Филин

Юлія Кот

Пашкевіч: «Каб быў прыняты указ Зяленскага з абавязкам надалей называць Расію ў афіцыйных дакументах Масковіяй, — сумняюся, што да гэтага дойдзе»

Гісторык — пра тое, як імперыя прэтэндуе на агульную гістарычную спадчыну і ці можна яе «падзяліць».

Электронная петыцыя аб перайменаванні Расіі ў Масковію, размешчаная на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны, за некалькі месяцаў набрала неабходныя 25 тысяч галасоў.

Уладзімір Зяленскі разгледзеў зварот і даручыў прэм'ер-міністру комплексна прапрацаваць пытанне, у прыватнасці, з прыцягненнм навукоўцаў і з улікам «магчымых міжнародна-прававых наступстваў».

Наколькі слушная гэтая прапанова сёння, і ці атрымаецца такім чынам разбурыць прапагандысцкі наратыў, быццам «Украіны не існавала да ХХ стагоддзя» ды зацвердзіць, што ўкраінцы, расіяне і беларусы — далёка не адзін народ і нават не такія «братэрскія», як шмат гадоў сцвярджаюць улады? Филин пагутарыў на гэты конт з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

— Я б не ставіўся да гэтага надта сур’ёзна, калі казаць пра нейкія практычныя вынікі такой ініцыятывы, — зазначае суразмоўца. — Тое, што Зяленскі не завярнуў прапанову адразу, а аддаў яе «прапрацоўваць», больш падобна на своеасаблівы тролінг праціўніка, а не на імкненне нанесці яму нейкія страты з далёка ідучымі наступствамі.

Як вядома, Зяленскі па сваёй першай прафесіі артыст-комік, таму з пачуццём гумару ў яго ўсё нармальна. І калі можна з ворага пакпіць і яго пазлаваць, нічым пры гэтым асабліва не рызыкуючы, то чаму б і не?

Што да практычнай рэалізацыі ідэі перайменавання Расіі ў Масковію і нейкіх палітычных рашэнняў, тут гісторык настроены досыць скептычна:

— Каб па выніках «уважлівай прапрацоўкі паднятага ў петыцыі пытання» быў прыняты, скажам, указ Зяленскага з абавязкам надалей называць Расію ў афіцыйных дакументах Масковіяй, — сумняюся, што да гэтага дойдзе.

Такія гульні, думаю, маюць свае межы. Тым больш што наўрад ці ва ўкраінцаў ёсць шанцы перанесці гэта з нацыянальнага на міжнародны ўзровень, не кажучы пра тое, што куды большае значэнне мае тое, кім сябе лічаць самі расіяне, а не як нехта звонку іх называе. Яны ж сябе лічыць рускімі не перастануць ад таго, што так пастанавілі ўкраінскія ўлады. І ўвесь свет іх як такіх успрымаць не перастане.

— Паводле аўтара петыцыі, Расія падграбла пад сябе гісторыю Кіеўскай Русі штучна і з цягам часу ў масавай свядомасці замацавалася, што гэта адна дзяржава, аднак «у адрыве ад Кіева расійская культурная традыцыя страчвае свае карані». Як вы лічыце, ідэя аб перайменаванні ў Масковію адлюстроўвае гістарычную рэальнасць?

— Што тычыцца навуковага аспекта праблемы, то, на маю думку, спробы ўвогуле пазбавіць Расію права на спадчыну старажытнай Русі не маюць пад сабой рэальнага грунту.

Як ні круці, але сучасныя рускія, як і беларусы ды ўкраінцы, сваю пісаную гісторыю адлічваюць з тых самых зыходных пунктаў, карыстаючыся аднымі і тымі ж крыніцамі – іншых вытокаў, калі не ўпадаць у яўныя фантазіі, няма.

Сучасныя рускія не ўпалі аднекуль з неба і не прыйшлі з-за мора ці з-за гор. Тую ж Маскву заснаваў князь, які належаў да той жа дынастыі Рурыкавічаў, што правіла ў Кіеве, і ўвогуле гэтая падзея гарманічна ўпісаная ў кантэкст цесна пераплеценай гісторыі ўсёй Русі, якая ў розных варыяцыях і з рознымі акцэнтамі так ці інакш абыгрываецца ва ўсіх трох сучасных нацыянальных гістарыяграфіях, калі ідзе гаворка пра першыя стагоддзі.

Таму змаганне на гістарычным полі, калі казаць пра навуку, а не пра публіцыстыку, у якой можа быць усё, што заўгодна, вядзецца не ў сферы адмаўлення рускім права на спадчыну старажытнай Русі як такога.

