Политика

Падзея, без якой Лукашэнка не мог бы перамагчы на першых прэзыдэнцкіх выбарах

30 гадоў таму, адбылася падзея, якой было наканавана самым істотным чынам паўплываць на хаду нацыянальнай гісторыі.

4 чэрвеня 1993 году Вярхоўны Савет зацьвердзіў «антыкарупцыйную камісію» і абраў яе старшыню. З гэтага прызначэньня пачаўся імклівы рух Лукашэнкі да пасады прэзыдэнта, піша Сяргей Навумчык у сваим блогу на Радыё Сва*бода.

«Нам дазволена ўсё»

Калі ў некалькіх фразах абмаляваць тагачасную сытуацыю з карупцыяй — гэта магчымасьці чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў выкарыстоўваць новыя эканамічныя магчымасьці для ўласнага ўзбагачэньня на фоне недасканаласьці заканадаўства. Тыя, хто меў доступ да разьмеркаваньня фінансаў альбо матэрыяльных рэсурсаў, стваралі прыватныя фірмы (звычайна запісаныя на жонку, дзяцей ці іншых членаў сям’і). Маючы доступ да банкаўскіх крэдытаў (банкі таксама засноўваліся блізкімі да ўлады асобамі), яны ўзбагачаліся з рэактыўнай хуткасьцю.

Асабліва даходным быў вываз на Захад нафты ды каляровых мэталяў. Дакладна ведаю выпадак, калі адзін з прадпрымальнікаў, прозьвішча якога потым будзе фігураваць у назовах вядомых аб’ектаў аднаго абласнога цэнтра, зрабіў «падарунак» у сто тысяч даляраў мясцоваму кіраўніку за ліцэнзію на рээкспарт нафты (у той час як адсутнасьць бэнзіну на беларускіх аўтазапраўках сам кіраўнік тлумачыў народу як вынік «разрыву эканамічных сувязяў з Расеяй»).

Працэс выбарачнага ўзбагачэньня меў красамоўнае візуальнае ўвасабленьне: вакол Менску і абласных цэнтраў вырасталі катэджы. Па сёньняшніх часах яны выглядаюць досыць сьціпла і вылучаюцца хіба што сваёй архітэктурнай безгустоўнасьцю, але тады, калі зьмена эканамічнай фармацыі суправаджалася рэзкім падзеньнем узроўню жыцьця, — успрымаліся нахабным выклікам іх гаспадароў народу: а вось мы можам, нам дазволена ўсё!

Тэма карупцыі пастаянна ўздымалася ў прэсе, пра гэта казалі ў выступах на сэсіі дэпутаты БНФ. Ды і прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці ўсё часьцей чулі ад выбаршчыкаў нараканьні на тое, як выкарыстоўваюцца дзяржаўныя сродкі. У студзені 1993-га Вярхоўны Савет прыняў рашэньне стварыць адмысловую часовую парлямэнцкую камісію, але непасрэдна да яе зацьвярджэньня справа дайшла толькі праз паўгады.

Марыніч адмаўляецца ад старшынёўства

Звычайна перад кадравымі прызначэньнямі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, распрацоўвалі тактыку дзеяньняў у розных варыянтах. Маючы толькі 1/10 частку дэпутацкага корпусу, разьлічваць на посьпех было складана. І ўсё ж часам нам удавалася калі не правесьці свайго кандыдата, дык дамагчыся таго, каб пасаду заняў чалавек хаця і з «кіроўнай абоймы», але не прарасейскі. Ці, хаця б, ня цалкам прарасейскі. У сярэдзіне 1993-га, калі арыентаваныя на Маскву паплечікі Кебіча пайшлі ў наступ, зрабіць гэта было значна складаней, чым, скажам, у канцы 1991-га.

У выпадку з антыкарупцыйнай камісіяй тактыка дэпутатаў БНФ была наступнай. Мы вылучаем у старшыні камісіі Сяргея Антончыка — аднаго зь лідэраў рабочага руху і арганізатара легендарнага красавіцкага страйку-91. Сяргей быў перакананым антыкамуністам — ягоны бацька быў вязьнем ГУЛАГу, правёў у няволі 17 гадоў.

