Лица

Памяці Сяргея Філімонава. «Ён сфармаваў густ цэлага пакалення беларусаў»

Вядоўца культавай тэлепраграмы «Відзьмо-невідзьмо» памёр 16 лістапада. Яго ўзгадваюць вядомыя беларусы.

«Сяргей меў уласны голас, свой — ва ўсіх сэнсах»

Пісьменнік Сяргей Навумчык:

— У 90-х мне было не да кіно, не да музыкі, увогуле ні да чаго, акрамя палітыкі, — але праграму Сяргея Філімонава «Відзьмо-невідзьмо» імкнуўся не прапускаць. Гэта быў компас, па якім можна было арыентавацца (у маім выпадку — хаця б ведаць, што ёсьць цікавага).

Тагачаснае БТ было зусім не такім, як сёньня, выходзіла шмат цікавых праграмаў, але нават на іх фоне праграма Філімонава вылучалася – найперш асобай вядоўцы. Сяргей меў уласны голас, свой — ва ўсіх сэнсах.

Ягоны сыход — адчувальная страта для культуры. Вельмі, вельмі шкада. Зямля яму пухам і Вечная Памяць.

«У нас усіх ад Сяргея застаўся архіў «Відзьмо-невідзьмо» і тое самае «Вітаю, шаноўнае спадарства» як прыклад якаснага тэлебачання»

Журналіст Аляксандр Чарнуха:

— Які гэта быў год? Хто яго ведае. Мы сядзелі ў кватэры ў Сяргея, пілі каньяк і трындзелі пра ўсё на свеце. Ну, як трындзелі… Гаварыў пераважна Сяргей, я сядзеў з адчыненым ртом і лавіў флэшбэкі са шчаслівага дзяцінства, бо гэты голас не зблытаеш ні з якім іншым — вы і самі дакладна гэта ведаеце.

Сяргей гарэзліва ўсміхаўся, ставіў класіку кшталту Weasels ripped my flesh і гаварыў. Пра музыку, пра хіпанскае жыццё ў Маскве, пра еўрапейскія эратычныя прыгоды — слухаць яго было заўжды цікава, пра што б ён ні распавядаў.

Былі толькі маленькія брэйкі на йогу. Філімонаў уважліва сачыў за сваім ментальным і фізічным здароўем, таму заўсёды выглядаў жвава, а ягоныя вочы ўсміхаліся навакольнаму свету нейкім зусім дзіцячым энтузіязмам.

Філімонаў любіў хуліганства. Для яго не існавала аўтарытэтаў ці ўмоўных канонаў. Ён мог адзначыць таленавітую працу, а мог назваць гаўно гаўном. І гэта было цалкам натуральна і інтэлігентна…

Сяргей любіў пачаставаць смачнай вячэрай, а пасля — травіць свае гісторыі пра ведзьмінскія рытуалы і чакры, пра псіхадэлічны рок і Кронэнберга, пра партыйнае выхаванне і Элеанору Язерскую — ну, ведаеце, як гэта бывае: гісторыя пачынаецца з берлінскага клуба KitKat, працягваецца спадчынай Фрэнка Заппы, а ў нейкі момант ты ўжо слухаеш захапляльную лекцыю пра Jefferson Airplane і іх уплыў на сучасную музыку. Потым Сяргей крэпка цісне табе руку, глядзіць прама ў вочы і знікае. І ты думаеш, ці то вы сапраўды сядзелі зараз у кавярні з тым-самым-Філімонавым-з-відзьмо-невідзьмо, ці то гэта проста быў твой вельмі асабісты трып.

У мяне ад Сяргея застаўся дыван. Круты дыван, дарэчы. І стос успамінаў і захапляльных размоў. У нас усіх ад Сяргея застаўся архіў «Відзьмо-невідзьмо» і тое самае «Вітаю, шаноўнае спадарства» як прыклад якаснага тэлебачання, як прыклад апантанай прагі да ведаў, як прыклад цудоўнай мовы, як прыклад выбітнага чалавечага жыцця. Дзякуй за ўсё, сябра!

