Беседка
Ігар Карней, Радыё Свабода

«Ня бачу прычынаў, каб заўзець за Расею»

Адзін з самых славутых савецкіх футбалістаў 1960-х — форвард менскага «Дынама» Міхаіл Мустыгін — у інтэрвію Свабодзе ацэньвае сёлетні чэмпіянат сьвету ў Бразыліі, прыкідвае шанцы беларускай каманды на ўдзел у форумах падобнага маштабу, а таксама тлумачыць, чаму беларусам няма патрэбы заўзець за Расею.

Цягам цэлага дзесяцігодзьдзя — ад 1962 да 1972 году — імя Міхаіла Мустыгіна прымушала нэрвавацца супернікаў менскага «Дынама». Неаднаразова лепшы бамбардзір чэмпіянату СССР і ўдзельнік сымбалічнай каманды па выніках сэзону, уладальнік бронзавага мэдаля 1963 году ўваходзіў у залаты фонд тагачаснага футболу. З-за хваробы сэрца лекары забаранілі яму выступаць за асноўную зборную СССР, што не дало напоўніцу раскрыцца на міжнароднай арэне, таму давялося абмежавацца запрашэньнямі на таварыскія матчы.

Пасьля заканчэньня гулецкай кар’еры Міхаіл Мустыгін працаваў дзіцячым трэнэрам, ад прапановаў намэнклятурнага працаўладкаваньня адмаўляўся. Ужо ў сталым веку, пасьля 60, пазнаёміўся з паштальёнкай Марыяй Іванаўнай зь вёскі Малінаўка блізу Бараўлянаў дый зьехаў да яе са сталіцы. Апошнія паўтара дзясятка гадоў лічыць сябе вясковым жыхаром і цешыцца гэтым новым статусам. Але футбол па-ранейшаму застаецца галоўнай жарсьцю 76-гадовага вэтэрана спорту — праўда, цяпер да гульні мільёнаў ён далучаецца збольшага праз тэлетрансьляцыі.

— Міхал Міхайлавіч, як вам сёлетні чэмпіянат сьвету?

— Ведаеце, па гульнях, якія ўдалося паглядзець, — цікавы чэмпіянат. Шчыра кажучы, нават не чакаў. Усе каманды збольшага роўныя, добра глядзяцца. Ну, і самае галоўнае — выніковасьць. Пры такой абароне вельмі добрыя паказьнікі, каманды шмат забіваюць. А вось дзьве зборныя, на якіх рабілі асноўныя стаўкі, гуляюць, на жаль, няўдала. Асабліва Гішпанія, Англія, дый Італія таксама. Лічы, што дзьве першыя далей ні пры якім раскладзе ўжо не праходзяць. Што да Гішпаніі, дык, на маё перакананьне, тут памылка трэнэрская. Па-першае, там паўкаманды гуляе з «Барсэлёны», правільна? А «Барсэлёна» гэты год фактычна праваліла: і ўнутраны чэмпіянат прайграла, першага месца не заняла, і ў Кубку Караля «Рэалу» прайграла, у Лізе чэмпіёнаў праляцелі. Трэнэр зборнай павінен гэта ведаць, ён што, ня бачыць? Так, хлопцы мацнейшыя ў «Барсэлёне», але пакуль да зборнай, то папросту ўжо стаміліся, ня трэба было іх ставіць. Вось і лягічны фінал. Колькі можна гуляць? Чалавечы арганізм не бязьмежны.

— А якія зборныя, у такім разе, пакідаюць добрыя ўражаньні?

— На жаль, у нашай вёсцы спартовы «5 канал» ня ловіць, дык начных рэпартажаў ня бачу. Ну, а з тых, якія паглядзеў, якія спадабаліся? Канечне, гэта Галяндыя. Малайцы хлопцы. Таксама спадабалася Аргентына, добрая каманда. Хоць Мэсі ў гульні з Іранам уратаваў толькі на апошняй хвіліне, але калектыў роўны. Яшчэ немцы: з Ганай крыху «нацудзілі», але ўражаньне, як заўсёды, добрае. Што да бразыльцаў, то, скажу так, і першую, і другую сустрэчу пасрэдна згулялі, ня выдалі фэерычнай гульні, якой ад іх чакалі. Магчыма, на радзіме сябе ўва ўсёй красе яшчэ і пакажуць, але пакуль татальнай перавагі няма. Прынамсі, з такой камандай на нешта прэтэндаваць цяжка. Але яшчэ цяжка нешта прадказваць, няма такога, што любы з вуліцы скажа — вось гэты ды гэты згуляе ў фінале. Прагназавалі ж ужо: Гішпанія, Англія, Партугалія, Італія. Дзе яны? Таму цяжка пра нешта казаць. Як на мяне, то, думаю, усё ж да канца дойдуць немцы — вельмі нацэленыя хлопцы, могуць заняць першае месца. У галяндцаў таксама веру, але нямецкая каманда аб’ектыўна больш стабільная.