Сяргей Антончык, красавік 1991

Натуральна, Антончык не набраў бы належнай колькасьці галасоў — але атрымаў бы магчымасьць выкласьці праграму барацьбы з карупцыяй.

Таксама мы ведалі, што ад імя камісіі па дзяржаўным будаўніцтве на пасаду старшыні будзе вылучаны дэпутат Міхаіл Марыніч — былы мэр Менску, першы намесьнік старшыні Дзяржкамітэту па зьнешнеэканамічных сувязях. Дэпутаты БНФ лічылі, што гэта цалкам прымальная кандыдатура, і зьбіраліся галасаваць і за Антончыка (які, паўтараю, ня меў шанцаў набраць галасоў), і за Марыніча (ён насьцярожана ўспрымаўся зацятымі праімпэрскімі дэпутатамі, бо ніколі не выступаў з крытыкай таго ж БНФ, яны б за яго маглі не галасаваць — і вось тут бы прыдаліся нашыя галасы).

Словам, ніякіх асаблівых сюрпрызаў пры абраньні камісіі і яе старшыні не прадбачылася.

Калі распачалі разгляд пытаньня аб пэрсанальным складзе камісіі, старшыня камісіі па дзяржбудаўніцтву Уладзімер Леўчык зачытаў праект пастановы Вярхоўнага Савета і пацьвердзіў, што старшёнём камісіі прапануецца абраць Міхаіла Марыніча.

Міхаіл Марыніч

Але Марыніч узяў слова і адмовіўся ад старшынёўства, спаслаўшыся на занятасьць і прапанаваўшы на гэтае месца дэпутата Яўгена Глушкевіча — у той момант супрацоўніка Кантрольнай палаты. Пазьней Марыніч тлумачыў (у тым ліку і сыну Паўлу) сваю адмову тым, што паводле спэцыяльнасьці ён — інжынэр-будаўнік, а ўзначальваць такую спэцыфічную камісію павінен чалавек зь юрыдычнай адукацыяй.

Думаю, гэта ня поўнае тлумачэньне. Марыніч адносіўся да той катэгорыі кіраўнікоў, вельмі рэдкай на высокіх дзяржаўна-гаспадарчых пасадах, якія спалучалі мэнэджарскія якасьці (праўда, тады такога вызначэньня ня ведалі — казалі пра «арганізатарскія здольнасьці») з інтэлігентнасьцю. Я б сказаў нават — з пэўнай мяккасьцю ў манеры паводзінаў.

Не ўяўляю, як такі чалавек мог быць на пасадзе кіраўніка сталічнага гарвыканкама, дзе, няцяжка здагадацца, трэба было часам і па сталу кулаком ударыць, і моцнае слова ўжыць. З кіраўнікоў-«гаспадарнікаў» высокага ўзроўню, якія валодалі сукупнасьцю такіх якасьцяў, магу прыгадаць яшчэ намесьніка старшыні Дзяржпляну Рыгора Вячорку ды, бадай, старшыню Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Кулакова.

Мяркую, Марыніч уявіў, з чым, зь якім брудам, зь якімі інтрыгамі давядзецца сутыкнуцца — і, што па-чалавечы зразумела, вырашыў за лепшае адмовіцца.

Сэсія Незалежнасьці, 24 жніўня 1991. Зьлева Сяргей Навумчык, справа Яўген Глушкевіч. Фота Радыё Св*бода

Прапанаваны ім Яўген Глушкевіч быў камсамольскім, затым партыйным работнікам, але ў жніўні 1991-га падтрымаў Апазыцыю БНФ і таму атрымаў бы галасы дэмакратычных дэпутатаў (не ўпэўнены, што ўсіх былых сваіх калег па партыі — яны «перабежчыкаў» ня вельмі шанавалі). Але шанцы ў Глушкевіча былі. Але ні да Глушкевіча, ні да Антончыка справа не дайшла.

«Так мне хацелася, каб Лукашэнка быў вялікім начальнікам...»

