«Пакуль ёсць Беларусь – культура не можа знікнуць»
Музыка Андрусь Такінданг расказаў Budzma.org пра творчасць і ўмовы развіцця культуры ў Беларусі.
Лета 2020 года было натхняльным, і музыка была надзвычай запатрабаванай. Людзі азірнуліся, пачалі цікавіцца сваёй культурай — быў велізарны народны запыт.
Такія падзеі фармуюць нацыю, і беларусам спатрэбілася культура і музыка, якія былі б адпаведныя іх настрою, з якімі яны маглі б сябе атаясамліваць. Менавіта ў такія часы музыка павінна ісці за слухачом, як лічыць наш сённяшні герой, музыка Андрусь Такінданг.
— Давайце спачатку перанясёмся крыху раней за лета 2020 года і пагаворым аб тым, як праходзіла ваша творчая дзейнасць?
— Я граю на домры ўжо больш за 20-ць гадоў з рознымі гуртамі і складамі музыкаў, але больш удзельнічаў у музычных гуртах «Recha» і «Harotnica». За гэты час былі розныя перыяды: больш інтэнсіўных замежных гастроляў ці наадварот — вандровак па Беларусі і канцэртаў у мястэчках і вёсках.
Мы выступалі на радыё, у тым ліку дзяржаўных, бывалі на тэлебачанні. Звычайнае беларускае канцэртнае жыццё. Замежныя гастролі таксама былі рэгулярна: Літва, Польшча, Расія. Нават ездзілі выступаць на Байкал.
Я не скажу, што творчае жыццё было супер насычанае, але часцей мы ўздельнічалі ў імпрэзах, калі людзі запрашалі нас на вяселле, юбілеі, нейкія сямейныя святы. Гэта вельмі цікава, і заўсёды падабалася, і дагэтуль падабаецца мне больш за ўсё.
— Ці было такое, што ўлады якім-небудзь чынам спрабавалі кантраляваць вашу творчасць або блакаваць яе?
— Мы ніколі не былі ў чорных спісах як «NRM» або «Крамбамбуля». Але мы не такія папулярныя і сацыяльныя. Амаль усе нашы канцэрты — гэта прыватныя імпрэзы, калі людзі запрашалі нас на свае святы. На нейкіх дзяржаўных святах мы не гралі. Але перыядычна нас запрашалі на радыё, нават выступалі на Першым нацыянальным канале.
Справа ў тым, што большая частка нашых канцэртаў не была ніяк звязана з дзяржавай. Часта мы выступалі на імпрэзах, якія ладзілі прадстаўнікі трэцяга сектару, напрыклад, эколагі. Выступалі на байкерскіх фэстах, касцёльных канцэртах.
— Можна сказаць, што гэта быў спрыяльны час для росту і творчасцю вы маглі займацца свабодна?
— Магчымасці для росту апошняе дзесяцігоддзе нам адкрывае інтэрнэт: Instagram і YouTube. Таму неяк аглядвацца на дазволы ўлады не мае асаблівага сэнсу. У музыкаў з’явілася магчымасць запісваць больш якасную музыку ў хаце, можна рабіць анлайн-канцэрты ці прэзентацыю песні.
Гэта зараз аснова для росту. Як слухач я памятаю канец 1990-х гадоў, калі доля беларускай альтэрнатыўнай музыкі на дзяржаўным тэлебачанні была вельмі высокая.
Тады магчыма было спакойна глядзець кліпы такіх «радыкальных» гуртоў як «Нейро Дюбель», нейкіх эксперыментальных гуртоў — гэта ўсё спакойна паказвалі.
Гурт не мусіць быць асабліва залежным ад дзяржавы, калі ён не збіраецца граць рэальна вялікія канцэрты на «Мінск-арэне» ці «PrimeHall», дзе трэба падаваць гастрольку і рабіць білетны канцэрт.
