Палітолаг: Масква ня хоча ламаць Лукашэнку праз калена

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс тлумачыць на Радыё Свабода, чаму Лукашэнка падпісаў «саюзныя праграмы», прагназуе, ці адбудзецца канчатковае прызнаньне Крыму расейскім з боку менскага рэжыму, заяўляе, што мігранцкі крызіс выдыхаецца.

Фота kremlin.ru

— Многія аналітыкі даволі скептычна ацэньваюць зьмест «саюзных праграмаў», падпісаньне якіх адбылося 4 лістапада. Але варта ўзгадаць, што яшчэ ў 2019 годзе Лукашэнка даволі актыўна адбіваўся ад гэтых дакумэнтаў, якія тады называліся «дарожныя мапы». Аднак цяпер падпісаў іх, не праяўляючы ніякага (публічнага) супраціву ці нездавальненьня. Чаму?

— Па-першае, адзначу, што для мяне таксама падпісаныя дакумэнты не выглядаюць нейкай вяхой, хутчэй проста завяршэньнем чарговага этапу бюракратычнай працы. Падпісаны дакумэнт пра дзеяньні на 2021–23 гады. То бок пасьля трох гадоў працы падпісаная паперка, якая будзе дзейнічаць наступныя два гады — гэта нельга назваць прарывам.

Што тычыцца таго, чаму Лукашэнка тады, у 2019-м, адбіваўся, а цяпер падпісаў, — дык, я думаю, ён падпісаў тое, што яго задавальняе. Бо адпачатку гаворка ішла пра нейкія загадкавыя 30-ю і 31-ю «дарожныя мапы», вакол якіх і быў асноўны канфлікт. І, гледзячы па ўсім (бо мы тэксту дасюль ня бачылі), Лукашэнку ўдалося адстаяць тое, што для яго было прынцыповым. А не падпісваць увогуле ўжо проста было б зусім непрыстойна.

— Лукашэнка адбіўся стратэгічна — ці Масква ўсё ж далей будзе працягваць націск? Магчыма, у іншых формах і па іншых кірунках?

— Лукашэнка тры гады адбіваўся і купіў сабе яшчэ два гады. Можна палічыць гэта тактычным выйгрышам Лукашэнкі. На самой справе, гэта ягоны стыль — выйграць час сёньня, а потым паглядзім.

Усе разумеюць, што Масква наўрад ці да канца задаволіцца тым, што зараз падпісана. Мы ўжо бачым тую пікіроўку наконт «прызнаньня» Крыму, якая прагучала ў заявах беларускага дэпутата Савіных і прэсавага сакратара Пуціна Пяскова, што сардэчнай згоды не назіраецца. Яе няма і па іншых пытаньнях.

Але відавочна, што ў Масквы ёсьць пэўныя абмежаваньні. Яна ня хоча ламаць Лукашэнку праз калена, яна не гатовая дорага плаціць за жорсткае навязваньне Беларусі інтэграцыі. Бо Масква баіцца справакаваць новы этап палітычнага крызісу ў Беларусі, і таму паводзіць сябе выключна асьцярожна.

— Але і Лукашэнка меў нейкія патрабаваньні, на якіх цяпер ня толькі не настойвае, але нават і ня ўзгадвае пра іх. Тая ж кампэнсацыя за падатковы манэўр, ці гэтыя вечныя «роўныя ўмовы гаспадараньня», то бок аднолькавыя цэны на газ і нафту. Масква зноў на гэта не пагадзілася — ці можна гэта лічыць паразай Менску?

— Не, бо гэта пэўная гульня. Менск дабіваецца «роўных умоваў гаспадараньня» ўжо больш за 20 гадоў. Наўрад ці нехта ў Менску ўсур’ёз лічыць, што яму гэта прапануюць, што Лукашэнку прапануюць карыстацца ўсімі тымі дабротамі, якія даступныя расейскім уладам. Ніхто не чакаў, што Лукашэнку ўдасца дабіцца выкананьня гэтых патрабаваньняў.

Масква прыкладна ўяўляе, колькі яны гатовая плаціць зараз Лукашэнку за ляяльнасьць. Яна не зьбіраецца плаціць за гэта надта шмат, будзе плаціць ня больш, чым трэба, каб беларускі рэжым утрымліваўся на плаве.

— Даволі цікавая мізансцэна мела месца 4 лістапада вакол Крыму. Пуцін прыехаў у Севастопаль, менавіта адтуль удзельнічаў у паседжаньні, а Лукашэнка ў канцы разыграў сцэнку на тэму «Чаму ж вы мяне ў Крым не запрасілі?». Выглядае, што Масква ўсё больш настойвае, каб прызнаньне Крыму расейскім з боку Менску адбылося і дэ-юрэ. Чаму гэта так патрэбна Крамлю?

