Политика

Сямён Печанко

Палiтолаг: «Выкарыстоўваць хай сабе і невялікія нішы. Яны ёсць пры любой сістэме, нават пры Сталіне былі»

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі разважае пра ініцыятыву штаба Віктара Бабарыкі і магчымыя наступствы расійска-украінскага канфлікту для Беларусі.

Фота belcollegium.by

— Наколькі дарэчна сёння выглядаюць заявы пра стварэнне палітычнай партыі? Ёсць меркаванні, што любая дзейнасць па стварэнні палітычных структураў толькі на карысць. Як і думкі пра тое, што ініцыятыва штаба Віктара Бабарыкі можа справакаваць раскол.

— Я тут трымаюся такой логікі: можна або нічога не рабіць, або нешта рабіць. Нешта рабіць можна альбо ў легальным полі, альбо ў нелегальным. Нелегальнае поле мае свае наступствы. Другая опцыя — выкарыстоўваць хай сабе і невялікія нішы. Яны ёсць пры любой сістэме, нават пры Сталіне былі.

Выкарыстанне такіх магчымасцяў для падтрымання пратэстнага настрою апраўданае. І стварэнне партыі — адзін з такіх метадаў. Каб нешта рабіць, каб працэс працякаў у легальным полі, і каб гэта давала шанец на падтрыманне і мабілізацыю пратэстнага настрою.

У такім плане для мяне гэта адназначна пазітыўны момант.

Калі казаць пра патэнцыял расколу, то яго выклікаць можа што заўгодна. Тут больш залежыць ад псіхалогіі і маральнай спеласці ўдзельнікаў працэсу. Можа паўстаць пяць новых партыяў, але яны выдатна будуць між сабой супрацоўнічаць.

А можа быць адна партыя, альбо выключна пратэстны рух. І пры гэтым будзе існаваць вялікі ўнутраны канфлікт. Калі раскол мае адбыцца ў пратэстным руху, то ён адбудзецца незалежна ад таго, будуць стварацца партыі ці не.

Але мяркуючы акурат па тым стылі, па культуры камунікацыі, якая суправаджае стварэнне новай партыі, трэба аддаць належнае камандзе Віктара Бабарыкі за тое, што робяць яны гэта вельмі тактоўна і даліктана, дэкларуючы гатоўнасць узаемадзейнічаць.

— Расія нарошчвае вайсковую прысутнасць на мяжы з Украінай. У прэсе загучалі перасцярогі пра чарговую «халодную вайну». Як магчымае абвастрэнне расійска-украінскага канфлікта можа паўплываць на Беларусь?

— У кароткатэрміновай перспектыве гэта кепская навіна для Беларусі, для дэмакратычнага пратэстнага руху. Бо Расія, маючы новую праблему з Украінай, будзе імкнуцца замарозіць статус-кво ў нашай краіне.

Яна будзе вымушаная захаваць падтрымку рэжыму Лукашэнкі, бо не будзе мець час на пошук альтэрнатывы яму. Альтэрнатыва больш часаёмкая, больш праблемная, нясе ў сабе няпэўнасці.

Другі момант — сама Украіна, якая да нядаўнага часу дэманстравала падтрымку дэмакратычнаму руху ў Беларусі, маючы перад сабой такую праблему, згубіць гэтую магчымасць.

Па-іншаму можа быць у доўгатэрміновай перспектыве. Мы не можам спрагназаваць вынікі гэтага канфлікту, але прымаючы тое, што ён можа моцна ўдарыць па рэпутацыі Расіі, аслабіць яе, прывесці да ўнутранага канфлікту, гэта можа пайсці на карысць Беларусі.

Зрэшты, пакуль у нас няма магчымасці спрагназаваць канечны вынік.