Да мікрафону падышоў дэпутат Анатоль Лябедзька і ў завяршэньне свайго выступу сказаў, цытую стэнаграму:

«Я хацеў бы прапанаваць таксама канкрэтную кандыдатуру ── гэта дэпутат Лукашэнка. І менавіта, каб ён узначаліў гэту камісію».

«Вельмі добрая прапанова» — сказаў Станіслаў Шушкевіч і прыступіў да працэдуры галасаваньня.

Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч у Авальнай залі, пачатак 1990-х. Фота Ул. Сапагова, Радыё Св*бода

Што адбылося ў той момант, калі разглядаць падзеі з пункту гледжаньня парлямэнцкай працэдуры? Пры абраньні старшыняў камісій (у тым ліку і часовых) існаваў такі парадак: дэпутаты вылучалі кандыдатуры, сьпікер «падводзіў рысу» пад вылучэньнем, прэтэндэнты выступалі са сваім бачаньнем працы камісіі, затым адбывалася абмеркаваньне, і толькі потым ішло галасаваньне па кандыдатурах.

Канешне, магло быць і так, што вылучалася толькі адна кандыдатура, і што ў дэпутатаў не было пытаньняў да прэтэндэнтаў.

Увогуле, Шушкевіч даволі вольна трактаваў рэглямэнт. Ён мог адключыць дэпутату мікрафон, спаслаўшыся на тое, што прамоўца перавысіў адведзены яму час. Але мог і не спыняць ці нават даць слова па-за чаргой. Дэпутаты Апазыцыі БНФ (і пра гэта сьведчаць стэнаграмы сэсіі) усё часьцей папракалі Шушкевіча тым, што ён выкарыстоўвае паўнамоцтвы сьпікера на карысьць пракамуністычнай большасьці.

У той дзень, літаральна за некалькі хвілінаў да разгляду пытаньня пра антыкарупцыйную камісію, Шушкевіч «паставіў на месца» дэпутата БНФ Лявонція Зданевіча, які рабіў запыт да старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча адносна таго, колькі каштуе бюджэту датаваньне аграпрамысловага комплексу, які фактычна захаваў свой нерэнтабэльны калгасна-саўнасны характар. Шушкевіч нагадаў, што існуе пэўная, вызначаная па часе працэдура адказу на запыт, і з фармальнага гледзішча меў рацыю.

Аднак пры вылучэньні старшыні антыкарупцыйнай камісіі адбылося нечаканае. Ухваліўшы прапанову Анатоля Лябедзькі аб вылучэньні старшынём камісіі Аляксандра Лукашэнкі, сьпікер адразу паставіў яе на галасаваньне. Хаця, нават абмінуўшы працэдуру завяршэньня вылучэньня кандыдатураў і іх абмеркаваньне (мы нават не атрымалі магчымасьці вылучыць у старшыні Антончыка, Валянцін Голубеў пасьпеў толькі вылучыць яго ў камісію), Шушкевіч мусіў бы, як гэта звычайна рабілася да гэтага дня і пасьля яго, ставіць галасаваць кандыдатуры паводле чарговасьці. У дадзеным выпадку — спачатку Глушкевіча, і толькі потым Лукашэнку.

Ізноў стэнаграма:

Шушкевіч: «Давайце Лукашэнку кіраўніком... (Шум у зале). Вы мне прабачце, ну так мне хацелася, каб ён быў вялікім начальнікам, Лукашэнка... (Шум у зале). І я па парадку прагаласую. Хто за тое, каб старшынёй камісіі быў народны дэпутат Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся?».

Лукашэнка атрымаў 198 галасоў пры патрэбных 174 і быў абраны старшынём камісіі.

Дэпутат Аляксандар Лукашэнка ў Авальнай залі. Фота Ул. Сапагова

«Народны абаронца»

Дзейнасьць гэтай камісіі і Лукашэнкі на пасадзе яе старшыні — асобная тэма, прадмет адмысловага вывучэньня.

Чытачам, аднак, будзе цікава, што адразу ж пасьля свайго абраньня Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва апарату Вярхоўнага Савета забесьпячэньня на тым узроўні (ня меней), які быў у кіраўнікоў пастаянных парлямэнцкіх камісій — асобнага кабінэту з тэлефонамі ўрадавай сувязі, пэрсанальнага аўтамабіля, лепшага нумару ў гатэлі.