Тады, зразумела, трэба звязвацца з дзяржавай, і яна ўжо вырашае, даваць табе гэтую гастрольку ці не. Мы гралі клубныя канцэрты, і клуб сам займаўся пытаннем квіткоў, то бок — арганізацыяй. Звычайна гэта ўсё пацвярджалася без праблем.
— Давайце тады падыдзем да падзей лета і восені 2020 года. Ваш гурт арыштавалі пасля дваравога канцэрта, што змянілася пасля гэтага?
— Так, тым летам мы ладзілі вулічныя канцэрты. Пасля аднаго з выступаў на «Каменай Горцы» нас затрымалі. Што было пасля адсідкі? Колькасць канцэртаў зменшылася па розных прычынах. Па-першае, гэта быў Сovid-19, не трэба пра яго забываць.
Я памятаю, як мы збіраліся рабіць гастролі па Беларусі, і яны адмяніліся менавіта з-за гэтага. Потым настала лета, і пасля затрыманняў людзі пачалі больш асцерагацца, быць больш пільнымі.
Сам настрой, вядома, уплывае. Ёсць час для спеваў, ёсць час для маўчання. Зараз, хіба што, не самы адпаведны час для музыкі. Хаця мы працягваем рабіць анлайн-канцэрты, нас па-ранейшаму запрашаюць на нейкія прыватныя імпрэзы.
Але зноўку, мы разумеем, што і на юбілеі, і на вяселлі можа здарыцца ўсё што заўгодна, зараз ніхто не застрахаваны. І самі слухачы гэта адчуваюць, таму колькасць канцэртаў зменшылася, і мы да гэтага ставімся з разуменнем.
Не ўсе часы пасуюць для музыкі. І ў такі час можна пісаць песні, ладзіць анлайн-канцэрты, рабіць замежныя гастролі, каб музыкам было мажліва працягваць развівацца і неяк існаваць.
Але цяпер я слаба магу ўявіць сабе канцэрт «Рэха» ў нейкім клубе. Але, можа, варта і паспрабаваць, паглядзець, што атрымаецца.
— То бок Вы гаворыце аб тым, што зараз, мабыць, няварта ладзіць нейкі «баль падчас чумы»?
— Тут такая справа, што я як музыка іду за слухачом. Калі ў краіне, умоўна кажучы, нейкія баявыя дзеянні, эмацыйна цяжкая сітуацыя, трагічна-гераічныя падзеі, пры гэтым шмат людзей церпяць у вязніцах, але людзі хочуць чуць музыку, каб мець натхненне, то я, вядома, тут знаходжуся ў якасці служкі, які з задавальненнем выконвае музычную паслугу. І гэта няважна, які зараз час — чума ці не чума, калі ёсць унутраны запыт народа.
А можа быць час дэпрэсіі, калі ёсць нейкая трывога, і музыка не гучыць. Ці наадварот — людзі раз’юшаныя, і ім зараз не да спеваў. Таму асабіста я — іду за слухачом.
— Як прайшоў час арышту, якія думкі былі ў той час?
— Асноўнай думкай было захаваць добры настрой насуперак нядобразычліўцам. Гэта была такая задача: калі так атрымалася, трэба не раскісаць, а наадварот — максімальна ствараць для сябе ўнутраную радасць.
Сапраўды гэта быў такі час, калі можна думаць, медытаваць, маліцца. У мяне былі цудоўныя сукамернікі, спачатку я сядзеў разам з музыкамі, пасля былі вучоныя, інжынеры, бізнесоўцы. Усе нашыя людзі. Канешне, былі бытавыя нязручнасці, але яны не такія жорсткія як цяпер, і кампанія была добрая.
На самой справе, гэтыя 15 сутак — такі маленькі нязначны эпізод у жыцці, пра якія я ўжо забыўся. Ён нічога не вырашае і нічога для мяне не значыць. Ёсць шмат людзей, якія сядзелі значна больш, і гэта нават не факт біяграфіі, а нейкі мізэрны перыяд у параўнанні з тым, што адбываецца цудоўнага і трагічнага вакол мяне.
