Коктейль

«Не сумую па Акцябрскім». Як правінцыйны блогер зьехаў зь Беларусі і стварае хіты з опэрнай сьпявачкай

«У гэтыя цяжкія страшныя часы беларусам не хапае шоў і забавы. Мы ім гэта даём», — кажа Радыё Свабода блогер і адзін з аўтараў дуэту «Красная Зелень» Андрэй Павук. Пасьля выбараў ён пераехаў у Вільню, пазнаёміўся з опэрнай сьпявачкай Маргарытай Ляўчук, і ўдваіх яны цяпер «ірвуць інтэрнэт».

Андрэй Павук і Маргарыта Ляўчук

Іх першы канцэрт на Youtube сабраў каля 100 тысяч праглядаў.

А апошнюю песьню «Толька Матолька» паслухалі больш за 400 тысяч разоў.

Пра сакрэт папулярнасьці песень разважае аўтар Андрэй Павук. Ён стварыў хіт «Я из деревни», супольнасьць у сацыяльных сетках «Рудабельская паказуха», троліў чыноўнікаў з Акцябрскага. Цяпер блогер зь сям’ёй жыве ў Вільні. «І ні пра што не шкадую», — падкрэсьлівае Андрэй.

 Маргарытай Ляўчук ён выпадкова пазнаёміўся ў Вільні, куды пераехалі абое пасьля падзей у Беларусі.

«Зь ёй знайшлі агульную мову. Працуем хутка і прадуктыўна. На «Толька Матолька» я прыдумаў словы ранкам, а вечарам мы ўжо запісалі песьню. Я сам зьдзівіўся сотням тысяч праглядаў! Людзі адчуваюць свой саўдзел з намі. Калі ўсё забаронена ў Беларусі, любая актыўнасьць, выказваньне думкі — то яшчэ можа паставіць лайк, прасунуць відэа і тым самым паказаць свой пратэст і салідарнасьць. Гэтага так не хапае людзям у гэты цёмны і страшны час — шоў, забавы. Яны як галодныя — вельмі насычаюцца пазытывам у нас. Дзякуючы нам яны маюць магчымасьць пасьмяяцца і пазлараднічаць над акупантам», — тлумачыць блогер.

Ён дадае, што яны з Маргарытай блізкія слухачам, бо «мы ж свае людзі, з глыбінкі, пра нас усе ведаюць і ўспрымаюць як родных».

Акцябрскі — ІЧУ — Эгіпет — Вільня

На выбарах Андрэй Павук і ягоная жонка Вольга займаліся назіраньнем. Здымалі відэа на ўчастках, нэрвавалі мясцовых чыноўнікаў. Па выніку 7 жніўня Андрэя арыштавалі на 15 сутак. Адседзеў 10. Выйшаў — і пайшоў здымаць праўладны мітынг. Потым сястра Вольгі раздабыла для сям’і гарачыя пуцёўкі ў Эгіпет. І яны паехалі са сваімі малымі дзецьмі.

Андрэй Павук з жонкай Вольгай

«Паехалі, каб зьмяніць абстаноўку. Як аказалася ўжо потым, гэта было лёсавызначальнае рашэньне. І дастаткова пасьпяховае — забягаючы наперад, што паехалі тады ўсе разам, зь дзецьмі. У Эгіпце мне не спадабалася, мы пакутавалі ад сьпёкі. У гэты час нас пачалі цкаваць у сацыяльных сетках адэпты БРСМ і дзяржаўнай ідэалёгіі. Мы параіліся зь людзьмі і вырашылі пакуль не вяртацца дахаты. Тым больш на Радзіме сытуацыя пагаршалася. 5 верасьня мы былі ў Вільні», — расказвае блогер.

Месяц Павукі жылі ў хостэле, потым знайшлі кватэру.