«Яго на поўным сур’ёзе цкавалі за тое (2011 год на двары быў!), што ён «паказвае амерыканшчыну»

Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры:

— 27 год таму я пазнаёміўся з Сяргеем Філімонавым. «Love Is All Around». Гэтая песня гурта Wet Wet Wet у мяне асацыюецца акурат з ім. У той дзень я прыйшоў са школы, уключыў за абедам тэлевізар, і прыемны чалавек мяккім голасам прадставіў гэты душэўны твор. З таго часу, я імкнуўся не прапускаць праграму «Відзьмо-невідзьмо».

Дзякуючы ёй, асабліва ў даінтэрнэтную эпоху, можна было зразумець, што адбываецца ў цывілізаваным свеце. Не памылюся, калі скажу, што Сяргей сфармаваў густ цэлага пакалення беларусаў.

У гэтым беспрасвеце з «двума кусочечкамі калбаскі» ды іншага трэшака, што ліўся з экранаў і калонак шапікаў з касетамі, ён быў арыентырам. Дзякуючы яму я дазнаўся, напрыклад, пра існаванне Jethro Tull і Ніла Янга. А яшчэ пачуў наколькі прыгожай і сучаснай можа быць беларуская мова, на якой ён прадстаўляў навінкі сусветнага шоў-бізу.

Ужывую нас пазнаёміў Максім Жбанкоў, калі я ўжо вучыўся ва ўніверы, на пачатку 2000-х. Мы завіталі да Сяргея ў госці, ён хваліўся новымі дыскамі, якія яму даслалі з Еўропы, і мне падавалася, што гэта ўсё адбываецца не са мной.

У той жа вечар, пасля развітання, ён патэліў: «Будкін! Ты дома? Хутчэй уключай БТ». Я пабег да целека, думаючы, што прыйшоў апакаліпсіс, а там ішоў нейкі замежны фільм. А Сяргей з такім дзіцячым здзіўленнем кажа ў слухаўку: «Ну што? Бачыш? Яны паказваюць пірацкую копію!»....

...Мне пэўны час здавалася, што Сяргей наогул ніколі не выходзіць з дому, бо ў яго там быў свой свет, дзе было ўсё, што трэба для жыцця — касеты, дыскі, прайгравальнік, відак, комп. Ён праграму нават запісваў у сваім пакоі.

Памятаю момант, калі ўпершыню ўбачыў яго па-за домам. Ён папрасіў сустрэчы і сказаў, што па тэлефоне такія рэчы не абмяркоўваюць. Тады ўжо яго праграму перакінулі з БТ на СТВ, адсоўвалі на максімальна позні час і ўрэшце рэшт зарэзалі. Бо незразумелая была кіраўніцтву гэтая эстэтыка.  Яго на поўным сур’ёзе цкавалі за тое (2011 год на двары быў!), што ён «паказвае амерыканшчыну». Сяргей быў разгублены, але мы знайшлі выйсце.

Памятаю, тады патэлефанаваў спадарыні Зінаідзе Бандарэнцы, першай дыктарцы БТ, якая была тады ў назіральнай радзе «Бел***ту». І яна парупілася, каб праграма Сяргея працягвала выходзіць на гэтым канале.

Сяргей акрыяў. І яго праграма стала больш жывой. Мы нават размаўлялі пра тое, каб зрабіць у ёй беларускі блок. У той час Сяргей у прынцыпе глыбока пагрузіўся ў беларускі культурніцкі кантэкст. Памятаю, як мяне цешыла, што «Тузін» для яго стаў такім жа арыентырам, як для мяне было ў свой час «Відзьмо-Невідзьмо». І ён адкрыў для сябе такія беларускія гурты, якія ставіў у адзін шэраг са сваімі ўлюбёнымі сусветнымі, асабліва ён высока цаніў Relikt - Belarus. 

Ён з ахвотаю хадзіў на імпрэзы ў якасці гледача і з удзячнасцю прымаў запрашэнні правесці канцэрты і цырымоніі. Быў вядоўцам прэміі «Героі году», казаў прадмову на прэзентацыі Тузін.Немаўля — праекту, якому ён вельмі суперажываў і спрыяў усяляк яго рэалізацыі....

Нібы гэта было ўчора. Іду па бульвары Талбухіна, непадалёк ад якога жыве Сяргей, і набіраю яго нумар. «Вы дома?». — «Так, заходзьце», — адказвае ён.

Цяпер ужо не зайду.

Вечны супакой вам, Сяргею.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(36)