Жыццё працягваецца далей, і ёсць больш значныя і цікавыя рэчы. Я ўжо адпусціў гэтую падзею: было і было.
— Вось гэты цяжкі час з трывожнасцю і неабходнасцю кожны раз думаць пра бяспеку, не выклікаў ён у вас творчы крызіс?
— Творчага крызісу няма, але ёсць агульнаграмадскі крызіс. Вядома, што пасля ўздыму ёсць час на нейкую развагу, перажыванне і роздум. Канцэрты, так ці іначай, ладзяцца, песні пішуцца, праекты робяцца.
Зараз асабліва востра я разумею, што абавязак музыкі, які можна добраахвотна на сябе ўскласці — не спыняцца. І гэта важна для кожнага чалавека — знайсці сваю сферу, у якой ён не апусціць рукі, не спыніцца і тым самым будзе ствараць Беларусь.
Як музыкант, як творца я пабачыў, якой можа быць Беларусь, якім можа быць нашае грамадства — для мяне гэта ўжо нешта, што я буду асэнсоўваць усё жыццё.
Перамога для мяне як для мастака адбылася ўжо даўно. І цяперашнія цяжкія трывожныя часы яшчэ больш падкрэсліваюць прыгажосць і значнасць лета 2020 года.
Я разумею, што я разважаю неяк эгаістычна, але гэта хутчэй выказванні мастака, а не грамадзяніна. Вядома, што адчуваецца трывога, стомленасць, вядома, што калі твае сябры сядзяць, ты перажываеш.
Шмат хто страціў здароўе, ёсць рэчы, якія немагчыма ўжо вярнуць — забітых людзей. Але тое, што я займеў як мастак — гэта перамога. Не мая асабістая, але гэтай перамогі хопіць на ўсё жыццё. Яна мяне грэе, яна заклікае далей да працы, гастроляў, нейкай дзейнасці, яна падтрымлівае.
— Як бягучыя дзеянні ўлады ўплываюць на сітуацыю з развіццём культуры ў Беларусі?
— Спачатку падзеі ў Беларусі справакавалі творчы выбух. Мы памятаем, колькі ўсяго новага з’явілася, як мабілізаваліся музыкі і ўсе творчыя людзі, як яны пачалі выказвацца. Сярод гэтага мноства створанага можна знайсці нешта вартае. Гэта вельмі крута!
Цяпер стан стагнацыі, які мы павінны прайсці і пражыць. Зараз няма спрыяльнага часу ні для эканомікі, ні для культуры, ні для музыкі. Адзінае, што мы можам рабіць — гэта назапашваць і рыхтаваць, не спыняцца.
Але агульная сітуацыя, канешне, не спрыяе росквіту культуры і мастацтва.
— Што павінна здарыцца, каб культура знікла?
— Пакуль ёсць Беларусь — культура не можа знікнуць. Гэта немагчыма! Так ці інакш будзе нешта існаваць. Стан неспрыяльны, каб культура развівалася — гэта так. Але гэта нармальна. Зараз адбываецца фармаванне нацыі.
Праз гэты боль, разуменне. Яшчэ раз нам Бог, гісторыя, жыццё паказалі ўрок пра таталітарызм, дабро і зло. Яшчэ раз мы вывучаем, як важна «людзьмі звацца».
— Вы лічыце, што гэта проста цыклічны віток гісторыі?
— Мне цяжка казаць за нейкія гістарычныя падзеі мінулага. Але на дадзены момант грамадства можа ўсвядоміць гэты ўрок. Не ведаю, ці маглі мы сто гадоў назад гэта зразумець і неяк падсумаваць.
А зараз мы ў стане гэта рабіць, і мы робім. Людзі разумеюць, што да чаго. І я спадзяюся, што гэты ўрок не будзе марны. Гэта важны этап у нашым фармаванні, у стварэнні нашай краіны, нашай Бацькаўшчыны.
