Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Сямён Печанко; фота з архіва Дзмітрыя Гурневіча

«Ну навошта ты так напісаў? Партызаны не маглі людзей пастраляць...»

У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» – гісторыя журналіста «Белсата» і Польскага радыё Дзмітрыя Гурневіча, чый блог пра родную вёску Налібакі чытаюць па ўсім свеце.

Дзмітрый Гурневіч працуе на тэлеканале «Белсат» і Польскім радыё. Жыве з сям’ёй у Варшаве, але рэгулярна бывае ў роднай вёсцы Налібакі, што ў Стаўбцоўскім раёне. Пачынаючы з 2013 года, вядзе блог, у якім публікуе гісторыі сваёй вёскі і наваколля, а таксама рэпартажы пра акуальныя падзеі на сваёй радзіме.

На сёння блог змяшчае больш за сотню тэкстаў. Яго чытаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і выхадцы з Налібак, што разляцеліся па ўсім свеце.

Адкуль аўтар блога бярэ гісторыі, як у яго складваюцца адносіны з героямі тэкстаў і чытачамі, чым яму дапамагае сям’я і як ён стаў тым, кім ёсць? Пра гэта Дзмітрый Гурневіч расказаў «Салідарнасці».

«Цаглінка да цаглінкі»

Гісторыяй налібацкага краю Дзмітрый зацікавіўся яшчэ са школьных часоў:

— Пачаў запісваць гісторыі, фатаграфаваць. Ездзіў па наваколлі, правяраў па мапах, што і дзе раней знаходзілася. А яшчэ высылаў анкеты выхадцам з Налібакаў і суседніх вёсак, якія жывуць па ўсім свеце — у Аўстраліі, Амерыцы, Швецыі, Вялікабрытаніі. Яны адказвалі, штосьці высылалі.

Так, цаглінка да цаглінкі, назбіралася шмат матэрыялаў. Доўгі час я з гэтым нічога не рабіў, і неяк вырашыў пачысціць свае архівы. І тады зразумеў, што трэба з гэтым нешта рабіць. Назбіралася шмат, шкада будзе, калі знікне. І з’явілася добрая ідэя — усе навокал стваралі блогі, і я таксама вырашыў зрабіць свой. Першая ідэя і задача былі такія: каб усё гэта не знікла.

Сакрэт папулярнасці мясцовага блога

Пазней фармат блога, як месца для захоўвання гісторый, змяніўся. — Я заўважыў, што ёсць попыт у мясцовых людзей. А таксама ў тых эмігрантаў, што нарадзіліся тут, захавалі эмацыйную сувязь з гэтай зямлёй.

Налібакі з вышыні птушынага палёту

Блог я стварыў, а потым пра яго трэба было расказаць людзям. Але як данесці такую інфармацыю? Не скажаш жа ты ў краме, ці ў касцёле адрас, спаткаўшы чалавека. Я стварыў у «Одноклассниках» і «Вконтакте» старонкі. У гэтых сацсетках нашы людзі ёсць, яны ў іх жывуць. Дадаваў людзей, дасылаў паведамленні. І заўважыў, што людзі чытаюць. І пачынаюць каментаваць, у сябры дадаваць, пісаць паведамленні, — узгадаў ставаральнік налібацкага блога.

Пра свой досвед год таму Дзмітрый напісаў у артыкуле «Лакальная гісторыя: інструкцыя па карыстанні» ў часопісе «Arche».

— Людзей найперш цікавіць мясцовая гісторыя. Я ведаю, што нашмат цяжэй растлумачыць людзям пра Вітаўта ці Жыгімонта. Ім вельмі цікава блізкае: што там раней было, дзе іхні дом даўней стаяў, хто ў ім жыў? А што было раней на месцы школы, а як яна раней выглядала, а фотаздымкі? А хто тут раней жыў, куды з’ехаў і дзе хто з налібацкіх стаў знакамітым?

Да мяне былі спробы стварыць такія богі. Але людзі былі абмежаваныя няведаннем мовы і тым, дзе трэба шукаць.

Агульная справа

Землякі актыўна дапамагаюць у напаўненні блога. Хтосьці дасылае свае тэксты. Напрыклад, бізнесовец з Мінска, які прыгадаў сваю гісторыю і захацеў яе запісаць. Нехта прапануе інтэрв’ю з ім зрабіць. Нядаўна землякі па ўласнай ініцыятыве даслалі пад дзве сотні здымкаў з налібацкага фэсту Святога Барталамея.

А калі Дзмітрыю спатрэбілася фота аднаго з мясцовых памятных крыжоў, на яго просьбу у сацсетках сфатаграфаваць яго, адгукнулася пяць чалавек.

Такім чынам ствараецца супольнасць людзей, якім цікавая свая гісторыя, упэўнены Гурневіч.

