Политика

“Падзел адбыўся не па палітычных матывах, а паводле асабістых”

Новы старшыня Партыі БНФ адказаў на пытаньні карэспандэнтаў “Нашай нівы” ды Радыё Свабода. Лявон Баршчэўскі распавёў, навошта вылучаў сваю кандыдатуру, калі сыдзе з пасады, на якую толькі што абраўся, і што партыя зьбіраецца рабіць у звязку з хуткім прыездам Пуціна.

-- Лявон, як у вас увогуле нарадзілася ідэя вылучыць сябе ў Старшыні БНФ? Няўжо гэта на самой справе было ўсё настолькі спантанна?

-- Сытуацыя склалася такая, што Вінцук Вячорка, безумоўна, мог бы выйграць і выйграў бы выбары, але выйграў бы вельмі малой перавагай. Што дало б ягоным апанэнтам магчымасьць гаварыць – “бачыце, мы пароўну набралі, і наша пазыцыя настолькі ж моцная, чаму мы павінны слухацца Вячорку?”

Гэта псыхалягічны момант, які мог дэзарганізаваць работу ў Фронце надалей. У такой сытуацыі, калі падзел палова на палову, -- вельмі цяжка прымаць і выконваць нейкія рашэньні.

Тое, што павінен быў выйграць чалавек з вялікай перавагай, набраць шмат галасоў – у пэўнай ступені здымае гэтае пытаньне. Такім чалавекам мог стаць Валянцін Голубеў, але ён прыехаў толькі на другі дзень.

Іншай кандыдатурай мог стаць я, і я гэта адчуваў. І каб не дапусьціць адчуваньня расколу – не самога расколу – то я прапанаваў сябе. Я плянаваў зьняцца на карысьць Вячоркі, але спадар Міхалевіч сказаў, што мая кандыдатура яго задавальняе, то тут ужо выбару не было, трэба было пагаджацца.

-- Пракамэнтуйце, калі ласка, сытуацыю з намесьнікамі старшыні, у прыватнасьці закіды пра тое, што Вы прапанавалі дэлегатам зьезду «старую гвардыю».

-- Калі адбылася нарада ў кулюарах, мая прапанова была агучаная, і спадар Міхалевіч зь ёй пагадзіўся, што сьпіс намесьнікаў аказаўся безь яго. Таму потым для мяне было нечаканасьцю тое, што яго вылучылі, а ён не адмовіўся. Тым больш, што ім пісьмовае пагадненьне было падпісанае, што ён не прэтэндуе, калі будзе выбраны іншы намесьнік.

Таму я не парушыў кампрамісу, парушэньне было з таго боку. Але гэта ня значыць, што сп. Міхалевіч, калі яго не абяруць, ня зможа праявіць сябе. Ён атрымае вельмі важны ўчастак рэгіянальнай дзейнасьці, і калі ён праявіць сябе, як партыйны дзеяч у рэгіёне, то ён безумоўна будзе мець больш шанцаў выйграць на наступных выбарах і стаць старшынём партыі.

Сёньня ён меў шанцаў многа, але не да канца, бо працаваў на дзьве структуры.

-- Якой будзе праца з рэгіёнамі? Партыйныя лідэры на раённым узроўні наракаюць, што ня маюць падтрымкі з цэнтру і праз гэта ня могуць займацца палітыкай прафэсійна.

-- Я падтрымліваю — палітыка павінна быць прафэсіяй. І тое, што абяцаў сп. Міхалевіч, я дам яму ўсе паўнамоцтвы, свой подпіс і імя, калі ён дапаможа вырашыць гэтыя пытаньні матэрыяльныя. Я яго ў гэтым глыбока падтрымаю.

Я толькі вось сумняваюся — была перадвыбарчая кампанія, а ёсьць рэальнасьць, іншая. І трэба адрозьніваць склад зьезду і склад рэгіянальных структураў.

На жаль, некаторыя людзі працавалі не з рэгіянальнымі структурамі перад зьездам, а працавалі з канкрэтнымі яго дэлегатамі, канкрэтнае нешта ім абяцалі, а структурам ад гэтага можа нічога не дастацца. Вось так не павінна быць. Калі нешта трапляе ў рэгіёны, то яно і павінна патрапіць у рэгіёне, а ня пэўнай асобе.