Да элемэнтаў статусу ці, як тады казалі, прэстыжу, новаабраны старшыня камісіі па карупцыі ставіўся надзвычай даткліва.

Тоё-сёе ён атрымаў, а з памяшканьнем дык увогуле пашанцавала: ён усяліўся ў самы «галоўны» кабінэт Дому ўраду, які дзесяцігодзьдзямі займалі кіраўнікі Вярхоўнага Савета (апошнім гаспадаром быў Шушкевіч, да таго як пераехаў у будынак колішняга ЦК КПБ).

Знакаміты даклад, зь якім Лукашэнка выступіў у сьнежні 1993-га перад Вярхоўным Саветам, пісалі яму супрацоўнікі ўрадавай газэты «Советская Белроуссия» сумесна з супрацоўнікамі апарату Савета міністраў — як потым высьветлілася, па асабістым распараджэньні Вячаслава Кебіча, які імкнуўся скарыстаць Лукашэнку як таран супраць Станіслава Шушкевіча. Зразумела, што ні сам Кебіч, ні ягонае бліжэйшае атачэньне ў дакладзе закранутыя не былі.

Канешне, найбольш публіка жадала пачуць пра «самага галоўнага» чалавека ў дзяржаве – пра Станіслава Шушкевіча. Тым больш што ў сваіх папярэдніх інтэрвію, падаграваючы цікаўнасьць, Лукашэнка абяцаў «бомбу».

І абвінавачваньне ў бок Шушкевіча прагучала: дачу сваю ён рамантаваў сіламі будаўнічага ўпраўленьня Саўміну, ды яшчэ нібыта і не даплаціў.

Публіка была задаволеная. Публіку нават не цікавіла, што сума, якую Шушкевіч нібыта «не даплаціў», складае кошт скрыні цьвікоў.

Дарэчы, як потым казаў Шушкевіч, зьвярнуцца да рамонтнага ўпраўленьня Саўміну яму параіў Кебіч – і потым «здаў» яго Лукашэнку.

Насамрэч, калі Шушкевічу і можна было прад'явіць прэтэнзіі, дык толькі ў тым, што ўпраўленьне Саўміну рабіла ня ўвесь рамонт, а выканала толькі частку працаў, астатняе Шушкевіч рабіў сам разам зь сябрамі. Безумоўна, што рамонт на дачы кіраўніка дзяржавы мусіў рабіцца ад пачатку да канца дзяржаўнай структурай, пад пільным наглядам спэцслужбаў – бо любая выведка сьвету дорага б дала, каб закласьці пару-тройку «жучкоў0» для праслухоўваньня памяшканьня кіраўніка ядзернай краіны.

Потым высьветлілася, што Лукашэнка схлусіў: Шушкевіч разьлічыўся за ўсё да апошняй капейкі.

Выступ Лукашэнкі трансьляваўся ў прамым эфіры па тэлебачаньні і па радыё, яго глядзела і слухала, без перабольшваньня, уся Беларусь. Літаральна за некалькі гадзінаў ён атрымаў імідж народнага абаронцы, і празь некалькі месяцаў, калі Лукашэнка пойдзе супраць Кебіча, падкантольныя прэм’еру СМі паспрабуюць разбурыць гэты вобраз, ім ужо ня ўдасца гэта зрабіць.

Як пазьней выявіць праверка пракуратуры і Кантрольнай палаты, абсалютная большасьць «абвінавачваньняў», якія прагучалі з вуснаў Лукашэнкі, не пацьвярдзіліся. Але вынікі тых праверак сталі вядомыя праз некалькі тыдняў, і, хаця яны таксама будуць абвешчаныя на сэсіі Вярхоўнага Савету, але не ў прамой трансьляцыі, даведаецца пра іх няшмат людзей, і гэта ўжо ніяк не паўплывае на вобраз «народнага абаронцы», замацаваны ў народнай сьвядомасьці.

Шлях да дʼябла

Пасьля выступу Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце 14-15 сьнежня 1993 году пазьбегнуць ягонага абраньня на пасаду прэзыдэнта можна было толькі пры адной умове. І такая магчымасьць у Вярхоўнага Савета рэальна існавала.

