Общество

«Не шкадую ні пра што». Маці-адзіночцы з Івацэвічаў пагражае 3 гады хіміі — за смайлікі з гаўняшкай

Жанчына стала фігуранткай крымінальнай справы аб абразе міліцыянта. Вользе 33 гады, жыве з малой дачкой і мамай.

Як паведамляе Наша Нiва, у адным з тэлеграм-каналаў хтосьці апублікаваў інфармацыю пра супрацоўніка Івацэвіцкага РУУС. У каментарах выказалася і Вольга. Яна напісала «Знаёмая морда. Чалавек — ***». Толькі замест зорачак у яе каменце былі тры эмоджы з вясёлай гаўняшкай.

— У канцы лістапада я пакінула той камент. 16 снежня раніцай званок у дзверы. Мама адкрыла, увайшлі двое, адзін у цывільным, другі ў форме. Адзін мясцовы ўчастковы, другі з Брэста. Пачалі мяне апытваць. Я кажу: так, падпісаная на тэлеграм-канал. Каментар пакідала, — расказвае Вольга. — Пераапранулася, паехалі ў РАУС. Яшчэ па дарозе ім сказала: выбачацца на камеру я не буду, калі шукаеце чарговую лахушку, каб паказаць па тэлебачанні, то не на тую патрапілі.

Пакуль я была ў РАУСе, у мяне дома правялі вобшук.

У міліцыі мне трохі пагражалі, казалі, што адвязуць у СІЗА. Я кажу: ну то вязіце, трэба будзе — пасяджу.

У выніку забралі тэлефон.

Прадаставілі мне адвакатку, але яна мяне больш запалохвала, чым тыя міліцыянты. Адвакатка казала: а што ж ты такое зрабіла, міліцыянты такія добрыя, і далей у такім стылі.

Кажа: скажы «дзякуй», што цябе па БТ не паказалі; а зараз яшчэ і дзіця тваё могуць адабраць…

І адвакатка, і адзін са следчых мне казалі: вось ты не працуеш, а ўсім бясплатна карыстаешся! Мяне зачапіла, я адказваю: «Бясплатна? У мяне дзіця ў садок ходзіць — мы там амаль за ўсё плацім! То адно ім купі, до другое! Ці медыцына ў нас бясплатная?»

Ну і цяпер я пад падпіскай аб нявыездзе і падазраваная па артыкуле 369».

Гэты артыкул — публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Пакаранне да 3 гадоў абмежавання волі. Вольгу як маці непаўнагадовага дзіцяці, найхутчэй, могуць аштрафаваць ці адправіць на хатнюю хімію.

Пакуль што абвінавачванне жанчыне не выставілі.

— Цяпер трэба знайсці сталую працу, бо могуць пачацца праблемы, яшчэ паспрабуюць дачку адабраць, — кажа Вольга, але ж яна запэўнівае, што шкадаванняў няма. — Не шкадую ні пра што. Прасіць прабачэння не буду. Калі нейкі чалавек гаўно, я яму і ў вочы магу гэта сказаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)