Общество

Памёр бацька Аляксандра Тарайкоўскага – першай ахвяры з ліку пратэстоўцаў

Гэта здарылася яшчэ 26 мая, пахавалі мужчыну 28-га, але сям’я не афішавала гэты факт.

«Нашай Н*ве» стала вядома, што пайшоў з жыцця бацька Аляксандра Тарайкоўскага Валерый.

Валерыю ў бягучым годзе павінна было споўніцца 60 год.

— Усё здарылася нечакана, у яго не назіралася праблем са здароўем, ні на што не скардзіўся, а тут вось сэрца схапіла раптоўна. І ў той момант ён быў адзін. Чаму так? Мы думаем, паўплывалі перажыванні за Сашу, — кажуць сваякі.

Валерыя пахавалі побач з сынам на Заходніх могілках у Мінску.

Аляксандр Тарайкоўскі — першая ахвяра з ліку пратэстоўцаў. Ён загінуў у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года каля метро «Пушкінская».

МУС у тую ноч апублікавала афіцыйную заяву: «У ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яно выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы несумяшчальныя з жыццём».

Аднак пазней з’явілася некалькі відэазапісаў, на якіх відаць, як Аляксандр з пустымі рукамі ідзе ў бок сілавікоў. Ён нічога не кідае, у яго руках нічога не выбухае — у Тарайкоўскага з блізкай адлегласці страляе адзін з сілавікоў. Пасля стрэлу акрываўлены мужчына падае.

Ніякай крымінальнай справы па факце забойства заведзена не было — у гэтым сям'і адмовілі. Як і ў тым, каб азнаёміцца з матэрыяламі праведзенай праверкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(11)