца зняць апошнія абмежаванні на публічныя сходы.

Як кажа шведскі міністр аховы здароўя і сацыяльных справаў Лена Халенгрэн, краіна прымае далейшыя крокі па вяртанні да нармальнага штодзённага жыцця.

Минздрав Литвы одобрил прививку от коронавируса третьей дозой

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(17)