Зразумела, гэта не самы зручны час для жыцця, і класна было б заснуць і прачнуцца праз пэўны час, калі ўжо ўсё адбылося, але мы самі ствараем нашу гісторыю тут і цяпер. Гэта цяжка, але гэта вельмі ганарова.
— Вы вырашылі застацца ў Беларусі, ёсць нейкія думкі пра тое, што гэта небяспечна?
— У мяне ёсць праекты, якія патрабуюць прысутнасці ў Беларусі. Таксама я спрабую ладзіць музычныя гастролі. Думкі пра бяспеку ёсць, але я не ведаю, які тут можа быць рэцэпт.
Я не ведаю, што можа быць далей, тут цяжка нешта загадваць — будзе як будзе, трэба прымаць рэчаіснасць і старацца прымаць слушныя і правільныя рашэнні. Але і не забываць пакідаць нейкі працэнт на тое, што ўсё будзе добра.
— То бок — гэта жыць сённяшнім днём і старацца пражыць яго максімальна добра?
— Так. Але да розуму трэба прыняць тое, што цяпер усе, хто застаўся ў Беларусі, мы ў ненармальным стане. Гэта трывога пастаянная, мы дрэнна спім — у кожнага праяўляецца па-свойму. І сапраўды, гэта такі час нейкай хваробы, калі твой арганізм змагаецца з вірусам. Нам трэба неяк перахварэць, а пасля, мабыць, нам давядзецца ўсім лячыцца (смяецца).
— Чытала ў адным з вашых ранейшых інтэрв’ю, што беларускі народ як нацыя яшчэ знаходзіцца ў дарозе. Вы лічыце, мы яшчэ ідзем, ці беларусы ўжо «дайшлі»?
— Мне здаецца так — «дайшлі». Вялікая колькасць людзей ужо здзейсніла свой пераход. Гэта фактычна нейкі біблейскі вобраз, калі народ абраны 40 гадоў ідзе па пустыні. Ідзе і ідзе, і падчас гэтага памірае пакаленне рабоў.
Шмат хто з маіх суайчыннікаў гэты пераход ужо здейсніў. І вялікая колькасць гэтую дарогу прайшла. Цяпер яны вымушаныя чакаць астатніх і чакаць спрыяльных умоваў.
Але я азіраюся навокал і разумею, што добрых і сфармаваных людзей большасць. Людзей, гатовых асэнсавана ўсведамляць сябе беларусамі, грамадзянамі, Людзьмі і радавацца гэтаму — іх шмат.
Яны «дайшлі» і чакаюць астатніх. Чакаюць у кавярнях, чакаюць бяссоннымі трывожнымі начамі, чакаюць ідучы на працу, чакаюць хаваючы свой тэлефон і блакуючы тэлеграм, чакаюць у турме, чакаюць у эміграцыі. Чакаюць, калі ўжо кожны дойдзе.
А дойдзе кожны, мы ўсе ўдзельнічаем і, магчыма, мая думка занадта ідэалістычная, але варта чакаць апошняга міліцыянера і суддзю. Таму што гэта ўсе нашыя людзі, і важна, каб яны таксама маглі звацца Людзьмі.
— У вас вельмі гуманістычны падыход, прыемна гэта чуць!
— Я разумею, што ён ідэалістычны і, мабыць, інфантыльны ў нейкім сэнсе. Але, паколькі я займаюся «культуркай», то маю права на такія думкі.
Шмат хто толькі ў 2020 годзе асэнсаваў сябе Чалавекам, шмат хто ішоў гэтай дарогай яшчэ з 1980-90-х гадоў. Нехта дагэтуль яшчэ не пачаў асэнсоўваць. Тут ёсць і вясёлыя і сумныя рэчы, што зробіш — такое жыццё!
Читайте еще
Избранное