Валерыя Перапелкіна

Навумчык: «Сцэнары і байкоту, і ўдзелу ў рэферэндуме нельга назваць ідэальнымі»

Журналіст — пра розныя стратэгіі ў будучай кампаніі.

Фота са старонкі Сяргея Навумчыка ў Фэйсбуку

Байкот ці псаванне бюлетэняў? Філін папрасіў пракаментаваць журналіста і былога дэпутата Вярхоўнага Савета Сяргея Навумчыка прапанову дэмакратычных сіл браць удзел у рэферэндуме па Канстытуцыі. Ці будзе з гэтага плён? І ці ёсць сэнс распрацоўваць стратэгіі ў краіне, дзе пануе прававы дэфолт?

— Абодва варыянты: і байкот, і ўдзел нельга назваць ідэальнымі. Паколькі ў сітуацыі дзяржаўнага тэрору, а менавіта гэта зараз адбываецца ў Беларусі, ніякай стратэгіі ад загнанай фактычна ў падполле, турмы ці эміграцыю апазіцыі, быць проста не можа.

Любы план не будзе эфектыўным. У закліках прыходзіць і псаваць бюлетэні ёсць свае мінусы. Лукашэнку патрэбна яўка, каб як мага больш людзей прыйшлі на ўчасткі. А Ярмошына ўжо намалюе правільную лічбу.

Аднак гэта і мінус байкоту: яўку і так можна сфальсіфікаваць. Апошнія гады былі выпадкі, калі на так званыя парламенцкія выбары прыходзіла мінімальная колькасць людзей. Бацькі ў Віцебску расказвалі, што цягам гадзіны яны былі ледзь не адзіныя на ўчастку. І гэта ў цэнтры горада на 300 тысяч чалавек. Тым не менш, усе было намалявана.

Канечне, праз тыдзень можа ўсё змяніцца, таму прагнозы сёння носяць эфемерны характар. Але з таго, што я бачу зараз, бясспрэчная адна рэч: да гэтага моманту Ціханоўская і яе штаб не паддаваліся на нейкія ініцыятывы Лукашэнкі. Яны самі задавалі павестку.

Так, мы можам казаць, што ў шэрагу выпадкаў гэта не прыводзіла да чаканага эфекту, але ў кожным разе рэжым мусіў нейкім чынам рэагаваць на тое, што прапанаваў офіс Святланы Ціханоўскай.

Зараз сітуацыя мяняецца: аб'яднаная апазіцыя прыняла навязаны сцэнар Лукашэнкі. Абсалютна можна прымаць сцэнар апанента, калі ты ўпэўнены, што зможаш яго перамагчы. Але ў дадзеным выпадку, з юрыдычнага пункту гледжання гэта азначае ў пэўнай ступені легітымізацыю Лукашэнкі. Падкрэсліваю, што гэта не ёсць прызнанне, але, безумоўна, крок да такога прызнання.

Калі ты не з'яўляешся легітымным кіраўніком, ты не маеш права ні міністраў прызначаць, ні законы падпісваць, ні выдаваць указы. У тым ліку ты не можаш ладзіць рэферэндумы.

Акрамя таго, суразмоўца адзначае, што Канстытуцыя ў прававых дзяржавах не прымаецца на рэферэндуме:

— Рэферэндум можна праводзіць па канкрэтным пытанні, скажам, «за» ці «супраць» вы смяротнага пакарання. А Канстытуцыя ахоплівае ўсе сферы жыцця, таму нейкі пункт чалавек можа падтрымліваць, а нейкі — наадварот. Як тады галасаваць?

Для гэтага існуе законна і дэмакратычна абраны парламент. Якога ў нас, дарэчы, таксама няма.

Другі мінус, які я бачу ў стратэгіі дэмакратычных сіл: сітуацыі цяперашняя і паўтара года назад кардынальна розныя. Людзі проста запалоханыя: ніякія законы, у тым ліку асноўны, не дзейнічаюць.

Любы публічны выступ, дэманстрацыя палітычнай пазіцыі, нават да расфарбоўкі шкарпэтак, мінімальна можа быць аднесены да пікета, а чалавек будзе пасаджаны на 15 сутак. Там з яго зробяць адбіўную ці ён проста пазбавіцца здароўя. Усе мы ведаем і сітуацыю з кавідам, у якіх умовах людзі там знаходзяцца.

На гэта ўся сістэма і разлічана. Не кажучы ўжо пра тое, што каму заўгодна могуць прышыць экстрэмізм і тады чалавек ужо пойдзе па этапе на гады. Дык вось, псаванне бюлетэняў, зборы пад выбарчымі ўчасткамі, каб дачакацца вынікаў, — гэта таксама можа быць расцэнена як парушэнне грамадскага парадку.

Рызыка несувымерная выніку, разумееце. Мы можам зноў пабачыць сотні людзей, я бяру самы мяккі варыянт, кінутых за краты на 15 ці 30 сутак і, адпаведна звольненых з працы. А ўсё роўна ў выніку галасавання будуць напісаныя тыя лічбы, якія пажадае Ярмошына.

Яшчэ існуе аргумент, маўляў, байкот дэмабілізуе, а заклік на ўчасткі мабілізуе. Зноў жа скажу, што сітуацыя зусім не такая, якой яна была ў жніўні 2020 года. Мабілізацыя, калі людзьмі апаноўвае абсалютны страх, не працуе.

Магчыма, у дэмсілаў ёсць у рукаве нейкі козыр, пра які мы зараз не ведаем. Аднак, мне падаецца, што мінусы байкоту цяпер меншыя, чым мінусы заклікаў да галасавання.

Ці былі ўдалыя байкоты ў гісторыі нашай краіны?

– Часам кажуць: байкот ніколі не даваў плёну. Дык а яго ніколі і не было. Не магу прыгадаць прыклад, калі б усе апазіцыйныя сілы выказаліся за байкот і актыўна яго праводзілі.

Было такое, што ў 2004 годзе перад рэферэндумам частка апанентаў Лукашэнкі заклікала: «Прыйдзі і скажы яму «не». Ну прыйшлі, а Ярмошына напісала «так». Аргумент, што байкот не спрацоўваў, выбачайце за таўталогію, не спрацоўвае.

Якая стратэгія магла б даць станоўчы вынік, ці існуе такая ўвогуле?

— Па маёй суб'ектыўнай ацэнцы, абсалютна рацыянальным было б якраз нацэльванне і арыентацыя сусветных палітыкаў на тое, што гэтая акцыя, якую рэжым называе рэферэндумам, ад пачатку і да канца нелегітымная. Яна будзе праводзіцца ва ўмовах несвабоды і з парушэннямі ўсіх законаў.

І вынікі гэтага так бы мовіць галасавання не павінны прызнавацца сусветнай супольнасцю. Гэта вельмі важны момант, які трэба давесці. Для дэмсіл з улікам напрацаванага больш чым за год міжнароднага досведу гэта рэальна.

Літаральна 24 лістапада споўнілася 25 год з дня правядзення рэферэндуму, вынікі якога былі не прызнанымі ў свеце. І некалькі гадоў чальцоў так званай палаты прадстаўнікоў не запрашалі на розныя міжнародныя форумы.

Мне здаецца, недзе ў гэтым накірунку і палягае рацыянальная стратэгія. На вялікі жаль, сітуацыя ў Беларусі зараз такая, што там палітыку рабіць практычна немагчыма, – заключае суразмоўца.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:50)