Першы дом Лукашэвічаў з Налібакаў у штаце Новы Паўднёвы Уэльс, Аўстралія

— Пішуць мне ўнукі налібачанаў. Адзін напісаў з Аўстраліі: ці будзеце друкаваць артыкулы па-англійску? Там шмат жыве нашых, некалькі сотняў перасяленцаў з Налібакаў. Пішуць і па-польску. Нядаўна звярнуўся чалавек з Расіі, была з ім ідэалагічная спрэчка. Але якія б у яго ні былі погляды, чалавека вельмі цікавіць гісторыя, ён шмат чытае. І мне гэта падабаецца.

Спартыўны журналіст з Аўстраліі Кэрал (Караль) Фойл у 2007 годзе наведаў радзіму сваіх дзядоў

Я не стаўлю перад сабой мэту зрабіць з людзей прыхільнікаў уступлення ў НАТА. Я хачу, каб яны ведалі і не забывалі сваю гісторыю. Гэта некамерцыйны праект, і, магчыма, людзі адчуваюць, што іх не хочуць абдурыць, зарабіць на іх грошы. Я не думаю, што мая вёска нейкая ўнікальная. Ёсць іншыя вёскі, дзе людзі цікавяцца сваёй гісторыі, а хтосьці абыякавы да яе. Мне пашчасціла, што маім землякам гэта сапраўды цікава.

Жонка Юлія са сваёй бабуляй Ганнай

Мне ўсе дапамагаюць, нават дзеці часам. Жонка са мной да людзей ездзіць, часта фатаграфуе. Дапамагла зрабіць гісторыю пра яе бабулю, якая ў вайну а ў Мінску ўцякла з працоўнага лагера, падрабіўшы пячаткі.

Таксама Юля часам перакладае з польскай мовы. Напэўна, калі б я адзін працаваў над блогам, то ў ім не было б столькі артыкулаў, — расказаў Дзмітрый.

«Старшыня сельсавета паставіў раёнцы ў прыклад мой блог»

У ліпені гэтага года было свята мястэчка. Дзмітрый падрыхтаваў вялікі фотарэпартаж і ў той самы вечар выставіў на сайт.

— Праз нейкі час, як я зноў быў у вёсцы, паклікаў мяне да сябе старшыня сельсавета Аляксандр Пілінкевіч. Мы добра пагаварылі, ён моцна дзякаваў. Казаў, што ў раёнцы артыкул пра свята выйшаў ажно праз два тыдні. На сходзе раённых старшыняў сельсаветаў ён паўшчуваў раённую прэсу за тое, што яна не працуе аператыўна і ставіў у прыклад мой блог. Маўляў, чалавек жыве за мяжой, але прыязджае ў сваю родную вёску. Зрабіў рэпартаж у той самы вечар.

Гэта не адзіны кантакт, які завязаўся ў Гурневіча дзякуючы блогу. Улетку ён згадаў у адной з публікацый свайго земляка — журналіста Вікенція Ключніка, які вёў на БТ перадачу «Арсенал», працаваў у газеце «Звязда», быў прэс-сакратаром Рады Бяспекі.

— Праз дзень пасля публікацыі ён мяне неяк знайшоў і напісаў. Падзякаваў за ўзгадку, прапанаваў сустрэцца ў вёсцы. Паабяцаў правесці мяне па тых кутках у пушчы, дзе я яшчэ не быў ні разу. Сам ён такі падарожнік-экстрэмал, аб’ездзіў палову свету, купаўся ў Ціхім акіяне.

Статыстыка

Самы чытаны артыкул — толькі ўласна на блогу яго прачыталі каля 5000 чалавек — гісторыя пра стогадовага налібачаніна. «Салідарнасць» яе таксама перадрукоўвала. Чыталі той тэкст людзі з усяго свету.

У дзень у сярэднім на сайце каля 60 праглядаў, што для Налібакаў вельмі добра, лічыць Дзмітрый.

Максімальна ў дзень можа быць паўтысячы праглядаў. Акрамя таго, артыкулы перадрукоўваюцца — і агульнанацыянальнымі СМІ, і лакальнымі.

— Аднойчы карэспандэнт раёнкі даслаў свой тэкст, які яшчэ не публікаваў у сваім выданні. Было прыемна, што яму важней было апублікавацца ў першую чаргу на блогу, а не ў сваёй газеце.

Мясцовая бібліятэка выдае паводле майго блогау буклеты. А ў суседнім райцэнтры, у карэліцкай школе, па матэрыялах майго блога неяк зладзілі адкрыты ўрок, — расказаў суразмоўца.

