Навумчык: «Разьлічваць трэба на вельмі няпростыя і вельмі доўгія гады»

Аб тым, што незалежнасьць не даецца зь бязконцай гарантыяй.

– Для многіх, хто далучыўся да палітыкі ў 2020-м, не існавала нічога да гэтага году, – пiша журналiст Сяргей Навумчык. – Мала хто памятаў падзеі 2010-га, удзельнікі Плошчы-2006 уяўляліся пэрсанажамі з антычнасьці, ну а змаганьне канца 80-пачатку 90-х увогуле ўспрымалася нечым з дагістарычнай эпохі, чымсьці з паліяліту.

Тое, што ўдзельнікі 2020-га (ня ўсе, але многія) лічылі, што да іх не рабілася нічога, а калі і рабілася, дык няўмела і дрэнна, мае суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны.

Тут і максімалізм маладосьці, уласьцівае маладым нізьвярганьне старых аўтарытэтаў — што, канешне, непрыемна для аўтарытэтаў, але непазьбежна: гэта таксама складнік руху наперад, прыходзіць час, і вось ужо пазаўчорашніх «маладых» зрынаюць новыя маладыя.

Горш — тое, што дзесяцігодзьдзямі ад людзей замоўчвалі гістарычную праўду і бязбожна скажалі факты. Я ўжо неяк пісаў, што добра калі 1% беларусаў скажа, хто такі Луцкевіч — тады як калі ў ЗША на экзамэне на грамадзянства вы не адказалі, хто такі Джэфэрсан, вы экзамэн правалілі.

Таму і вераць міфам, што «беларусы ніколі не паўставалі супраць камуністаў», што «Пазьняк праводзіў прымусовую беларусізацыю», нарэшце, што «дзяржаўнасьць Беларусі пачалася з прыходу ў 1994 Лукашэнкі».

Я думаю, шмат якіх непаразуменьняў і канфліктаў удалося б пазьбегнуць, калі б кожны з нас разумеў: мы ня першыя ў змаганьні за Незалежнасьць Беларусі — за намі пакаленьні змагароў, цягам нават не дзесяцігодзьдзяў, а стагодзьдзяў.

І, на вялікі жаль, не на нас гэтае змаганьне скончыцца — падзеі разгортваюцца такім чынам, што разьлічваць трэба на вельмі няпростыя і вельмі доўгія гады.

Нам, нашаму пакаленьню, пашчасьціла дамагчыся Незалежнасьці, але змагацца за яе давядзецца і нашчадкам. Напэўна, гэта такая катэгорыя, якая не даецца з пажыцьцёвай, бясконцай гарантыяй, яе трэба пацьвярджаць увесь час, занадта ўжо шмат ахвотных беларусаў яе пазбавіць.

Падумалася, што самыя велічныя, самыя шэдэўральныя эўрапейскія храмы будаваліся і па 200, і па 300 гадоў. Гэта значыць, што дойліды ведалі: яны не ўбачаць ажыцьцяўленьня іх задумы.

І вось калі мы настроімся на доўгую-доўгую працу, вынік якой, магчыма, скарыстаюць толькі нашыя ўнукі — вось тады мы і будзем на слушным, а галоўнае, плённым шляху.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(31)