Общество

«Пасыльная» Макара расказала, як «апрацоўваюць» вязьняў у турме КДБ

Натальля Любецкая, фігурантка прапагандысцкага фільму «Манкурты», у якім яе прадставілі «пасыльнай Ігара Макара», расказала Свабодзе пра тры страшныя дні ў СІЗА КДБ у Менску, як дапытвалі па начах, якія дзіўныя прэпараты далі пад выглядам сардэчных кропляў, як была вымушаная ўцячы зь Беларусі.

Натальля Любецкая — ураджэнка Горадні, жыла ў Менску, маці чатырох дзяцей, доктар-стаматоляг. Цяпер знаходзіцца ў адной з эўрапейскіх краінаў.

Размова на відэа цалкам

Пра Ігара Макара

— Зь Ігарам Макарам мы вучыліся ў адной школе ў Горадні, жылі ў адным раёне. Так, мы сапраўды кантактавалі. Ён сапраўды прасіў мяне забраць нейкія паперы, але я ня ведала, што гэта былі за паперы. Як аказалася, гэта было ўсё падстроена спэцслужбамі, каб усё зьняць на камэру і завесьці крымінальныя справы.

Пра затрыманьне

— Я нічога нават у руках не трымала. Маю машыну акружылі, мяне забралі, зрабілі ператрус у аўтамабілі. Недзе а 23 гадзіне прывезьлі ў СІЗА КДБ і да 6 раніцы мяне дапытвалі на працягу 7 гадзін. Дапытвалі розныя людзі. Спачатку ў якасьці сьведкі, казалі: «Дапытаем, адпусьцім дадому, бо вы ні ў чым не вінаваты».
А пасьля ніхто дадому не адпусьціў, з сэйфа дасталі паперы, паводле якіх я была ўжо падазраваная, і яшчэ адзін допыт пачалі.

Пра тры кубкі кавы а 3 гадзіне ночы

— У той дзень я вельмі рана ўстала, каб дзяцей разьвезьці па садках і школах, а потым на працу. Я была вельмі стомленая падчас допыту, засынала. Каб ня спала, мне давалі каву падчас допыту. Але кава не бадзёрыла, вушы закладала. «Каб вы потым не казалі, калі калі-небудзь выйдзеце адсюль, што тут такія зьвяры працуюць. Вы спаць хочаце, давайце мы вам каву дадзім», — казалі. Далі адзін, другі, трэці кубак. Гэта была 3 ці 4 гадзіна ночы. Я казала ім, што рэальна вельмі стомленая, хачу спаць, навошта вы мяне мучыце. Яны мне адказвалі: «Мы таксама спаць хочам, мы ўвогуле са жніўня хочам спаць».

Пра званкі маці і пошукі мужа

— Я казала, што не хачу размаўляць зь імі без адваката, прасіла, каб пазванілі маім родным. Калі мяне затрымалі, забралі сумку з тэлефонам. І мне ўсю ноч на гэты тэлефон званіла мама. Тэлефон ляжыць, мяне дапытваюць, тэлефон разрываецца. Я прашу: «Калі ласка, здыміце слухаўку, скажыце ёй, дзе я». Мне адказалі, што ня маюць права гэтага рабіць, што ўсё потым, я пакіну кантакты, і зьвяжуцца з роднымі.

З маімі роднымі ніхто не зьвязаўся. Тры дні мае родныя ня ведалі. Потым проста здагадаліся. Мой муж напісаў заяву ў міліцыю аб маім зьнікненьні. У ніводным РУУС мяне не знайшлі. Адбываліся ператрусы ў кватэрах у Менску і ў Горадні ў бацькоў. Яны ў фільме «Манкурты» не паказалі, як на распараджэньне старшыні КДБ уначы маім бацькам пачалі расьпілоўваць замкі баўгаркай. Бацька прачнуўся, адчыніў ім дзьверы, зрабілі ператрус і забралі ўсё, што хацелі.

Пра «сардэчныя кроплі»

— Калі я трое сутак была ў КДБ, мне давалі сардэчныя кроплі. Яны гэта тлумачылі тым, што на допытах хвалюесься, таму каб ня стала кепска. Раней я казала ў мэдпункце, што ў мяне праляпс мітральнага кляпана. Дык мне сказалі, вось сардэчныя кроплі, бо ў вас сэрца хворае. На прэпараце так і было напісана: «Сардэчныя кроплі». Ёсьць такі лек, але што яны туды дадалі... Па сваім стане я магу меркаваць, што дадаць маглі што заўгодна. Напэўна, нейкія псыхатропы.