У той жа час, зазначае Аляксандр Пашкевіч, пад сумнеў аргументавана ставіцца права сучасных рускіх на манапольнае ці прынамсі першачарговае валоданне гэтай спадчынай, на «адзіна правільную» трактоўку імі гісторыі і накіданне яе ўсім астатнім:

— Расійскае афіцыйнае бачанне гісторыі такое: маўляў, тысячу гадоў таму існаваў адзін вялікі рускі народ, які меў уласную дзяржаву з цэнтрам у Кіеве, і ніякіх адметнасцяў паміж рознымі галінамі гэтага народа тады не было. І вось тая Кіеўская Русь (тэрмін, які ў крыніцах непасрэдна не сустракаецца) – правобраз цяперашняй Расіі, хоць з цягам часу яна і набыла іншыя цэнтры прыцягнення.

Пасля, маўляў, гэтая дзяржава па розных прычынах, а перадусім з-за падкопаў злых ворагаў, распалася, а ворагі стагоддзямі спрабавалі гэты адзіны народ падзяліць ды раз’яднаць. І не без поспехаў: акрамя рускага народа, з’явіліся яшчэ ўкраінскі і беларускі з адпаведнымі мовамі, якія многія расіяне лічаць штучнымі, пра што некаторыя не саромеюцца казаць адкрыта з самых высокіх трыбун.

Украінскія і беларускія навукоўцы, натуральна, у большасці сваёй не падзяляюць гэтай спрошчанай трактоўкі і ў сваіх даследаваннях робяць акцэнт на тых момантах, якія сведчаць пра адметнасць культуры і гісторыі розных галін усходніх славян яшчэ з далёкай старажытнасці.

Гістарычныя вехі: як з'явілася і куды знікла Масковія

— Калі ў часы князя Уладзіміра яшчэ можна гаварыць пра нейкае агульнарускае культурнае адзінства і «адзіную кіеўскую купель», то чым далей, тым шляхі ўсё болей разыходзіліся, — гаворыць гісторык. — Асабліва пасля таго, як частка Русі на два з лішнім стагоддзя патрапіла пад мангольскае ярмо.

У якасці аб’яднаўчага цэнтра тых земляў вылучылася Масква, з якой у выніку яны і сталі асацыявацца.

Вялікае Княства Маскоўскае, Масква, Маскоўская дзяржава, Масковія і да т п. — так тая частка Русі стала называцца, і назва шырока ўжывалася для гэтай дзяржавы да таго часу, пакуль яна не ўзмацнілася настолькі, што стала ператварацца ў імперыю.

Маскоўскія князі, а пасля цары апелявалі да гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі, і на гэтай падставе выказвалі прэтэнзіі на тую частку яе земляў, гісторыя якіх пайшла іншым шляхам і якія цягам XIII—XIV стагоддзяў збольшага аб’ядналіся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікія князі літоўскія, дарэчы, доўгі час таксама прэтэндавалі на тое, каб стаць збіральнікамі ўсіх рускіх земляў. Падмурак гэтаму кірунку знешняй палітыкі ВКЛ заклаў князь Гедымін, а асабліва на ім актыўнымі і паспяховымі былі Альгерд і Вітаўт. Але з часам гэты вектар па розных прычынах у ВКЛ заняпаў, Масква ж, наадварот, узмацнілася.

З канца XV стагоддзя пачаўся перыяд амаль няспынных маскоўска-літоўскіх войнаў. Яны ішлі з пераменным поспехам, але па суме ўсё ж перамагла Масква. У XVII стагоддзі яна канчаткова далучыла Смаленшчыну і левабярэжную Украіну, а ў канцы XVIII, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай — рэшту Украіны (за выключэннем цяперашніх Галіччыны, Букавіны ды Закарпацця) і ўсю Беларусь.

З XVI стагоддзя Маскоўская дзяржава стала ўсё часцей, падкрэсліваючы сваё права на рускую спадчыну, звацца Расіяй (Расія — гэта не што іншае, як грэцкая форма назвы «Русь»), і гэтую яе саманазву прынялі таксама іншыя народы.

Цяпер з назвай нешта зрабіць у глабальным сэнсе наўрад ці магчыма. А вось даводзіць усяму свету няслушнасць і ідэлагізаванасць расійскай імперскай гістарычнай канцэпцыі адносна спадчыны старажытнай Русі ўкраінцы, вядома, не толькі могуць, але і мусяць. А беларусы ўкраінцам у гэтым маюць дапамагаць, паколькі мы з імі ў адной лодцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(23)