Коктейль

Някляеў: «З Польшчы я вярнуўся дадому ў першы дзень вайны»

Народная Воля пацікавілася, як справы ў знакамітага беларускага паэта Уладзіміра Някляева, што яго хвалюе, трывожыць.

– Уладзімір Пракопавіч, як ваша здароўе? Ведаю, што вы звычайна з баявой усмешкай адказваеце: «Не дачакаюцца!» Але пытаюся, таму што некаторыя кажуць, што вы нібыта ледзь-ледзь трымаецеся, схуднелі, на таблетках і кропельніцах… Таму адкажыце шчыра, калі ласка.

– Шчыра дык шчыра… У мяне ёсць апавяданне «Змены сувязяў», у якім апісана, як нашы так званыя праваахоўныя органы «папраўлялі» маё здароўе. 2010 год і далейшыя арышты ўсё больш даюцца ў знакі, даводзіцца паўсюль цягаць з сабой цэлы мех лекаў, але ўсё адно: не дачакаюцца!

– Напрыканцы мінулага года вы з’ехалі ў Польшчу. І тады многія вырашылі, што бліжэйшым часам дакладна не вернецеся ў Беларусь. Але вы тут, у Мінску. Некаторыя не разумеюць, чаму Някляеў вярнуўся, калі многія, у тым ліку і добрыя пісьменнікі, з’язджаюць…

– Як толькі я некуды ад’еду – адразу ж мяне запісваюць у эмігранты. Гэта ўжо такая завядзёнка. Калі мінулым разам ад’ехаў у Швецыю, каб спакойна дапісаць раман «Гэй Бэн Гіном», дык такі вэрхал узнялі: «Палітэмігрант! Палітэмігрант!» – што я сам ледзьве ў тое не паверыў.

Ніколі я не быў эмігрантам і не збіраюся быць.

Гэтым разам паехаў у Польшчу, бо там выдалі мой дапісаны ў Швецыі раман. І прапанавалі прэзентаваць яго ў васьмі найбуйнейшых польскіх гарадах і ў Вільні. А дома мне адмовілі ў выданні рамана ўсе выдавецтвы, у якія я звяртаўся. У тым ліку дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура». Усе баяліся абвінавачванняў у экстрэмізме, хоць «экстрэмісцкае» ў рамане хіба прозвішча аўтара.

З Польшчы я вярнуўся ў першы дзень вайны, 24 лютага. Чаму? Бо відавочна было, што вайна не абыдзе Беларусь. А значыць, я павінен быць дома. Не буду пафасна казаць: з народам! Проста быць разам з усімі.

Зямля, як вядома, вялікая, але, аб’ехаўшы яе амаль усю, я ўжо ведаю, што няма для мяне ніякай іншай зямлі, апроч беларускай.

– Нядаўна вы напісалі і змясцілі ў сеціве такі верш:

Мне раптам стаў нямілы родны кут.

І я б забыў, што нарадзіўся тут,

Каб даў мне Бог забыць, каб разлюбіць даў сілы

Пагорак той, дзе продкавы магілы,

Дзе хутка ўжо і мне на Божы суд.

Я ведаю, што я на тым судзе

Скажу. Што я нікому і нідзе

Не здрадзіў, што ў крыві не вінаваты…

А Бог спытае: «Не прадаў ты брата?

Сястру сваю не кінуў ты ў бядзе?»

Я б адказаў, што не!.. Калі б Ён сілы даў

Змагчы той жах, што нада мной паўстаў,

Нянавісць, што, як пыл, любоў з зямлі змятае!..

Ён ведае, што я не прадаваў.

Я ведаю, чаму Ён так спытае.

Зразумела, што верш звязаны з падзеямі ва Украіне, з тым, што з зямлі Беларусі падтрымліваецца вайна супраць яе. Вы адчуваеце віну перад украінцамі?

– Паэт не можа не адчуваць сябе невінаватым у сусветным зле. Маякоўскі вінаваціўся нават перад японскімі вішнямі. А тут не вішні…

Нападам на Украіну Расія стварыла ў свеце жахлівую сітуацыю. І найперш у свеце славянскім. Ужо цяпер відаць, што яна ўдарыла ў будучыню славянства. Яно і да гэтай вайны ўжо не выглядала «братняй сям’ёй», а цяпер…

Цяпер у нас бяда. Вялікая. У Беларусі вонкава не такая страшная, як ва Украіне, але сутнасна гэткая самая. Як украінскую зямлю яе ворагі хочуць зрабіць неўкраінскай, гэтак і зямлю беларускую варожыя сілы хочуць зрабіць небеларускай.

Па сутнасці вырашаецца пытанне: быць нам ці не быць?

Чым і як на яго адказаць?..

