Палітолаг: «Беларусь падтрымала вайсковую дыктатуру. Скажы, за каго ты, і я скажу, хто ты»

Валер Карбалевіч – пра самавыкрывальнае галасаванне ў ААН.

– Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, якая ў ААН прагаласавала супраць рэзалюцыі па М’янме, – нагадвае Валер Карбалевіч. – Тая рэзалюцыя асуджала дзяржаўны пераварот, учынены вайскоўцамі і заклікала да вяртаньня ўлады законнаму ўраду.

Гэты кейс цікавы не толькі абсалютнай і дэманстратыўнай адзінотай, у якой апынулася беларуская дыпляматыя. Не меньш дзівіць тое пазыцыянаваньне, зь якім яна выступае.

Галоўны ідэалягічны канструкт, які ужо год прапануюць беларускія ўлады, палягае ў тым, што у 2020 годзе яе апанэнты спрабавалі зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот супраць законнай улады. О’кей.

Калі кіравацца гэтай лёгікай, то афіцыйны Менск павінен быў бы і ў выпадку М’янмы выступіць у падтрымку законнай улады супраць гвалтоўнага дзяржаўнага перавароту. Аднак не. Усё з дакладнасьцю да наадварот.

У беларускіх уладаў іншая лёгіка. Рэзалюцыя патрабуе аднаўленьня дэмакратыі ў гэтай краіне. А вось гэта – вялізная крамола. Беларусь падтрымала вайсковую дыктатуру! Скажы, за каго ты, і я скажу, хто ты. Такога самавыкрывальнага кроку цяжка было штучна прыдумаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(67)