Навумчык: «Самым важным для Лукашэнкі павінна быць прызнаньне вяртанцамі іх уласнай памылкі»

Колькасьць зваротаў у камісію, якая займаецца вяртаньнем палітуцекачоў, паводле апошніх зьвестак, не дацягвае да трох дзясяткаў, — піша Сяргей Навумчык на Радыё Св*бода.

Сяргей Навумчык

— З улікам той увагі, якая надавалася гэтай тэме (Лукашэнка неаднаразова гаварыў пра яе дзейнасьць), такую колькасьць варта назваць не іначай, як фэерычным правалам. Я таксама быў сярод тых, хто пасьмяяўся з больш чым сьціплага папярэдняга выніку. Але потым сьмяяцца перастаў.

Назіральнікі называлі розныя магчымыя прычыны стварэньня камісіі — ад жаданьня вярнуць у краіну прафэсіяналаў (асабліва востра адчуваецца дэфіцыт мэдыкаў), да імкненьня завабіць палітэмігрантаў у пастку, каб адпомсьціць і жорстка пакараць.

Аднак цяпер выглядае, што гэтыя прычыны калі і былі, дык зусім не на першым месцы.

З разьлікам на прапаганду

Мне думаецца, што галоўная мэта камісіі — выключна прапагандысцкая. Разьлічаная, найперш, на тэлевізар. Які, як бы тое ні было, але немалая частка насельніцтва яшчэ глядзіць і па-ранейшаму верыць.

Заўважце: і генэральны пракурор, і іншыя сілавікі ў сваіх спробах патлумачыць сэнс і рэглямэнт дзейнасьці камісіі абавязкова гавораць пра пакаяньне як пра публічную дзею.

Калі ўявіць, што пасьля 2020 году Беларусь пакінулі толькі 100 тысяч чалавек (дакладнай колькасьці ніхто ня ведае, але звычайна апэруюць большымі лічбамі), а папросіцца вярнуцца толькі адзін з тысячы — назьбіраецца сотня чалавек. Для запаўненьня «кадравага дэфіцыту» — мізэр, проста нішто. Для прапагандысцкіх відэасюжэтаў — дастаткова, нават з запасам.

Прычым сюжэты могуць быць ня толькі на адну-дзьве хвіліны, як запісвае ГУБАЗіК, — разьлічваюць, трэба думаць, на працяглыя «душэўныя» гутаркі, кшталту той, што ў 2021 годзе рабіў з Раманам Пратасевічам тэлепрапагандыст Маркаў. Каб былі і шчыраваньні, і паўзы, і сьлёзы.

Таму ў складзе камісіі такая колькасьць прапагандыстаў. Выглядае, ім даручана адабраць найбольш пэрспэктыўных (з пункту гледжаньня ўзьдзеяньня на спажыўцоў іх тэле- ды іншай прадукцыі) асобаў, зь якімі зробяць «пакаяльныя» сюжэты.

І ўжо на стадыі разгляду заявак яны, прапагандысты, адбяруць сабе герояў (а лепей сказаць — ахвяраў), зь якімі і будуць працаваць.

У тых відэасюжэтах ды працяглых інтэрвію можна чакаць чаго заўгодна — і скаргаў на тое, як цяжка жывецца простаму чалавеку ў краінах ЭЗ, і пра моцную тугу па Радзіме (настолькі моцную, што дзеля яе згодныя нават адбыць тэрмін пакараньня).

І, вядома, не абыдзецца бяз словаў удзячнасьці за праяўленую літасьць з боку Лукашэнкі, які прыняў «блудных дачок і сыноў», дараваў ім, зьменшыў пакараньне да мінімуму ці ўвогуле яго скасаваў.

Але ня гэта будзе галоўным.

Прызнаць, што ў 2020-м памыліліся

Самым важным для ўлады, для самога Лукашэнкі павінна быць прызнаньне вяртанцамі іх уласнай памылкі. Не, ня ў тым, што парушылі закон аб масавых мерапрыемствах ці напісалі зьедлівы камэнтар пра сілавіка ў сацсетках. (Хаця пра гэта давядзецца сказаць таксама).

Галоўнае — прызнаньне памылкі палітычнай, зробленай у 2020 годзе (дарэчы, заўважце: камісія працуе менавіта з тымі, хто выехаў у выніку падзеяў 2020-га, ранейшыя эмігранты яе не цікавяць).

Уладзе патрэбныя гучныя, на ўсю краіну заявы пра тое, што масавы выступ супраць Аляксандра Рыгоравіча ў 2020-м быў памылкай. Што ён, толькі ён адзін і ніхто іншы павінен быць на чале дзяржавы.

І калі выступы былі памылкай, значыць, усё астатняе, усё тое, што рабілі ўлады і сілавікі, было правільным. Жорсткім, але правільным.

Ну і трэба ж глядзець у будучыню, а ў ёй — новая, чарговая выбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Хто будзе адзіным годным прэтэндэнтам на галоўную пасаду?

Правільна.

Рэальны рэйтынг Лукашэнкі (калі ён сёньня і большы, чым летам 2020-га) нельга параўнаць з тым, што быў у папярэднія гады. Многія сацыёлягі былі ўпэўненыя, што на ўсіх папярэдніх так званых выбарах Лукашэнка 50% галасоў набіраў (пра 80%, зразумела, не было гаворкі).

Цяпер пра палову галасоў Лукашэнка можа толькі марыць. Наўрад ці аналітыкі спэцслужбаў, якія распрацоўваюць альгарытмы палітычных дзеяньняў, маюць на гэты конт нейкія ілюзіі.

Вядома, можна, як і раней, напісаць у выніковай справаздачы ЦВК якую заўгодна лічбу, хоць сталінскія 99,99% — нават пры тым, што яўка на выбарчыя ўчасткі будзе мінімальнай. Але ўсё ж пажадана стварыць бачнасьць «выбарчага працэсу».

Працэс гэты павінен прайсьці ціха і спакойна, пры поўнай «грамадзянскай згодзе» і, як спадзяецца рэжым, мусіць «абнуліць» міжнароднае ўспрыманьне прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году як сфальшаваных, пакіне гэта ў мінулым.

Як зь якога-небудзь 2017-га «мякка-лібэральнага» году забывалася (ня ўсімі, вядома, але шмат кім) кроў на сьнезе перад Домам ураду ў сьнежні 2010-га, пабіты да непрытомнасьці Ўладзімер Някляеў ды кінутыя за краты іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Гэта якраз тое, што Лукашэнка называе «перагарнуць старонку».

Так што цяпер мы бачым ня толькі помсту і пакараньне за шматтысячныя шэсьці, але і пачатак новай прапагандысцкай выбарчай кампаніі, у якой «пакаяльныя» сюжэты ўдзельнікаў пратэстаў 2020-а, як разьлічваюць улады, павінны заняць сваё месца.

Праблема для рэжыму, аднак, у тым, што тыя дзясяткі тысяч, якія былі вымушаныя пакінуць Бацькаўшчыну – не сьпяшаюцца зьвяртацца ў камісію і, пэўна ж, ніколі ў яе ня зьвернуцца.

Бо ня лічаць абарону ўласнага права на выбар і на чалавечую годнасьць памылкай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(33)