Да лета 1993-га ў сваім стаўленьні да незалежнасьці Беларусі Лукашэнка ня вельмі адрозьніваўся ад «пракебічаўскай» большасьці дэпутатаў — як і ў іх, у ягоных прамовах гучалі словы настальгіі па Савецкім Саюзе. Прыхільнікам умацаваньня незалежнасьці ён ня быў, але і сказаць, каб выступаў з патрабаваньнем ліквідаваць краіну як сувэрэнную дзяржаву, нельга.

Літаральна праз месяц пасьля абраньня старшынём антыкарупцыйнай камісіі Лукашэнка пакінуў далёка ззаду самых артадаксальных дэпутатаў-вэтэранаў, якія цкавалі Шушкевіча і БНФ за «развал Союза».

У жніўні 1993-га Лукашэнка даў інтэрвію маскоўскай газэце «Правда» (той самай, заснаванай яшчэ Леніным) з патрабаваньнем «возродить» СССР хаця б спачатку ў форме аб’яднаньня Беларусі і Расеі, і нават правёў у Маскве перамовы з дэпутатамі Вярхоўнага Савета РФ.

Нарэшце, 13 верасьня сваім праімпэрскім, антынезалежніцкім выступам Лукашэнка выклікаў фурор на арганізаваным у Менску супрацоўнікам апарату Саўміну і лідэрам мясцовых «жырыноўцаў» Сяргеем Гайдукевічам «Кангрэсе народаў Беларусі». Менавіта там прагучала фраза Лукашэнкі, якая пазьней зрабілася знакамітай: «Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею».

«На нашай зямлі быў зьнішчаны вялікі Савецкі Саюз. Адсюль, менавіта адсюль павінен пайсьці рух па стварэньні новай вялікай дзяржавы» — заявіў Лукашэнка.

Праімперскім памкненьням Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў быў прысьвечаны артыкул Васіля Быкава ў «Народнай газэце». Загаловак быў красамоўны: «Каб захаваць уладу, яны здольныя аб’яднацца хоць з самім д’яблам».

Фрагмэнт артыкулу Васіля Быкава ў газэце «Народная газэта», 1993

А Апазыцыя БНФ выступіла з палітычнай заявай, у якой, сярод іншага, запатрабавала пазбавіць Аляксандра Лукашэнку дэпутацкіх паўнамоцтваў за выступ супраць незалежнасьці Беларусі і паставіць пытаньне перад Генэральным пракурорам аб расьсьледаваньні дзеяньняў, «накіраваных на ліквідацыю незалежнасьці і дзяржаўнасьці Беларусі».

Пазьней некаторыя камэнтатары будуць казаць, што нібыта дэпутаты Вярхоўнага Савета «прагледзелі» Лукашэнку. Гэта ня так. Ня ўсе падтрымлівалі праімперскія крокі Лукашэнкі ці ставіліся да іх як да ня вартых увагі.

Гісторыя патрабуе канкрэтнасьці, і таму пералічу тых, чые подпісы стаялі пад заявай: Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Навумчык, Галіна Сямдзянава, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Віктар Алампіеў, Сяргей Антончык, Уладзімер Новік, Юры Беленькі, Лявонці Зданевіч, Ігар Пырх, Леанід Тарасенка, Віталь Малашка, Ігар Гермянчук, Лявон Дзейка, Іван Герасюк, Алесь Шут, Павал Холад, Яўген Цумараў, Васіль Даўгалёў.

Калі б большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савета прыслухалася да патрабаваньня сваіх калегаў і зрабіла тое, што мусіў зрабіць парлямэнт незалежнай дзяржавы і на сэсіі, якая пачалася ў лістападзе 1993-га, прынялі адпаведнае рашэньне (а прапанова дэпутатаў БНФ не была нават уключаная ў парадак дня) — Лукашэнка быў бы пазбаўлены дэпутацкага мандату, і не было б ніякага «антыкарупцыйнага» выступу.

І гісторыя Беларусі і лёсы мільёнаў людзей маглі б скласьціся інакш.