— Дарэчы, вам самому даводзілася пабываць у тых шыротах, у Паўднёвай Амэрыцы?

— Канкрэтна ў Бразыліі ня быў, але ў Паўднёвай Амэрыцы ў нас быў таварыскі турнір, у Мэксыцы. На сьцяне вунь дагэтуль вісіць фатаздымак з нашымі прозьвішчамі — 1963 год, ажно 50 гадоў таму ўжо гэта было. Езьдзіў туды са зборнай СССР, той турнір мы, дарэчы, выйгралі. Калі не памыляюся, быў сакавік, але такая гарачыня стаяла, што жах. Мы чамусьці ўвесь час гулялі а 12-й гадзіне дня, у самае пекла — вышэй за 30 градусаў. Плюс высакагор’е. Вельмі цяжка было, але бегалі. Калі шчыра, у такую гарачыню асабліва нікуды не выходзілі, у гатэлі ўвесь час праседзелі. На трэніроўку — і назад.

Зрэшты, адзін раз самі сабе экскурсію з Эдзікам Малафеевым зрабілі, удвох. І адразу ж заблудзілі. Добра, што яшчэ Малафееў запомніў назву гатэля. Нейкую машыну тармазнулі, сказалі кіроўцу, што з Саюзу, і ён нас урэшце давёз. Праўда, замест платы прымусіў расейскія песьні сьпяваць (сьмяецца). Мусілі, што ж заставалася? Вось табе і экскурсія. Больш пасьля гэтага мы нікуды не выходзілі. Зусім іншы сьвет, пра што тут казаць.

Міхаіл Мустыгін каля сваёй хаты пад Менскам

— Вы нарадзіліся ў Расеі, там пачыналася ваша футбольная біяграфія. Цікавіцеся гульнёй расейскай зборнай? Прынамсі, да пачатку чэмпіянату расейцы казыралі, што разьбяруцца з супернікамі адной левай.

— Я не глядзеў першую гульню з Паўднёвай Карэяй, бо гулялі ўначы. Хоць хацелася скласьці нейкае ўяўленьне, чаму згулялі 1:1. А вось як учора з Бэльгіяй гулялі, бачыў — прайгралі па справе. Каманда слабая, ня ўразіла абсалютна нічым. Тэарэтычныя шанцы на плэй-оф яшчэ ёсьць, але я на Расею не спадзяюся, не-не. Астатнія каманды зусім не слабыя. Што тычыцца «адной левай», то на чэмпіянаце сьвету зьбіраюцца каманды, якіх так лёгка не перайграць. І афрыканскія, і азіяцкія мабілізуюцца, дэманструюць высокі кляс. І аддаць камусьці перавагу цяжка. Таму ў Расеі хоць і кажуць, што каманда ў іх салідная, але адзін матч прайграюць — і ўсё, дадому. Бэльгійцы, адрозна ад расейцаў, гульню паказваюць, з Альжырам таксама будзе ня проста.

Зараз не ўгадаеш, дзе слабыя каманды, а дзе моцныя. Калі шчыра сказаць, я проста гляджу футбол. Хто выбітную гульню паказвае, за таго і перажываю, што мне за Расею заўзець? За добры футбол, за добрую каманду — гэта так. А найперш заўзею за тую каманду, дзе гуляюць зоркі. Асабіста мне шкада Раналда, за яго перажываю. Слаба Партугалія згуляла, а што можа зрабіць нават супэрзорка, калі каманда яўна прайграе? Як уся каманда агулам капітулюе, адзін гулец нічога ня здольны выправіць. Сам ведаю, калі яшчэ гуляў: супернік нашмат мацнейшы, да цябе не даходзяць перадачы, ты рэдка атрымліваеш мяч — адпаведна, у цябе меней атрымліваецца момантаў. Гэтаксама і ў Раналда, калі партугальцы гулялі зь немцамі, з амэрыканцамі.

— Днямі экс-галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны выказаў зьдзіўленьне, што, аказваецца, далёка ня ўсе беларусы заўзеюць за Расею...

