Някляеў: «Улада штодня дэманструе сваю подлую сутнасць»

Паэт выказаўся наконт апошнiх падзей.

Жонка палiтыка Вольга Севярынец. Фота Надзеі Бужан, Наша Нiва

– Улада нібы наўмысна штодня дэманструе сваю подлую сутнасць, – пiша Уладзімір Някляеў. – Учора сказала родным ні за што кінутага за краты Паўла Севярынца, што вызваляе яго – і не вызваліла. І напляваць ёй на перажыванні маці, бацькі, сястры, жонкі, якая хадзіла пад сценамі турмы, спадзяваючыся, трымаючыся за сэрца і не ведаючы разам з ім, чаго чакаць?..

Хоць усім вядома, што ад пачвараў, якія ўжо чвэрць стагоддзя твораць здзек над Беларуссю, нічога чалавечага чакаць не даводзіцца. Толькі подласці.

Хіба не подла запусціць плётку пра «нізкі сацыяльны статус» ні за што закратаванага Сяргея Ціханоўскага? Хіба не подла трымаць яго ў закладніках, каб ціснуць на сям’ю, на жонку? Ці хіба не подла намякаць, што Севярынец не нязломны змагар за Беларусь, а слабак, неўрастэнік, які надумаў настрашыць турэмшчыкаў самагубствам.

Ды хто вам паверыць? Калі Павел і рэзануў вены, дык не за сябе, за іншых. За тых, каго вы катуеце ў турме!

Павал Севярынец i Вольга Мiкалайчык на пiкеце 7 чэрвеня. Фота Iгара Меляшко

За тую ж Вольгу Нікалайчык, якую вы, нелюдзі, трымалі голую ў карцэры, чакаючы, пакуль замерзне. Вось за яе, за блізкіх яму духам людзей, гатовых ахвяраваць усім дзеля Беларусі, не маючы ніякай іншай магчымасці заступіцца за іх, Павел мог гэта зрабіць. Праз сілу сваю духоўную, а не праз цялесную слабасць.

Гэты вы зараз трасецеся, баючыся такіх, як ён, і збірючыся кінуць на народ, якому вы абрыдлі, войска. Але нават і схаваўшыся за войскам вы будзеце баяцца, калаціцца, бо тым беларускім хлопцам, якія ў ім служыць, вы таксама абрыдлі!

І яшчэ невядома, у які бок тое войска паверне...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(151)