-- Многія зараз адзначаюць, што вы апошнія гады актыўна не займаліся палітыкай, хаця я адзначу, што вы ў момант абраньня былі сябрам Сойму БНФ. Ці ня цяжка вам будзе вяртацца да палітычнай дзейнасьці, ці не страцілі вы “палітычны інструмэнтарый” для гэтай дзейнасьці?

-- Так, безумоўна -- і цяжка вяртацца, і страціў шмат чаго. Тут у мяне спадзяваньні на тое, што каманда, якая кіравала, захавала свае пазыцыі і свой аўтарытэт у Фронце (а ня толькі сярод дэлегатаў зьезду).

На першых парах мае намесьнікі дапамогуць мне вярнуцца туды, ад чаго я адышоў у той ступені, у якой гэта будзе патрэбна. Мне ня трэба брацца за ўсе. Мне трэба кантраляваць, як курыруюць кірункі намесьнікі, як працуе Ўправа. У гэтым пляне мне лягчэй як упраўленцу.

-- Гэты зьезд прадэманстраваў даволі глыбокі падзел у Фронце па шэрагу пытаньняў. Як вы зьбіраецеся яго пераадольваць? Ці не лічыце вы гэта галоўнай задачай свайго абраньня?

-- Падзел, на жаль, адбыўся хутчэй сярод дэлегатаў. У фронтаўскіх структурах такога падзелу няма.

Я думаю, што мы, давёўшы інфармацыю, папрацаваўшы з нізавымі структурамі, дакажам, што падзел адбываўся не па нейкіх палітычных матывах, а паводле асабістых. І нам удасца далейшага падзелу пазьбегнуць – у гэтым я бачу сваю функцыю. А тыя людзі. якія робяць сьвядомы палітычны выбар на карысьць іншых структураў, рана ці позна павінны адыйсьці з Партыі БНФ.

-- Падчас зьезду з вуснаў многіх дэлегатаў гучала, што патрэбныя перамены. Ці адчуваеце вы гэты настрой і на якія перамены вы гатовыя паабяцаць і правесьці?

-- Перамены заўсёды патрэбныя, але яны не павінны быць “перамены дзеля перамен”. Я лічу, што тыя людзі (іх ня так і шмат), якія адказна і актыўна працуюць у палітыцы, якія рабілі справу – яны рабілі яе як маглі. І іх абвінавачваць у тым, што чаму, маўляў, БНФ не захапіў уладу – гэта няправільна.

Мы партыя ідэі, і наша галоўная задача – заставацца на ідэйнай аснове. Фармуляваць ідэю і спрыяць яе выкананьню.

-- На зьезьдзе вы сказалі, што яшчэ ня ведаеце, як сказаць жонцы пра сваё абраньне. Паведамілі ўжо?

-- Паведаміў, але, натуральна, ухваленьня я не дачакаўся. Размова была вельмі кароткая – і я быў заняты, і яна была ў кінатэатры з дачкой. Але калі я ўзяўся за гэты воз, то да наступнага зьезду буду яго цягнуць.

-- Вы сапраўды сказалі на зьезьдзе, што прыйшлі толькі на адзін тэрмін. Вы можаце зараз урачыста пацьвердзіць гэта?

-- Калі сытуацыя аздаровіцца ў Фронце, і будзе забясьпечаная сапраўдная пераемнасьць, гэты тэрмін можа нават скараціцца. Галоўнае – падрыхтаваць усю гэтую сытуацыю.

-- Што мае рабіць партыя ў зьвязку з хуткім прыездам у Беларусь Уладзімера Пуціна?

-- Віктар Івашкевіч ужо агучыў прапанову сабрацца 12 сьнежня ў 18 гадзінаў на Кастрычніцкай плошчы для высьвятленьня гэтай сытуацыі і дэманстрацыі нашай пазыцыі. Я спадзяюся, што дэлегаты зьезду, прынамсі, ды іншыя падтрымаюць і прыйдуць у гэты час. Гэта будзе першы крок. Пра астатняе будзем думаць, зьбірацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)