— Не, ну пры чым тут беларусы і зборная Расеі? Глупства нейкае. Ён сам, здаецца, з Расеі, дык калі яму так падабаецца, няхай за яе і заўзее. Я таксама родам з Расеі, але, яшчэ раз кажу, я перажываю за добры, якасны футбол. Пры чым тут Расея? Калі б Беларусь там гуляла — справа іншая, сапраўды, трэба было б падтрымліваць сваю каманду. А Расея нам што за арыенцір? Мы што, жывём там? За каго, як кажуць, фанацець? Гульцоў міжнароднага ўзроўню няма, зорак няма. Такіх, як, прыкладам, у Галяндыі. Дарэчы, мне гэтым разам вельмі спадабаўся іхні форвард (хоць функцыі ў яго не зусім такія) Ван Пэрсі. Ці бліскучы нападнік зь нямецкай «Баварыі» Робэн, таксама за Галяндыю выступае. Два гульцы проста выбітныя, цягнуць за сабой астатніх як лякаматыў. Хто ў расейскай камандзе можа хоць бы параўнацца?

— Ці задавальняе вас узровень футбольных рэпартажаў? Гэтым разам беларускія камэнтатары ў Бразылію не паехалі і, па сутнасьці, у менскай студыі бачаць тое ж, што і гледачы.

— А я скажу так: нават каб камэнтатараў не было ўвогуле, для мяне галоўнае — футбол. Усё, што адбываецца на полі, я бачу сваімі вачыма, мне тлумачальнік той ці іншай сытуацыі, па вялікім рахунку, не патрэбны. Ну што камэнтатар можа падказаць? Што няправільна гулец пас аддаў, што няправільна згуляў? Ён такога і казаць ня будзе, а я і так усё бачу. Можа, кагосьці і раздражняе, а я дык проста не зьвяртаю на іх увагі. Гавораць — ну і няхай гавораць, гэта іх праца. Правільна кажуць, не разумеюць — іх справа, а я чалавек нэўтральны. Але магу сказаць, што некаторыя ўсё правільна ацэньваюць. Відаць, што людзі ў футболе разумеюць, разьбіраюцца.

— У кожнай краіне тэлерэпартажы вядуцца на нацыянальнай мове, у Беларусі па-беларуску камэнтуе толькі Павал Баранаў. Вам усё зразумела?

— Магчыма, не разьбіраюся ў беларускай мове дасканала, але, канечне ж, разумею, пра што ён гаворыць. Але яшчэ раз падкрэсьліваю: для мяне моўны фактар не прынцыповы, я акцэнтуюся толькі на тым, што творыцца на полі. Камэнтатар ня скажа мне нічога новага, на якой бы мове ён ні гаварыў. Я сам бачу, што мне ў дадзены момант цікава і патрэбна. У гэтым сэнсе я, скажу так, самадастатковы.

— Вы столькі гадоў жывяце ў Беларусі, выдатна ведаеце стан беларускага футболу. Верыце, што калі-небудзь беларусы ўздымуцца да ўзроўню прынамсі чэмпіянату Эўропы?

— Ой, цяжкае пытаньне, вельмі цяжкае. Я ўжо казаў пра гэта — трэба нашмат больш увагі, чым цяпер, аддаваць моладзі. Гадаваць моладзь, сваіх. Не для зборнай каманды, а ўвогуле. Вось праходзіць у нас першынства краіны. Няма ніякай цікавасьці. Аднекуль набяруць рэкрутаў, плацяць ім неадэкватныя грошы. Замест таго каб сваіх выхоўваць, стымуляваць. Раней былі добрыя школы, шмат увагі аддавалі дзіцячым футбольным цэнтрам. Я пасьля завяршэньня кар’еры быў трэнэрам, зь дзецьмі працаваў, іншыя футбалісты працавалі.

Так атрымалася, што мы практычна ў адзін час скончылі ў футболе, розьніцы амаль не было, літаральна год-два, і ўсе пайшлі працаваць зь дзецьмі. І дзякуючы ў тым ліку нам каманда менскага «Дынама» на чале з Малафеевым у 1982-м стала чэмпіёнам СССР. Таму што бальшыня была менавіта нашымі выхаванцамі, не аднекуль прывезенымі, а мясцовымі. У мяне, напрыклад, Ігар Гурыновіч, Юры Пунтус, Ігар Крыўшэнка былі выхаванцамі, у іншых трэнэраў — яшчэ нехта. А цяпер, як я магу меркаваць, увагі дзіцячаму футболу аддаецца зусім мала. Дый футбалісты ня хочуць ісьці ў дзіцячыя трэнэры — заробак мізэрны, а нэрваў патраціш процьму.