«У Налібаках ведаюць: калі нешта знайшоў — нясі да Гурневіча»

Людзі ведаюць — калі нешта знайшоў у Налібаках, трэба несці да Гурневічаў. Прыносілі польскую манету, а потым нямецкую — часоў Першай сусветнай вайны, іншыя знаходкі.

— Колькі б мы ні ездзілі з жонкай па вёсках, людзі ахотна дзеляцца гісторыямі, запрашаюць у хаты. І не баяцца, што гэта трапіць у Інтэрнэт. Хоць здараюцца часам смешныя выпадкі. Прыехалі да дзеда, а сын яму кажа: «Бацька, не кажы ім нічога, бо пасадзяць!». А бацька ў адказ: «Мне скора цюрма будзе за касцёлам. А тыя, хто мяне хоча пасадзіць, хай мяне ў с***у пацалуюць!»

Часта мае суразмоўцы адчуваюць, што я — адзін з нямногіх, хто хоча выслухаць іх гісторыі. А яны часта трагічныя. Жывеш і не ведаеш, хто ў цябе сусед. Дзеці яго нават не ведалі, што ён быў у Сібіры. А суседка пасля кажа: «Чытала ў цябе ў Інтэрнэце. Я ж і не знала, што сусед быў у Сібіры...» Людзі даведваюцца пра сваё мінулае, пра тое, чаму іх не вучылі ў школе.

Калі нешта адбываеца ў Налібаках, то людзі пытаюцца адзін у аднаго: ці нешта Гурневіч ужо напісаў у Інтэрнэце пра нас? Апошні раз такое было, калі я напісаў пра жанчыну, у якой пасярод двара захавалася габрэйская купальня. Людзі бачылі, што я хаджу з ёй па двары, фатаграфую. А потым тэлефанавалі жонцы і пыталі: калі ён ужо напіша пра суседку, што ж у яе там такое?

«Я не марную час на глупства»

— Я не ўступаю ў пустыя спрэчкі ў сацсетках. Я мог бы гадзінамі спрачацца на фэйсбуку пра Караткевіч, але гэта нічога не дасць. Нават, калі пяць чалавек прачытае мой артыкул, гэта будзе нашмат лепш, чым я буду дзве гадзіны спрачацца пра мяккі знак у тарашкевіцы, — расказаў Дзмітрый, як знаходзіць час на блог.

Пакуль жонка кладзе спаць дзяцей, ён колькі гадзін працуе над чарговай гісторыяй. Піша на працы ў вольную хвіліну, у дарозе.

— Часам спалучаю працу над блогам са спортам. Неяк бегаў за вёскай і пабачыў крыж па забітым немцамі святары. Узгадаў, што мая бабуля ведала таго ксяндза. Яго ў вайну без прычыны забілі, як і многіх. Харошы быў чалавек, пробашч парафіі вёскі Дзераўная Павал Доўжык. Забілі і кінулі ў лесе. Людзі потым выходзілі на пошукі. Мая бабуля з сёстрамі таксама хадзіла. Знайшлі схаванага пад бярвеннямі, пахавалі. Я вырашыў абавязкова напісаць пра яго. Яшчэ не публікаваў, але тэкст ужо гатовы.

«Не маглі партызаны вяскоўцаў расстраляць»

Самыя вострыя дыскусіі на блогу выклікае тэма 8 мая 1943-га. Дзень, калі партызаны расстралялі 128 жыхароў вёскі. Многія спрачаюцца, бо не вераць, што партызаны маглі забіць мірных вяскоўцаў.

— Некаторыя на вуліцы запыняюць, кажуць: «Ну навошта ты так напісаў? А можа гэта не партызаны былі?...»

Але такая рэакцыя — хутчэй праява здзіўлення, а не агрэсіі, — мяркуе Дзмітрый.

Неяк ён з’ездзіў у суседняе Ніўнае на свята вёскі. Там зняў відэа, як мясцовая дзяўчына спявала «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. І выклаў на YouTube. Дзякуючы перадрукам ролік меў больш за 2000 праглядаў.

Мясцовыя пабачылі той ролік і чамусьці раззлаваліся. Пачалі пісаць: «Як вы маглі паказаць нашу вёску такім чынам? Мы ж нічым не горшыя за Налібакі. У нас было нават лепш, вы проста хацелі паказаць нас у горшым святле...»

— Мне такая рэакцыя нават спадабалася: такі лакальны патрыятызм, людзям баліць за сваю вёску. Але я не хацеў паказаць іх свята ў негатыўным святле. Людзі, напэўна, палічылі, што я мусіў зняць іншую песню, не такую вясёлую, больш урачыстую, жанчынаў у народных строях. Давялося нават перапісвацца з дзяўчынай з той вёскі, якая патрабавала дадаць у артыкул і «штосьці пазітыўнае», — прыгадаў Гурневіч.