«Таксама нас на той момант падтрымалі данатамі нашы падпісчыкі. Так удалося пратрымацца. Дзяцей аддалі ў рускамоўную школу. Ня буду казаць якую, бо дома намі і цяпер цікавяцца — дзе мы і што мы. У той віленскай школе нам трапілася настаўніца, такая тыповая, савецкая, „ябацька“, якая казала дзецям: „Ну што там ваша Ціханоўская?!“ Многія людзі, якія жывуць у Вільні і нарадзіліся ў СССР, дагэтуль добрай думкі пра Лукашэнку», — дзівіцца Андрэй.

З дачкой

Першым часам яму было «няўтульна», але потым, «ацэньваючы ўвесь трэш, які адбываецца ў Беларусі», блогер стаў лічыць, што яму зь сям’ёй вельмі пашанцавала.

«Я адчуваю сябе тут на сваім месцы. Запісваю песьні. Магу ў супрацы зь іншымі людзьмі весьці контрапрапаганду. Некалі ў Акцябрскім, калі я сышоў з працы ў сфэры адукацыі, у мяне было адчуваньне, што зь мяне зьнялі ланцуг. Цяпер мне яшчэ лепш і вальней», — кажа Андрэй.

«Маці зьмірылася, што я бунтар. Так што ўсе задаволеныя»

Першым часам Андрэй яшчэ задумваўся пра вяртаньне ў Акцябрскі. Потым вырашыў, што ўжо і ня хоча.

«Як той казаў: „Пакуль людзі не папросяць аб гэтым — каб я вярнуўся“. Я ня думаю, што я буду патрэбны рудабельцам на гэтым этапе. А ехаць туды — гэта пагроза маёй свабодзе. Я не сумую ані па Акцябрскім, ані па сваяках. Нарэшце зьявілася нагода, каб зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага. Тут я пазбавіўся нэрвознасьці, побытавых праблем, дакараньняў з боку сваякоў. Маці, шчыра, мне перашкаджала рабіць тое, што я хацеў — ствараць. Але цяпер я ў бясьпецы, і яна зьмірылася, што я бунтар. Так што ўсе задаволеныя», — кажа блогер.

Сын Андрэя Павука

Мясцовыя чыноўнікі, можа, і ўздыхнулі з палёгкай, калі Павук зьехаў.

«Але яны даўно былі пасаромлены сваёй жа няграматнасьцю! Ім цяпер дастаецца таксама, як і пры мне. І яны ўсё роўна, і безь мяне, выглядаюць сьмешна, яны безабаронныя перад рэальнасьцю. Некалі яны будуць апраўдвацца за свае ўчынкі, тады я хацеў бы ўзяць у іх камэнтар — як яны сябе адчуваюць», — разважае блогер.

Андрэй Павук здымае відэа для свайго YouTube-каналу «Рудабельская паказуха». Акцябрскі, 2016 год

«Шырокія масы пакуль не давяраюць опэры»

Павук лічыць, што слова «опэра» выклікае ў людзей «нейкія панылыя асацыяцыі».

Андрэй Павук і Маргарыта Ляўчук

«Наша грамадзтва пакуль не гатовае выйсьці на той узровень, каб палюбіць высокае мастацтва. Для Маргарыты Ляўчук важная справа — сьпяваць і аб’ядноўваць людзей праз мастацтва. Маргарыта — цікавы, унікальны чалавек. Але ёй не хапала выхаду на шырокія масы са зразумелым кантэнтам. Бо опэры шырокія масы не давяраюць — ну, нешта там прыгожа сьпяваюць, але нічога не зразумець. І так мы сышліся, бо мне таксама трэба быў прыгожы рупар для маіх песень. У Маргарыты быў YouTube-канал, які слаба разьвіваўся, а цяпер яна перагнала мяне па падпісчыках», — кажа Андрэй.

Пакуль ён цалкам задаволены. Кажа, што ў Вільні атрымаў нашмат больш, чым мог чакаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(50)