— А я ня вельмі перакананы ў тым, што Масква так зацята гэтага дабіваецца. Масква ня стала дабівацца ад Лукашэнкі прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, яна ад 2014 году мела нямала магчымасьцяў дабіцца прызнаньня Крыму ад Лукашэнкі.

Сёньня, у адрозьненьне ад 2014 году, гэтае прызнаньне ніяк ня можа паўплываць на дынаміку адносінаў Расеі зь іншымі дзяржавамі. Ніводная краіна постсавецкай прасторы, ніводзін саюзьнік Расеі не прызнаў анэксіі Крыму. І калі гэта зробіць Лукашэнка, гэта нічога ў глябальным пляне ня зьменіць. У двухбаковых адносінах нешта памяняецца, але ў вялікіх сталіцах гэта ніякай асаблівай рэакцыі ня выкліча.

— Але гэта радыкальна зьменіць адносіны Лукашэнкі з Украінай, адным з асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі.

— Гэта праўда. Але наколькі моцна зьменяцца гэтыя адносіны — цяжка сказаць. Яны радыкальна зьменяцца, калі, напрыклад, у паўднёвых раёнах Беларусі зьявяцца расейскія войскі.

Але гэты крок — ад прызнаньня Крыму расейскім дэ-факта, якое Лукашэнка зрабіў яшчэ ў сакавіку 2014 году і потым паўтараў неаднаразова, да прызнаньня юрыдычнага і міжнародна-прававога — наўрад ці што радыкальна зьменіць.

Рэч у тым, што Ўкраіне ў сваім падыходзе да Беларусі даводзіцца ўлічваць шмат чыньнікаў. Мы жывём у сьвеце, дзе Ўкраіне цяжка абыходзіцца безь беларускай электрычнасьці і беларускіх нафтапрадуктаў.

Украіна вядзе ваенныя дзеяньні з расейскімі фармаваньнямі на тэрыторыі Данбасу, але гандлёвыя адносіны з Расеяй у яе пры гэтым захоўваюцца.

Мы жывём у часе гібрыдных войнаў і гібрыдных адносінаў паміж дзяржавамі. Яснасьць у міжнародных адносінах зьнікла. Натуральна, што міжнародна-прававое прызнаньне Крыму расейскім з боку афіцыйнага Менску моцна ўскладніць адносіны паміж Менскам і Кіевам. Але нават гэта ня будзе азначаць поўнага разрыву паміж імі.

— Ёсьць і іншыя гібрыдныя апэрацыі, такія, як мігранцкі крызіс, арганізаваны рэжымам Лукашэнкі. Ці лічыце вы, што ён падыходзіць да свайго завяршэньня, ці дабіўся беларускі рэжым сваіх мэтаў? Або ён можа выдумаць нейкія новыя хады і варыянты гібрыдных дзеяньняў?

— У мігранцкім крызісе Лукашэнка дабіўся адваротнага ад таго, што ён задумваў. Бо ён мабілізаваў супраць сябе ня толькі памежныя Польшчу і Літву, але і брусэльскі апарат, і значную частку грамадзкай думкі ў шэрагу краінаў.

Цяпер ужо не 2015 год, Эўропа стамілася ад сытуацыі на сваіх межах, яна хоча гэтыя межы ўмацоўваць, яна хоча вырашаць праблемы міграцыі ўсур’ёз. Таму Эўропа не гатовая ісьці на дыскусію, ці зьяўляецца гэты крызіс на беларускай мяжы рэальным, ці створаным штучна.

Лукашэнка радыкальна пагоршыў стаўленьне Эўропы да сябе, як ён яго пагоршыў і пасьля пасадкі самалёта з Пратасевічам. Калі б гэтага не было, то не было б ані 4-га, ані 5-га пакета санкцыяў, і цяпер мы б вялі размову аб нармалізацыі адносінаў паміж Менскам і Брусэлем. У бліжэйшы час такой размовы ня будзе.

На сёньня, я думаю, мігранцкі крызіс ужо выдыхаецца. Бо каб яго разьдзьмуць, спатрэбіліся б нейкія надзвычайныя намаганьні Менску. Эўропа пачала працаваць з краінамі — крыніцамі міграцыі, лягістычныя працэсы ўскладняюцца.

Таму менскаму рэжыму тут хутка лавіць ня будзе чаго. Ён, канечне, упарты, і часам сваёй упартасьцю пераломвае эўрапейскі супраціў, і зь ім пачынаюць размаўляць. Але ў гэтым выпадку, мне падаецца, такога не адбудзецца.

Ці будуць нейкія іншыя спробы гібрыдных войнаў? Магчыма, так. Але Менск не валодае такой вагой і сілай, каб пагражаць эскаляцыяй гібрыднай вайны такому гіганту, як Эўразьвяз. Тым болей што ў гэтым пытаньні, як мне ўяўляецца, стопрацэнтнай падтрымкі Масквы няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(13)