Политика
Анджэй Пачобут, "Gazetа Wyborczа"

Пад замком у Лукашэнкі

У пастарунку малады афіцэр адразу пазнае мяне і пытаецца: — Што, пан Пачобут, ізноў да нас? У нас тут зараз амаль гатэль. Спадзяюся, вам спадабаецца.

— А мы вас чакалі, спадары, — звяртаецца да іх Яськевіч.

— ???

— Вы ж сёння арыштоўваеце палякаў па ўсёй Беларусі.

У суботу мела адбыцца паседжанне найвышэйшай рады СПБ. Ужо з абеду ў пятніцу мы атрымлівалі сігналы пра цкаванне і затрыманні сябраў найвышэйшай рады. Цэлы дзень я правёў на тэлефоне, збіраючы інфармацыю пра затрыманні. Мазыр, Браслаў, Брэст, Мінск, Баранавічы, Навагрудак — паўсюль пагрозы, выклікі на допыт, затрыманні.

Улада вельмі дбае пра гадавіны. Вось і гэтым разам яны прыдумалі, што ў першую гадавіну "ваўкавыскага з'езду", на якім фактычна адбыўся захоп СПБ стаўленнікамі рэжыму, старшыня прарэжымнай арганізацыі Юзэф Лучнік зробіць свята на Аўгустоўскім канале. Паседжанне нашай рады яны ўспрынялі як пагрозу — можа яны думалі, што мы плянуем акцыі пратэсту?

Нас з Яськевічам дастаўляюць у спецпрыёмнік кастрычніцкага РАУС г. Гродна. У пастарунку малады афіцэр адразу пазнае мяне і пытаецца: — Што, пан Пачобут, ізноў да нас? У нас тут зараз амаль гатэль. Спадзяюся, вам спадабаецца.

Спецпрыёмнік урачыста адкрылі тры месяцы таму, а ў прэсе пісалі пра ложакі ў камерах, суперхарчаванне і штодзённыя шпацыры на свежым паветры. Аднак ложакаў няма і па-ранейшаму ўсе спяць на нарах. Клетка для шпацыраў не даробленая, таму шпацыраў таксама няма. Ежу ж як і раней гатуюць у вядомым бары "Адпачынак" — улюбёным месцы гарадзенскіх пьяніцаў. Затое ў кожнай камеры ёсьць відэа-камера.

Суд пачаўся ў панядзелак. Мяне абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Падчас святкавання Дня Войска Польскага мы складалі кветкі на вайсковых могілках у Гродне. Невядомы аператар здымаў нашых актывістаў, таму я папрасіў яго паказаць пасведчанне, а калі ён адмовіўся, я закрыў яму аб'ектыў рукой. Мяне абвінавацілі ў тым, што я чапаў аператара, абражаў яго, спрабаваў вырваць у яго камеру з рук.

Сёння ўжо цяжка адрозніць камеру беларускага тэлебачання ад аператыўнай камеры КДБ, тым больш, што інструкцыі як і што здымаць падчас так званых канфліктных сітуацыяў тэлівізійныя журналісты атрымліваюць менавіта з КДБ.

Так было і 15 жніўня, калі КДБ чарговым разам выкарыстала паслугі "журналістаў". Адзін з іх — Уладзімір Лобан — з'явіўся на могілках у таварыстве невядомага аператара і хоць ён быў 30 метраў ад нас, на судзе ён сведчыў, што я штурхаў яго і абражаў.

На нашую карысць сведчыла 19 чалавек, сярод якіх актывістка СПБ Станіслава Пузына. Трэба было бачыць твар суддзі Зінаіды Барцэвіч, калі спадарыня Пузына сказала, што яна працуе ва Упраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкаму.

Цяжка сказаць, што мела вырашальны ўплыў на рашэнне: рашучая рэакцыя МЗС Польшчы, прысутнасць на працэсе консула Зофіі Шмыд ці сведчанні спадарыні Пузыны, якая можа праз гэта згубіць працу. Мячыслаў Яськевіч быў прызнаны невіноўным, а я атрымаў дзесяць дзён арышту.

— Ты быў галоўны, — патлумачыў пасля суду мой канваір.

Мяне завезлі назад у камеру нумар 13, дзе разам са мной сядзеў малады літовец, грамадзянін Беларусі. Пастарунак гэта не тое месца, каб шмат казаць — акрамя відэа-камеры трэба памятаць пра мажлівы падслух, таму я не размаўляў пра СПБ. Я апавядаў сукамерніку пра злоўжыванні гарадзенскіх ўладаў, якія мне давялося апісваць як журналісту.

У камеры цябе будзяць а 6.00, потым снеданне, у 14.00 гарбата, у 17.00 вячэра. Мой сукамернік спрабаваў выцягнуць ад ахоўнікаў хоць што-небудзь, але яны не далі яму ні цыгарэт, ні асадкі, ні газетаў у сувязі з чым ён вырашыў, што ва ўсім вінавата ягонае знаходжанне ў камеры разам са мной.

Большасць сталых наведвальнікаў спецпрыёмніка гэта пьяніцы, альбо людзі, ў якіх жонкі вырашаюць сямейныя праблемы пры дапамозе міліцыі. Калі такі чалавек добра сябе паводзіць, тады міліцыянты робяцца паблажлівыя, на прыклад могуць пачаставаць цыгарэтай. Палітычны вязень гэта асобны выпадак — дапаможаш яму ў нечым і можаш згубіць працу.

— Пасля выхаду вы распавядаеце пра ўсё ў інтэрвью, а мы маем праз гэта праблемы, — скардзіўся мне ахоўнік.

28 жніўня — паўгадзіны перад заканчэннем тэрміну пакарання — мяне выводзяць на падворак. — Мы падвязем цябе дамоў, — кажа мне міліцыянт. Гэта значыцца, што пад спецпрыёмнікам мяне сустракаюць сябры, таму я адмаўляюся ад прапановы. Мяне вяртаюць у камеру, каб праз паўгадзіны выпусціць на волю: я выхожу праз галоўны выхад, дзе мяне сустракае жонка з дачкой, журналісты, сябры з СПБ. Я даведваюся, што старшыні СПБ Анжэліцы Борыс нарэшце выдалі пашпарт і яна зможа паехаць у Польшчу. Гэта значыць — мы перамаглі.

Пераклад baj.ru

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)