«Навучыўся размаўляць па-беларуску за два-тры месяцы»

— Я нарадзіўся ў Беларусі, у вёсцы Дзераўная. Побач быў вайсковы гарадок, дзе служыў бацька. Ён сам з Налібак. Калі мне было 2 ці 3 гады, мы паехалі ва Узбекістан, бо бацьку накіравалі ў Афганістан. Потым быў усходні Берлін. Там жылі за 200 метраў ад сцяны. У 1992-м мы вярнуліся ў Беларусь, я пайшоў у вясковую беларускамоўную школу. Пасля двух класаў у рускамоўнай берлінскай школе. Па-беларуску я навучыўся гаварыць бадай за два-тры месяцы. Найбольш дала школа і настаўнікі. Тут усе гаварылі на мове, паштоўкі на святы падпісвалі на ёй. У мяне быў вельмі добры настаўнік беларускай мовы. Ён ніколі не казаў нам: паўсюль гаварыце па-беларуску! Але сам так рабіў, дзе б ні быў. Гэта быў вельмі павучальны прыклад, — прыгадаў Дзмітрый.

З бабулінымі сёстрамі, якія выехалі з Беларусі ў 1946-м. Пасля 12 гадзінаў інтэрв’ю

Мясцовымі гісторыямі ён захапіўся ад старэйшых. Памятае, як вечарамі дзед і бабуля пачыналі расказваць, і гэта было не горш за баевікі па тэлевізары. Старыя расказвалі страшныя гісторыі пра вайну, смешныя показкі з даваенных часоў.

Ад песні «Пра каханьне» да мітынгаў

Аднойчы Дзмітрый пабачыў на БТ кліп на песню «Пра каханьне» гурта N.R.M. і захацеў сабе такую касету. Паехаў у Мінск, у шапіку набыў газету «Беларуская маладзёжная». У ёй знайшоў абвестку пра продаж беларускіх касетаў і кніжак, і нумар тэлефона, як апынулася пазней, Віталя Супрановіча.

— Мы сустрэліся, пазнаёміліся. Той касеты не было, але я набыў іншыя. А Віталь даў мне кніг і запрасіў на нейкую імпрэзу. Гэта была выпадковая сустрэча з адным чалавекам, з якім я не быў да таго знаёмы. Але мне тады спадабалася: я схадзіў на тую імпрэзу, а потым былі мітынгі, — прыгадаў Дзмітрый, як стаў цікавіцца палітыкай.

З будучай жонкай жылі на адной вуліцы

Жонка Юлія — суседка Дзмірыя праз дваццаць двароў. Пасля сканчэння музыкалогіі ў Беларусі яна вывучала псіхалогію ў Варшаве. Там яны і ажаніліся.

— У нас двое дзяцей: Максу 7 год, Яну на днях споўнілася 3. Меншы пайшоў у садок, старэйшы ходзіць у першы клас польскай школы. Абое абсалютна вольна гавораць па-беларуску. Без ніякага акцэнту, бо мы дома гаворым толькі па-беларуску. Але таксама без акцэнту гавораць па-польску, малы яшчэ вучыць англійскую, — расказаў Дзмітрый.

Дзеці Гурневічаў у Налібаках

У іх сям’і ёсць няпісанае правіла: дзеці павінны шмат часу праводзіць у вёсцы.

— Стараемся, каб штогод яны з намі там былі хаця б два месяцы. Натуральна, дзеці ніколі не кампенсуюць таго часу, што яны не бавяць у Беларусі, жывучы ў Варшаве. Але мы хочам, каб яны разумелі і вёску, і людзей. Каб гаварылі на адной мове, каб камунікавалі з людзьмі на адной хвалі. І мне здаецца, што ў нас гэта атрымалася.

Па словах Дзмітрыя, яго дзеці ўмеюць і на трасянцы гаварыць, і па-руску — навучыліся ад дзяцей нашых аднагодкаў, што прыязджаюць з Мінска. І ў сваю чаргу іх вучаць беларускай. Дзеці з Варшавы — дзяцей з Мінска.

— Я пакрысе ўжо расказваю ім мясцовыя гісторыі, каб яны гэта ўсё разумелі. І для іх самы рай на зямлі — гэта ў Налібаках. Ні за мяжой недзе, ні на моры. Я, бывае, пытаюся ў іх: «Ну што, дзе вам лепш — у Варшаве, ці ў Налібаках?» Адразу — толькі Налібакі! Яны хочуць у вёску, каб іх дзед катаў на трактары, на возера Кромань, у лес. Нам вельмі важна, каб нашы дзеці ўспрымалі Беларусь, як сваю краіну. Не як Эстонію ці Латвію, то бок, чарговую краіну, у якую можна паехаць на выхадныя.

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gazettaby@gmail.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)