Навумчык: «Сьвяты абавязак любой маці — якімі заўгодна спосабамі адмазаць сына ад службы ў такім войску»

Публiцыст адзначае, што пазбаўленьне ад ілюзій — хаця і балючы, але станоўчы працэс.

— Некалі ў фб мяне была спрэчка з маладымі журналістамі наконт беларускага войска, — пiша Сяргей Навумчык. — Я казаў, што лепш бы Беларусь ня мела ніякага войска, чым тое прарасейскае, якое ёсьць. Бо ў выпадку агрэсіі яно пяройдзе на бок Расеі.

Таксама я казаў, што сьвяты абавязак любой маці — якімі заўгодна спосабамі адмазаць сына ад службы ў такім войску.

У сьцьвярджэньні «лепш бы ніякага» было, вядома, палемічнае перабольшваньне (у выпадку сьмерці Лукашэнкі давялося б ствараць войска з нуля, а гэта працэс не аднаго года), а вось у «адмазаць» — ніякага. Але мне даказвалі, што ў беларускім войску ёсьць афіцэры-патрыёты, ну а прызыўнікі — увогуле пераважна нармальныя беларускія хлопцы, якія (як і малодшыя афіцэры-патрыёты, лейтэнанты і капітаны) ня будуць выконваць злачынных загадаў. То бок, загадаў у інтарэсах Расеі.

Я служыў два гады афіцэрам і ведаю, што лейтэнант — самая бяспраўная істота ў войску: на цябе няспынна цісьне начальства, і адначасна ты баішся, каб які салдат не ўчыніў чаго дурнога (і не дай Бог — застрэліўся), бо зь цябе здымуць скуру (колькі лістоў надыктаваў я салдатам да іх дзяўчат, з цытатамі ад Ясеніна да паўзабароненага тады любімага майго Пастэрнака — ня ведаю, чым тлумачылі яны пасьля дзембеля такі свой літаратурацэнтрычны выбух.

А размовы з салдатамі на тэму «Все бабы — .....!» пасьля «Я полюбила другого, пойми и прости!» (як правіла, далей ішла прыпіска «Если сможешь»). У такім выпадку, між іншым, салдата паўгады ня ставілі ў караўлі ня бралі на стрэльбы (у нашым дывізіёне аўтаматы выдавалі толькі пры заступленьні ў каравул і на вучэбныя стрэльбы).

Пасьля адказаў шаноўных апанэнтаў на пытаньне, — а ці служылі яны самі ў войску, і ці ведаюць, што ў выпадку невыкананьня загаду начальніка вайсковец ідзе пад трыбунал (а ў баявой сытуацыі атрымлівкае кулю ў лоб), я палічыў дыскусію бессэнсоўнай.

Беларускім войска было беларускім (і тое вельмі адносна) у 1992-93 гг, але ўжо ў той час Кебіч і кіраўніцтва Мінабароны масава звальнялі беларускіх афіцэраў-патрыётаў, запрашалі афіцэраў з РФ і расстаўляла іх на кіруючыя пасады ў міністэрстве і на камандныя — у вайсковых падразьдзяленьнях. Пры Лукашэнку працэс набыў татальны характар і ахапіў спэцслужбы.

І вось у жніўні 2020 мы ўбачылі, што «нармальныя беларускія хлопцы» гатовыя былі страляць — не, не ў расейскіх акупантаў — у свой народ.

А зараз беларускія малодшыя афіцэры і салдаты (у абсалютнай большасьці — нармальныя беларускія хлопцы, пры іншых умовах яны б апранулі і цішотку з «Пагоняй») удзельнічаюць разам з расейскім войскам-агрэсарам у сумесных вучэньнях, накіраваных супраць Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі. А фактычна — у перадфінішнай стадыі ваеннай акупацыі Беларусі.

Бо — загад.

Але добра, што цяпер ілюзіі наконт «войска-абаронцы» пачалі зьнікаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)