Пра цяжкі стан пасьля кропляў

— Больш за тыдзень пасьля гэтага ў мяне былі закладзеныя вушы. Падавалася спачатку, што гэта зьвязана з тым, што я там на падлозе спала і застудзіла вушы. Я рэальна нічога ня чула. Быў вельмі прыбіты стан. Я расказвала Ігару Пятровічу (Ігар Макар. — РС), што я дванаццаць гадоў за стырном, вельмі шмат ежджу, бо дзяцей важу, і ніколі не трапляла ў ДТЗ. Мяне вызвалілі ў ноч зь пятніцы на суботу, у панядзелак я павезла дзетак у садок і школу, і па дарозе назад трапіла ў адну аварыю, а пасьля абеду ў другую.

Пра схаваную відэакамэру

— Перад кожным допытам, а іх было чатыры, я падпісвала паперу, што мне паведамлена пра тое, што не вядзецца аўдыё- і відэазапіс. Я давала падпіску, што гэта ўсё абсалютна сакрэтна, што я ня буду разгалошваць ніякую інфармацыю. Мяне выпускаюць у ноч зь пятніцы на суботу, а ў нядзелю робяць відэанарэзку з маіх допытаў. І я ня бачыла падчас допытаў іх відэакамэры, якой мяне здымалі.

Пра «тэрарыста» Макара

— Супрацоўнікі КДБ запыталіся, ці ў курсе я, што 31 сакавіка (дзень, калі мяне затрымалі) Ігар Макар прызнаны тэрарыстам. «Вы супрацоўнічаеце з тэрарыстам, вы яму аказвалі дапамогу ў атрыманьні звышсакрэтных папераў», — казалі. А я іх нават ня бачыла. Іх і не існавала, бо напэўна яны ўсё падстроілі. «Вы сядзеце на 7–15 гадоў. Вы разумееце, што вы сюды трапілі і ўжо адсюль ня выйдзеце», — казалі. У мяне ўсё перавярнулася ўнутры. Яны мне кінулі кнігі кодэксаў, называлі артыкулы. Я стала чытаць і проста ў шоку была.

Што адбывалася пасьля допыту

— Пасьля начнога допыту, які скончыўся а 6 раніцы, мяне прывялі ў карцар, там я правяла некалькі гадзін, потым перавялі ў халодную душавую, замкнулі, затым вярнулі ў карцар, у якім было ўжо вельмі накурана. Мяне затрымалі а 23 гадзіне, а ў камэру я трапіла толькі а 13 гадзіне наступнага дня.

Пра сукамэрніц

— Сярод маіх сукамэрніц былі Натальля Шаўцова, Аксана Пашкевіч і Сьвятлана Купрэева. Сьвятлана — цудоўная жанчына, моцна мяне падтрымлівала. Купрэева (сяброўка сям’і Віктара Бабарыкі. — РС) там ужо 10 месяцаў. За гэты час здароўе ў яе вельмі пагоршылася. Калі быў мароз мінус 25 градусаў, яна палезла, каб зачыніць маленькую фортачку, адзіную крыніцу натуральнага сьвятла ў камэры, у выніку ўпала на мэталічныя нары і зламала рэбры.

Там сядзяць невінаватыя людзі ні за што. Там створаныя ўсе ўмовы для псыхалягічнага і фізычнага гвалту. У мяне было адчуваньне, што я адтуль вельмі доўга ня выйду. Ня толькі я так думала, усе вакол думалі, што я ўжо ня выйду адтуль.

Пра прычыны адʼезду зь Беларусі

— 27 красавіка ў мяне павінен быў адбыцца допыт у КДБ са сьледчым. Была вялікая рызыка, што я пайшла б на допыт і адтуль ужо ня выйшла. Нават адвакат ня мела магчымасьці азнаёміцца з тым, што на мяне падрыхтавалі. Я не магла так рызыкаваць. У мяне чацьвёра дзяцей. Вельмі хутка я прыняла рашэньне выехаць з краіны. Мне параілі так зрабіць мае родныя і Ігар Макар, бо здароўю і жыцьцю дзяцей і майму пагражае небясьпека. Рашэньне было прынятае за адзін дзень. Цяпер я ў адной з эўрапейскіх краінаў. Я думаю, што я і мае дзеці ў бясьпецы.