— Цяпер збольшага спадзяюцца на легіянэраў — прынамсі, не баліць галава, каб выхоўваць свае кадры.

— Ну, а якія легіянэры прыяжджаюць у Беларусь? Такія ж гульцы, якія і ў нас. Толькі за значна большы заробак. Нашмат дальнабачней выхоўваць маладых і ставіць, ставіць, ставіць іх у асноўны склад, хай гуляюць. Адразу чалавек сябе паказаць ня можа. Трэба набрацца цярпеньня і два-тры гады пачакаць, пакуль ён пакажа сябе. А то возьмуць некага, вырастае добры хлопчык, а яго ў запас. Што такое запас? Дэградацыя. Чаму я пра гэта ведаю? Калі мяне забралі ў армію, як быццам служыць, я два з паловай гады гуляў у маскоўскім ЦСКА. У асноўным складзе мяне ўвесь час выпускалі на 30–40 хвілін. Як ты за паўгадзіны раскрыесься? У дублі я добра гуляў, паказваў кляс, забіваў, а ў аснове давалі гуляць 30 хвілін. Калі завяршаў армію, мне Ўсевалад Міхайлавіч Баброў усё казаў: заставайся, заставайся. А я ўжо тады быў прынцыповы, адмовіўся: не, не хачу сядзець у запасе. Навошта? Каб потым увогуле апусьціцца ўніз? Дзякуй, ня трэба. Узяў і зьехаў у Менск.

Тут мяне адразу паставілі ў асноўны склад, гуляў ад пачатку матча і да канца. Гэта ўжо зусім іншая справа. Я мог і заглухнуць, каб пагадзіўся і надалей выходзіць на 30–40 хвілін, бо час ідзе, гады ідуць, маладзейшым ніхто не становіцца. Таму і сышоў адтуль, з ЦСКА, зьвязаўшы далейшае жыцьцё зь Беларусьсю. Зь іншага боку, каб гуляў у асноўным складзе, як потым гуляў у менскім «Дынама», — вядома, наўрад ці куды з Масквы б сунуўся. То бок я да таго, што трэба маладога ўвесь час ставіць, ставіць і ставіць, хай нагульваецца.

— Калі разумееце вы, чаму па-іншаму мысьляць цяперашнія трэнэры, футбольныя функцыянэры?

— А вось вы ў іх і запытайце, чаму яны ня бачаць відавочнага (сьмяецца). Бо людзі нібыта разумныя, сучасныя, а мысьляць зусім не на карысьць агульнай справе. У выніку сутыкаемся з тым, што няма ў гульцоў стабільнасьці. Маем асобныя пробліскі, але стабільнасьці няма, і гэта дрэнна, вельмі дрэнна. То бок сёньня футбаліст гуляе так, а заўтра — зусім інакш. А стабільнасьць — гэта асноўнае ў гульні пад назвай футбол.

Міхаіл Мустыгін

— Міхал Міхайлавіч, часта думкамі вяртаецеся ў футбольную маладосьць?

— Ну вядома ж, вяртаюся. Адзінае, за што з вышыні сёньняшняга дня сябе папракаю, дык гэта за слабую гульню левай нагой. Так і не ўдалося левую падцягнуць, што для футбаліста высокага клясу проста недапушчальна. Была б у мяне левая нага такая, як у Мэсі, а правая заставалася свая, мустыгінская, вось тады б дакладна забіў мячоў утрая больш (сьмяецца).

Міхаіл Мустыгін нарадзіўся ў Каломне Маскоўскай вобласьці ў 1937 годзе. У 1953-м пачаў гуляць у футбол у юнацкай камандзе «Авангард». Служба ў войску праходзіла ў маскоўскім ЦСКА, аднак затрымлівацца там пасьля дэмабілізацыі адмовіўся і ў 1961 годзе прыняў прапанову ад менскага клюбу «Беларусь» (пазьней — " Дынама«). Тут форвард правёў найлепшыя спартовыя гады. У 1962-м (17 галоў) і 1967-м (19 галоў) прызнаны лепшым бамбардзірам саюзнага першынства, а ў 1963-м у складзе дынамаўцаў стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату СССР. Неаднаразова ўваходзіў у лік лепшых футбалістаў СССР. Выклікаўся ў нацыянальную зборную СССР, аднак замацавацца ў яе складзе перашкодзіў парок сэрца. Пасьля завяршэньня кар’еры працаваў трэнэрам у менскай СДЮШАР № 5 і спартовым клюбе «Матор». Апошнія 15 гадоў адышоў ад актыўнай дзейнасьці, жыве ў вёсцы пад Менскам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)