Общество

Па працягласці жыцця Беларусь адстала ад усіх краін Еўрасаюза

На выхадзе з СССР Беларусь па працягласці жыцця значна апярэджвала Эстонію, Румынію і Латвію і была на адным узроўні з Польшчай, Літвой і Балгарыяй. Цяпер яна адстае ад усіх іх, піша Наша Ніва.

Пасля развалу СССР і савецкага блока Польшча, краіны Балтыі і Усходняй Еўропы ўзялі курс на інтэграцыю ў Еўрапейскі саюз, тады як Беларусь — на Расію.

Прайшло 30 гадоў, і вынікі выбару палітычнага і эканамічнага курсу можна ацаніць не толькі па эканамічных паказчыках, памеры заробкаў, але і па ўплыве на такі кансерватыўны індыкатар, як працягласць жыцця.

Як і ў 1989—1991 гадах, па працягласці жыцця Беларусь апярэджвае Расію, Украіну і Малдову, а вось ад краін Еўрапейскага саюза мы істотна адсталі.

На выхадзе з СССР Беларусь па працягласці жыцця значна, на 1—2 гады, апярэджвала Эстонію, Румынію і Латвію і была на адным узроўні з Польшчай, Літвой і Балгарыяй. Цяпер яна адстае ад усіх іх, прычым ад Польшчы і Эстоніі — на 3—5 гадоў.

У 1989 годзе, калі пачаўся распад савецкай сістэмы, у Беларусі сярэдняя працягласць жыцця складала 71,5 года, у Расіі — 69,2 года, у Польшчы — 71 год, у Літве — 71,4 года, у Латвіі — 70,2 года, у Эстоніі — 70 гадоў, у Румыніі — 69,5 года.

У 2019 годзе, паводле звестак Сусветнага банку, працягласць жыцця ў Беларусі склала 74,2 года, у Расіі — 73,1 года, у Польшчы — 77,9 года, у Літве — 76,1 года, у Латвіі — 75,2 года, у Эстоніі — 78,5 года, у Румыніі — 75,5 года.

Момант адрыву нашых суседзяў ад нас выразна бачны на супастаўленні графікаў. Ëн здарыўся ў другой палове 1990-х і пачатку 2000-х. Асабліва ўражвае поспех Эстоніі.

Працягласць жыцця ў заходнееўрапейскіх краінах ЕС усё яшчэ большая, чым на ўсходзе Еўропы, але гэта розніца скарачаецца.

У 1989 годзе сярэдняя працягласць жыцця ў Партугаліі, найбяднейшай дзяржаве ЕС, складала 74,3 года, цяпер — 80,7 года. У Францыі, Італіі, Іспаніі, Швецыі і на Мальце яна складае сёння 83 гады, у Нямеччыне — 82 гады. 

Усе гэтыя звесткі ўзятыя са статыстыкі Сусветнага банка.

Працягласць жыцця залежыць як ад узроўню даходаў, так і ад звычак людзей, а таксама ад якасці аховы здароўя. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)