Пра Ціханоўскую і ўдзел у пратэстах

Натальля Любецкая зь дзецьмі

— Галасавала я, вядома ж, за Сьвятлану Ціханоўскую. Гэта наш прэзыдэнт, усім гэта відавочна. 9 жніўня людзі выйшлі паказаць, што нас шмат, большасьць, што мы хочам пераменаў. Я хадзіла на акцыі пратэсту, Як мэдык заўсёды мела ў заплечніку перавязачны матэрыял, антысэптыкі, шыўныя прылады. Усё гэта прыдалося. Вельмі шмат маіх знаёмых пацярпелі на акцыях пратэсту. Мой знаёмы акушэр-гінэколяг Сяргей ледзь не загінуў ад гумовых куляў.

Пра наступствы фільму «Манкурты»

— За сваё жыцьцё, хай ня вельмі доўгае, я зарабіла пэўны аўтарытэт і ў родным горадзе, і ў Менску. Тое, што мяне паказалі на прапагандысцкім канале... Адзінае, ад чаго я пацярпела, мой галоўны лекар звольніў мяне з працы. Ён быў марыянэткай у руках рэжыму. Мае сябры і знаёмыя па-ранейшаму добра да мяне ставяцца.

Пра мэтады КДБ

— Непадрыхтаванаму чалавеку вельмі цяжка. Адвакат мне казала, што ня толькі жанчыны, але і мужчыны плачуць на гэтых допытах. Магчыма, можна было нешта зрабіць інакш, але на мяне аказвалі псыхалягічны ціск (што я маці), давалі каву, у якую, магчыма, нешта падмяшалі, гэтыя кроплі. Тут не стаіць пытаньне, ці падрыхтаваны чалавек да допыту ў КДБ. Я думаю, што любы чалавек, які не вінаваты і якому фабрыкуюць нейкую справу, калі апынецца ў сьценах КДБ, падпіша ўсё што заўгодна, скажа ўсё што заўгодна, зь яго возьмуць любыя паказаньні.

Пра пачатак новага жыцьця

— Цяпер майму здароўю і здароўю маіх дзяцей нічога не пагражае. Напэўна, трэба будзе пачынаць новае жыцьцё. Мне складана пра гэта гаварыць. Трэба нейкімі дакумэнтамі займацца, легалізацыяй у новай краіне. Я не плянавала гэта ўсё...

Пра адваката, якога не наймала

— На апошні допыт мне прадставілі адваката, як я разумею, падстаўнога. Яны зь мяне ўжо ўсё патрэбнае ім «выбілі». Апэратыўны супрацоўнік набіраў паказаньні ў кампутар. Я пытаюся: чаму пры адвакату мне не задаюць ніякіх пытаньняў? І адвакат прыкладае палец да вуснаў... Потым гэты адвакат мне неаднаразова тэлефанаваў, патрабаваў, каб я яму заплаціла. Я яму сказала: хай яму заплаціць той, хто яго наймаў.

Пра тры жахлівыя дні

— Старэйшая дачка, пакуль мяне не было, праз гугл паглядзела, што такое СІЗА, каб ведаць, дзе маці. Малодшыя адчувалі і разумелі ўсё праз старэйшую дачку.

Гэта былі тры жахлівыя дні ў СІЗА КДБ. Я неверагодна рада, што жанчыны мяне ў камэры абдымалі. У жанчын там вельмі тонкія матрацы, яны газэту «Советская Белоруссия» падкладаюць, каб не было так жорстка спаць на мэталічных насьцілах. Усіх, хто ў СІЗА КДБ, прымушаюць выпісваць гэтую прапагандысцкую газэту, а таксама з 9 да 10 вечара абавязкова глядзець «Панараму».

Я разумела, што там могуць быць дрэнныя ўмовы, але не да такой ступені. У мяне дагэтуль проста шок. Не разумею, як Сьвятлана Купрэева там ужо 10 месяцаў сядзіць ні за што. Яна вельмі жыцьцярадасны чалавек. Я бачыла ў яе вачах боль, і яна праз гэты боль усьміхаецца.

Пра будучыню

— Буду старацца глядзець у будучыню з пазытывам. Людзі не павінны апускаць рукі, яны маюць абʼядноўвацца, стаяць адзін за аднаго, дапамагаць адзін аднаму. Як тады дачакацца зьменаў, як перамагчы гэты рэжым, калі мы ня будзем адзін аднаго падтрымліваць? З сыстэмай можна змагацца толькі сыстэмна і толькі разам.

Кто эти семь «шпионов», о которых рассказали в фильме ОНТ?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)