Калі мы нястомна будзем рабіць на сваёй зямлі сваю беларускую справу, зямля наша застанецца беларускай, хто б на ёй ні валадарыў, хто б яе ні акупаваў.

– Днямі ў Мінску прайшоў кніжны кірмаш, але вас, наколькі я ведаю, на ім не было. Калі не сакрэт, чаму? Там прэзентаваўся ваш раман «Гэй Бэн Гіном», была цудоўная магчымасць паразмаўляць з людзьмі, магчыма, нават выступіць з прамовай…

– Усё, што я мог прамовіць там, напісана ў рамане.

Увогуле ж, паводле дамоўленасці з выдаўцом, я збіраўся быць на прэзентацыі пад закрыццё кірмашу. Але ўвесь наклад кнігі разышоўся ў першыя два дні – і на трэці ўжо проста не было чаго прэзентаваць.

Ну й была яшчэ адна прычына. Нібыта быў загад: «Если явится Некляев – брать! Нечего ему пиариться на нашем празднике!» І як бы сыходзіў загад ад высокага міліцэйскі чына, але я ў тое катэгарычна не веру. Навошта ствараць скандальную гісторыю, арыштоўваць пісьменніка на міжнародным кніжным кірмашы, калі сёння можна арыштаваць яго дзе заўгодна за нішто? Як, зрэшты, і любога іншага ні ў чым не вінаватага грамадзяніна.

– Незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў ліквідаваны, а ў праўладным пісьменніцкім саюзе змянілася кіраўніцтва: замест Мікалая Чаргінца старшынёй стаў Алесь Карлюкевіч. Як вы мяркуеце: ці здольны ён дзеля беларускай справы аб’яднаць пад адным дахам і праўладных, і незалежных літаратараў?

– Я нічога не чуў пра такія ягоныя планы… Няхай патэлефануе старшыні нашага ліквідаванага (які тым не менш ёсць!) саюза Барысу Пятровічу, запросіць на каву. Барыс – чалавек талерантны, груба не адмовіцца. Вось і будзе першы крок да нацыянальнага ўзаемаразумення, без якога нам ніяк не абысціся…

Што ж да змены кіраўніцтва, дык Карлюкевіч, па-першае, хаця б размаўляе, як і мусіць размаўляць беларускі пісьменнік, па-беларуску, а па-другое, мяркуючы па напісаных ім літаратуразнаўчых тэкстах, усё ж мае нейкае ўяўленне пра тое, што такое літаратура. У адрозненне ад ягонага папярэдніка.

Праўладны саюз пісьменнікаў ствараўся не як творчая, а як ідэалагічная арганізацыя для абслугоўвання рэжыму. І хоць сяброўства ў ім ад самага пачатку было падобнае да штрэйкбрэхерства, я ніколі і нікога ў тым не вінаваціў. Людзям трэба неяк жыць, самім карміцца і дзяцей карміць. Не ў АМАП жа пісьменнікам ісці. Там, як вядома, тэатралы…

І ўсё ж многае ў дзейнасці праўладнай пісьменніцкай суполкі мяне здзіўляла.

– Напрыклад?

– Ёсць такая рэч, якая называецца цэхавасць. Еднасць паэтаў, празаікаў, увогуле людзей літаратуры. Ці ва ўсякім разе яна была – і я праз усё жыццё ёй даражыў.

Што гэта такое?..

Гэта калі паэт Яўген Еўтушэнка (ужо сур’ёзна хворы) ляціць з Амерыкі, каб давесці Лукашэнку, што не варта пераследаваць паэта Уладзіміра Някляева. А тут пад пераслед, пад знішчэнне патрапляе не адзін паэт ці празаік, ліквідуецца Саюз беларускіх пісьменнікаў, а ад іх калег, братоў па цэху, Саюза пісьменнікаў Беларусі хоць бы слова ў абарону. Ці проста ў падтрымку. Можна ж было напісаць: «Мы, сябры СПБ, выказваем заклапочанасць…» Але ніхто нават не заікнуўся. Дык ужо «НЕ ВАЙНЕ!» я адтуль і не чакаў. Хоць гэта прынцыпова. Літаратар, увогуле гуманітарый не можа не быць супраць вайны. Гэта нават не пазіцыя, гэта большае: сутнасць чалавека, які стварае.

– Як вы ўспрынялі ліквідацыю Таварыства беларускай мовы, курсаў «Мова Нанова», усіх грамадскіх арганізацый, якія мелі хоць нейкае дачыненне да беларушчыны?

– Як поўнае падпарадкаванне Мінска Маскве, з якой спіс арганізацый, што мусілі пайсці пад нож, і быў перададзены для выканання Мінску. Гэтак было, дарэчы, і ва Украіне на Данбасе – перад першым уварваннем Расіі на Данбас. Там па спісе знішчалася ўсё ўкраінскае. І ў Беларусі Масква паўтарыла той жа сцэнарый.

