Экономика

«Не магу здаць даляры». У некаторых беларусаў узьніклі праблемы з абменам валюты

У абменьніках даляры не бяруць, калі ёсьць плямы, цьвіль, штампы. Прычына можа быць у санкцыях, бо старыя купюры нельга здаць, піша Радыё Свабода.

Адразу некалькі чалавек падзяліліся са Свабодай праблемай з продажам валюты ў Беларусі ў абменьніках.

Адзін з суразмоўцаў кажа, што купюру наміналам у 100 даляраў ня сталі браць адразу ў некалькіх банках. У адным на ёй убачылі пляму, у другім сказалі, што гэта грашовая цьвіль і яе ня возьмуць. Здаць купюру праз аўтаматычны тэрмінал абмену таксама не ўдалося.

У іншым выпадку ў чалавека адмовіліся прымаць купюру наміналам 20 даляраў. Аднак яе лёгка ўдалося абмяняць у іншай краіне. Прычына адмовы тая ж — грашовая цьвіль.

Яшчэ ў адным выпадку грошы не ўзялі ў беларускім абменьніку за штампы на іх. Пакуль праблема ня носіць масавага характару, гэта хутчэй адзінкавыя выпадкі, што пацьвярджаецца і статыстыкай Нацбанку. За студзень—сакавік фізычныя асобы больш прадавалі валюты, чым куплялі.

Чаму ўзьнікаюць праблемы

Зь лютага гэтага году беларускія банкі ўвялі адзіныя правілы абмену валюты. У іх прапісаны выпадкі, калі купюру могуць ня ўзяць за нейкія хібы. Беларускія банкі прымаюць замежныя купюры з адным надрывам ці надрэзам даўжынёй да 10 мілімэтраў.

На банкноце можа быць ня больш за 4 адтуліны (праколы) дыямэтрам да 1 мілімэтра. Ёсьць і абмежаваньне наконт праверкі банкноты ва ўльтрафіялетавых промнях. Калі на банкноце ва ўльтрафіялеце бачная пляма, то яна мусіць быць ня большай за квадрат, у якога адзін бок займае 30 мілімэтраў (ці тры квадраты з адным бокам да 10 мілімэтраў).

Ня можа быць парушаная структура паперы, банкнота не павінна крышыцца і рассыпацца. Абмежаваньні ня тычацца расейскіх рублёў. З 1 лютага «Прыёрбанк» таксама ўвёў абмежаваньні: цяпер у тэрміналах гэтага банку нельга абмяняць купюры ў 100 даляраў на рублі. Гэты банк быў адным зь нешматлікіх, у каго такая магчымасьць была.

«Банкам ня выгадныя даляры»

Экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык зважае на тое, што многія беларускія банкі трапілі пад санкцыі і цяпер ім ня вельмі выгадна мець справу з замежнай валютай.

— Многія банкі знаходзяцца пад санкцыямі, даляравыя разьлікі для іх ускладненыя, для іх няма асаблівага стымулу мець пасіўную валюту (даляры і эўра). Ім трэба недзе гэта разьмяшчаць, а попыт на валютныя крэдыты таксама зьнізіўся.

Натуральна, што яны імкнуцца зьніжаць колькасьць валютных апэрацый. Таксама праз санкцыі банкам стала складана пазбавіцца ад старых купюр, — расказвае Анатоль Харытончык.

ЗША ўвялі санкцыі і абмежаваньні для шэрагу беларускіх банкаў пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пад санкцыі трапілі Нацыянальны банк, «Беларусбанк», «Альфа Банк», Банк «Дабрабыт», «БелВЭБ», «Белінвэстбанк», «ВТБ-Беларусь», «Сбер Банк», «Белаграпрамбанк», «Банк разьвіцьця». Абмежаваньня тым ці іншым чынам закранулі і іншыя банкі.