Навумчык: «Самогонный аппарат в каждый дом!» можа стаць новай нацыянальнай ідэяй «русского мира»

Палітычны аглядальнік — пра новы, стратэгічна якасны этап змаганьня з расейскім агрэсарам, які, паводле ягонага меркавання, мае патэнцыял пераламіць сытуацыю ў Расеі.

Сяргей Навумчык

— Узброеныя сілы Ўкраіны ўдарылі дронамі па рускіх спіртзаводах (пакуль паведамілі пра тры, але, спадзяюся, гэта толькі прыстрэлка, разьмінка перад сапраўднай атакай), — піша Сяргей Навумчык. — Наступствы для Крамля могуць быць куды больш адчувальныя, чым бы Ўкраіна зьдзейсьніла доўгачаканыя ўдары па стратэгічных ваенных аб'ектах углыб Расеі.

Калісьці класік сказаў, што калі б ён заснуў і, прачнуўшыся праз 200 гадоў, запытаў, што ў Расеі новага, яму б адказалі: «Как и раньше, пьют и воруют!»

Як і раней, красьці — прывілея эліты. Праўда, сучасныя аб'ёмы пэрсанажам Гогаля і Салтыкова-Шчадрына ня сьніліся. Крадуць не заводамі — крадуць карпарацыямі і цэлымі галінамі вытворчасьці. І хаця ўся нафта і газаздабываючая сфэра даўно ўжо скрадзеная — пардон, прыватызаваная, — тое-сёе яшчэ засталося, пакаленні на два.

Галоўнае — народ гэтага не заўважае. Ды яму, прызнацца, да лямпачкі, хто там і колькі скраў, пакуль ня скралі два ягоных сьвятых права.

Першае — адчуваць сябе грамадзянінам «великой России». Тут усё нармальна, тэлевізар працуе.  А вось другое — права піць — апынаецца пад пагрозай.

Сотні тысяч (а ў пэрспэктыве мільёны) трунаў замест сыноў і мужоў рускія бабы Пуціну даруюць. Ды што там даруюць — дзякуй яшчэ за кампэнсацыю скажуць.

А вось калі мужыкам ня будзе што заліць у горла — тут ён можа і пачацца славуты «русский бунт, бессмысленный и беспощадный». 

Пуціну застаецца спадзявацца хіба што на вынаходлівасьць рускага чалавека і досьвед новага геапалітычнага гаспадара Масквы — Кітаю. У свой час Мао ўзяў курс на «малую мэталургію» — і запрацавалі мільённы сямейных доменных печаў, якія выпускалі па колькі грамаў патрэбнага для «вялікага эканамічнага рыўка» жалеза.

«Самогонный аппарат в каждый дом!» можа стаць новай нацыянальнай ідэяй «русского мира».

Праўда, для гэтага частку ваенных заводаў давядзецца перапрафіляваць на вытворчасьць змеевікоў, бо бяз гэтай важнай канструкцыі не атрымаеш нават пасрэднае пойла, а ня тое што колькі-небудзь якасны «первач».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(95)