Не думаю, што Лукашэнка гэтага хацеў. Усё ж, мякка кажучы, неяк няёмка знішчаць у Рэспубліцы Беларусь Таварыства беларускай мовы. Але ён аказаўся ў такіх гарачых абдымках ягонай любімай саюзнай дзяржавы, што тут хочаш не хочаш, а пацалуешся…

Як з майго гледзішча, дык гэта адно з найбольшых злачынстваў, здзейсненых рэжымам. Гэта ўдар у самую сарцавіну таго, што ёсць Беларусь. І нанесены ён, каб сэрца Беларусі спынілася. Але яно ў яе моцнае, загартаванае. І праз вякі, праз страты, праз увесь боль, праз усе пакуты б’ецца, б’ецца, б’ецца…

– Вы не толькі паэт, але і грамадзянін. І чаго хаваць: некаторыя ўсё яшчэ чакаюць ад Някляева прынцыповых крокаў, моцных заяў, нават нейкіх акцый… У вас засталіся яшчэ палітычныя амбіцыі? Ці хацелася б проста спакойна пажыць – для сябе, для каханай жонкі?

– Такой небяспечнай сітуацыі, у якой мы можам страціць Беларусь, у нашай гісторыі яшчэ не было. І я вярнуўся б у палітыку, калі б ведаў, што ў ёй рабіць. Да таго ж я бачу, што гэтага не ведае сёння ніхто. Ні на захадзе, ні на ўсходзе. Ніхто, апроч украінцаў, якія ведаюць, што яны змагаюцца за сваю Айчыну.

Нам таксама давядзецца не з кветачкамі па вуліцы хадзіць, а мужна змагацца за Беларусь. Без гэтага не абыдзецца.

– Сёння палітыкі (і тыя, што засталіся, і тыя, якія з’ехалі) звяртаюцца да вас за парадамі?

– Здараецца. Але зноў жа: нічога і нікому я не раю. Бо, калі б сам ведаў, што сёння ў палітыцы рэальна можна зрабіць, каб выправіць сітуацыю, у якую мы патрапілі, я б і зрабіў гэта сам.

– Не шкадуеце, што ў 2020 годзе не ачолілі пратэст?

– А як я мог яго ачоліць? Не будучы кандыдатам у прэзідэнты і нават не прадстаўляючы нікога з кандыдатаў?..

Я гатовы быў узяць на сябе арганізацыю Плошчы, без якой не бачыў шанцаў на перамогу. Прапанаваў гэта аб’яднанаму штабу. Але нашы бачанні не супалі.

– Пішаце лісты ў турму Статкевічу ці Фядуту?

– Так, пішу. І не толькі ім. Ведаю, што лісты мае да іх не даходзяць, але ўсё адно пішу.

– На рэферэндум па Канстытуцыі хадзілі?

– Не. Беларусь са статусу нейтральнай дзяржавы ў статус дзяржавы, гатовай за тры дні заваяваць Украіну, перавялі без мяне.

– Паводле 18-га артыкула абноўленай Канстытуцыі, «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў». Своеасаблівым удзелам у агрэсіі супраць Украіны Канстытуцыя наўпрост парушаецца – і ні Канстытуцыйны, ні Вярхоўны, і ніякі іншы суд не звяртае на тое ўвагі. Што вы можаце на гэта сказаць?

– Што на гэта зверне ўвагу суд Божы.

Парушэнне беларускімі ўладамі імі ж прыдуманай Канстытуцыі папрасіла мяне пракаментаваць адно расійскае незалежнае выданне (калі такія выданні там яшчэ існавалі). У каментарыі былі такія вершаваныя радкі:

О, Беларусь!.. О, Божье чудо!

Сосуд хрустальный! Райский сад!..

И из хрустального сосуда

Ракеты к Киеву летят.

Як казаў адзін вядомы беларускі палітык, які і назваў Беларусь хрустальным сосудом: «Иногда не до законов…»

– Вы верыце, што Лукашэнка сапраўды гатовы сысці са сваёй пасады?

– Сысці ён мог толькі 9 жніўня 2020 года. Гэта быў бы ўчынак, які ўзняў бы яго на ўзровень палітыка, што ўратаваў свет ад вайны. Але цяпер гэты шанец страчаны – і сыходзіць яму няма куды.

– Як на вас паўплывала вайна? Пытаюся, бо некаторыя дагэтуль у шоку, а ў першыя ваенныя тыдні многія не маглі ні працаваць, ні дыхаць – толькі сачылі за гэтымі жудаснымі навінамі.

– Тут я нічым не адрозніваюся ад тых, хто не мог ні працаваць, ні дыхаць.

