«Не вытрымліваюць нервы, пасля дзяжурстваў плачаш». Дактары пра разгар чацвёртай хвалі каранавіруса

У бальніцах аддаюць пад кавід усё больш аддзяленняў, кажуць пра павелічэнне цяжкіх пацыентаў і знясіленне персаналу. Наша Ніва запісала назіранні дактароў з розных рэгіёнаў.

«Месцы ў мiнусах — загрузка на 105-110%»

Горш за першую хвалю — так апісвае сітуацыю адзін са сталічных дактароў.

— Месцы у мiнусах — загрузка на 105-110%. Дзесьці прыстаўныя ложкі дадалі, а дзесьці пад палаты прыстасавалі былыя падсобныя памяшканні, — кажа ён пра абстаноўку ў 10-й бальніцы. — Кiслароду хапае збольшага, але ўпрытык. Гэта з улiкам таго, што з часоў першай хвалi дадатковыя кропкi правялi.

Нягледзячы на загрузку, недалечаных дадому не адпраўляюць, трымаюць, колькi патрэбна, да стану, калi не страшна выпісаць.

«Чыстым» аддзяленнем у бальніцы засталася афтальмалогія. Яе аддзялілі сценамі ад астатняй клінікі і зрабілі асобны ўваход.

— Хвароба памаладзела. Зараз большасць пацыентаў — 40-60 гадоў, але бывае, што ў рэанімацыю трапляюць і людзі, маладзейшыя за 30. Хутчэй за ўсе таму, што іншы штам гуляе — тая самая дэльта.

Прышчэпленых вельмі мала, і яны хварэюць значна лягчэй. У рэанімацыі такіх было, здаецца, два чалавекі. Прычым абое вакцынаваліся ў першых партыях, больш за паўгода таму, і ўжо быў час рэвакцынацыі, — дзеліцца медык назіраннямі.

Па яго словах, хворых цяпер больш і хварэюць яны цяжэй. Больш людзей с дыхальнай недастатковасцю, стойкай ліхаманкай, якую цяжка збіць, часцей здараюцца ўскладненні.

«Не вытрымліваюць нервы, мы працуем на знос»

У 5-й бальніцы Мінска пад каранавірус перапрафілявалі неўралагічны корпус.

— Штодзень патрабуюць больш выпісваць ці пераводзіць пацыентаў, але гэтыя месцы вельмі хутка запаўняюцца. Наш корпус не разлічваўся на пульманалагічных пацыентаў, на трох этажах няма кіслароду (цэнтральнай разводкі), таму яго не хапае.

Днямі адкрыўся стары корпус, аддзяленне на 45 ложкаў. Умовы не лепшыя, але ёсць кісларод. Ужо заклалі і гэтае аддзяленне цалкам, — расказвае доктарка.

Працаваць цяжка, бо ў аддзяленнях не хапае медыкаў.

— Не вытрымліваюць нервы, пастаянна на нас выліваецца столькі негатыву. Мы працуем на знос, але людзі ўсё адно лаюцца, нібыта мы вінаватыя, што месцаў няма ва ўсім горадзе.

Праца суткамі, да ночы не можаш выйсці з «бруднай» зоны, няма часу нават збегаць у туалет. А паесці наогул раскоша — учора паелі толькі а 22-й гадзіне. Яшчэ былі людзі, але мы ўжо самі валіліся з ног.

Цяпер выразна бачна знясіленне і эмацыйнае выгаранне ў дактароў, а далей будзе толькі горш, пасля дзяжурстваў плачаш. Ні пра якое асабістае жыццё не ідзе размова, прыходжу дадому і нічога не магу рабіць, — эмацыйна расказвае суразмоўца.

За час эпідэміі ў медыкаў назапасіўся досвед працы з кавідам, новыя метады лячэння, таму ўдаецца дапамагчы большай колькасцю людзей. Па словах доктаркі, памірае шмат, але менш, чым у папярэднія хвалі.

— Але трэба ўлічваць, што за ўвесь час вельмі шмат памерла людзей з уразлівай групы — пажылыя, імунадэфіцытныя са спадарожнай паталогіяй.

Ва ўсіх бальніцах вядзецца статыстыка пацыентаў, якія захварэлі пасля вакцынацыі. Гэта невялікая колькасць людзей, і каранавірус яны пераносяць не так цяжка. Сваіх бацькоў я прышчапіла.

«Адчування ўсеальнай катастрофы няма, але праблема з планавай дапамогай»

У Віцебску абласная бальніца часткова перапрафілявана пад каранавірус: уралагічны корпус, нефралагічны і дадатковыя рэанімацыйныя ложкі. Кавідныя месцы ўсе занятыя.

— Занятыя, бо людзі ўсімі магчымымі спосабамі адусюль спрабуюць патрапіць у абласную бальніцу. У ёй насамрэч лепш лечаць кавід, чым у любым іншыя стацыянары.

Па некавідных ложках— планавай шпіталізацыі няма, на экстранную дапамогу месцаў упрытык, але хапае.

У многіх іншых бальніцах перапрафіляваны аддзяленні пад каранавірус. Там месцы ў прынцыпе ёсць. Адчуванне, што агулам па горадзе застаецца яшчэ запас па ложках. Цяжкіх пацыентаў шмат, але гэта зразумела, паколькі пры павелічэнні колькасці хворых прапарцыйна павялічваецца колькасць цяжкіх», — тлумачыць віцебскі доктар.

Адчування ўсеальнай катастрофы няма — Віцебск ужо не ўпершыню ў такой сітуацыі аказваецца. Праблема толькі з пацыентамі, якім неабходна планавая дапамога. Асабліва пакутуе онкадапамога.

— Усё падобна на першую хвалю, толькі мы ўжо крыху ў курсе. Дактары менш хварэюць, чым тады (вялікі працэнт прышчэпленых і адзін аднаго менш зараджаем).

Па ўзросце пацыентаў прынцыповай розніцы няма: чым старэйшыя, тым больш хварэюць. Чым ніжэйшы сацыяльны статус, тым часцей зараджаюцца.

«Калі ў жніўні было 10 выклікаў за дзень, то цяпер 50»

У раёнах таксама напружана.

— Значна павялічылася колькасць выклікаў з каранавірусам. Калі ў жніўні было 10 за дзень, то цяпер 50, — дзеліцца медык з Мар’інай Горкі.

Сярод пацыентаў у раёне цяпер шмат дзяцей і людзей ва ўзросце 40-50 год. Прышчэпленыя сярод іх ёсць, асабліва ў ліку кантактаў першага ўзроўню.

— Вакцына не выключае, што чалавек захварэе, яна аблягчае сімптомы. Вакцынаваня пераносяць каранавірус у лёгкай ці бессімптомнай форме. Некаторыя самі кажуць, што не захварэлі, хоць жывуць у адной кватры з хворым чалавекам.

Пытанне шпіталізацыі звычайна вырашаецца да прыезду брыгады хуткай дапамогі — яго вырашае доктар, які пачынаў лячэнне і адпраўляў на мазок ці здымак.

— Калі ёсць пнеўманія, пацверджаны ПЛР-тэст, сатурацыя ніжэйшая за норму, то вязуць у бальніцу. У мае змены дастаўлялі ў нашу раённую.

Медык кажа, што пік хвалі чакаюць бліжэй да зімы, як гэта бывае з іншымі сезоннымі захворваннямі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:12)