Сталася тое, што не магло стацца, што ўяўлялася немагчымым. Амаль усё маё жыццё, большая частка якога пражыта за савецкім часам, мне ўганялі ў галаву ідэю вечнага, крэўнага, непарыўнага братэрства рускага, беларускага і ўкраінскага народаў. Ідэя гэтая ўганялася ў мазгі з Масквы – і раптам тыя ж (ці нашчадкі тых), хто яе ўганяў, ідэю гэтую забіваюць. Засыпаюць бомбамі, заліваюць крывёй. Дык што: гэта і ёсць кроў братэрства?.. Аслупянеўшы праз гэта, нават братушкі, балгары, якія гатовы былі аб’яднацца з Расіяй у Савецкім Саюзе, перадаюць цяпер Украіне савецкія самалёты, каб яны збівалі самалёты рускія. Расія адным ударам парушыла, на друз пакрышыла ўсе «скрэпы» славянскага свету, ворагам якога абвяшчала Захад, НАТА, а рэальна ворагам ягоным стала сама. І ніяк ёй цяпер не апраўдацца – кроў нічым не апраўдаць.

– У вас шмат сяброў, знаёмых ва Украіне. Што яны вам кажуць? Лічаць за акупанта ці разумеюць сітуацыю?

– Разумець-то разумеюць… Але пачуцці, жарсці, эмоцыі…

Вось ты тэлефануеш, каб дазнацца, ці жывы, даўняму ўкраінскаму сябру, кажаш яму пра наша даўняе сяброўства, а ён раптам пытаецца: «Пра што ты?.. Пад маім акном забітыя бомбамі дзеці ляжаць…»

І што на гэта казаць?.. Якія словы знайсці, каб яны хоць прыблізна азначалі тое, што сёння адбываецца?..

Або вось я называю вайну ва Украіне братазабойчай – і адразу ж адзін з сяброў у адказ: «Які там брати, про що ти?..»

Другі піша: «Ясна, што гэта не вы, а васальная, якая прадалася Крамлю, улада. Але калі мы спяваем сёння «Никогда мы не будем братьями», дык гэта і пра вас».

Трэці, адзін з найлепшых украінскіх паэтаў, у якога пытаюся: «Ну якія ж мы, калі самі пад акупацыяй, акупанты?..», – згаджаецца, што акупанты мы ніякія. І дадае: «Але лепш бы вы былі акупантамі. Не выглядалі б заср…мі».

На жаль, праз удзел у вайне на баку агрэсара такімі мы выглядаем у вачах калі не ўсяго, дык найбліжэйшага да нас свету. Хоць зусім нядаўна, пасля жніўня 2020-га, выглядалі малайцамі. Але месяц люты адмяніў месяц жнівень.

Увогуле наш хаўрус з Расіяй у яе вайне з Украінай адмяніў (не назаўсёды, але на час адмяніў) Беларусь як еўрапейскую краіну, перамясціўшы яе ў Азію.

– Пасля выдання ў Беларусі рамана «Гэй Бэн Гіном» вы добра сказалі: «Нягледзячы ні на што, жыццё ідзе – і трэба жыць». І паведамілі, што працуеце над новай кнігай? Пра што яна?

– Гэта зноў раман. Як і папярэдні, ён пра Беларусь і беларусаў. А канкрэтна пра тое, што адбылося з намі за трыццаць гадоў ад часу абвяшчэння незалежнасці…

Даў бы Бог сілы гэты пласт падняць. Пішацца цяжка не толькі праз фізічныя праблемы (я ўжо казаў, што 2010 год не прайшоў бясследна), але і праз псіхалагічны стан. Калі штодня некага арыштоўваюць, у тым ліку блізкіх людзей (як нядаўна Змітра Дашкевіча), калі пад вокнамі ўдзень і ўночы міліцэйскія і вайсковыя патрулі, калі напружвае кожны званок у дзверы, калі бачыш, як развальваецца дзяржава, як руйнуецца ўсё тое, што для цябе найдарагое, дык як бы не да літаратуры. Але кожны сёння мусіць рабіць тое, што ўмее рабіць найлепш.

У рэжыме бясконцага гвалту не можа нармальна існаваць ні асобны чалавек, ні краіна. І калі асобны чалавек можа пакінуць краіну, дык краіне наканавана быць там, дзе яна ёсць. Калі, вядома, яна ўвогуле будзе. Але нават калі яе не стане (што пры цяперашняй спробе перадзелу свету зусім рэальна), усё адно там, дзе яна была, застанецца Айчына. Як сэрца краіны новай. Дзяржавы вольнай, незалежнай, насамрэч беларускай. З непарушнай верай у будучыню якой я і жыву, і пішу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(16)