Навумчык: «Людзей з двума і болей грамадзянствамі рэжым успрымае як вельмі выгодны тавар, якім можна будзе гандлянуць з Захадам»
Пісьменнік і журналіст — пра затрыманне ў Маскве беларуска-амерыканскага адваката Юрася Зянковіча.
Юрась Зянковіч, фота Радыё Свабода
Пісьменнік Сяргей Навумчык:
— Па законах Беларусі (уявіце — такія яшчэ існуюць!) грамадзяніна Беларусі, які мае іншае грамадзянства, у Беларусі ў прававым аспэкце ўспрымаюць выключна і толькі як грамадзяніна Беларусі. Іншае грамадзянства фармальна ня мае значэньня.
Арышт паліттэхнолага з грамадзянствам ЗША і Беларусі (забыўся прозьвішча, яго потым вызвалілі пасьля званка Пампео, ды й неістотна ягонае прозьвішча, ён цяпер маўчыць, як мыш пад венікам), арышт шаноўнай, мужнай спадарыні Натальлі Хершэ, грамадзянкі Беларусі і Швэйцарыі, і вось цяпер выкраданьне і арышт грамадзяніна Беларусі і ЗША Юрася Зяньковіча паказваюць пэўную тэндэнцыю: людзей з двума і болей грамадзянствамі рэжым успрымае як вельмі выгодны тавар, якім можна будзе гандлянуць з Захадам.
Падазраю, гэта не апошні выпадак. Нагодай для арышту можа быць, ды вось хоць бы — «галстук у вас красный на фоне белой рубашки, устраиваете здесь пикет в аэропорту, пройдёмте, гражданин, органы разберутся, органы не ошибаются».
Дзесяць, дваццаць разоў падумайце, перш чым ляцець у Беларусь, калі маеце і іншае грамадзянства Вы — не грамадзянін, вы — разьменная манета.
Журналіст Радыё Свабода Dźmitry Hurnievič:
— Дзмітрый Балкунец своечасова ўцёк з Масквы. Я спачатку з недаверам паставіўся да таго, што ён там можа быць у небяспецы. Але справа Аляксандра Фядуты паказала, што гэта было рэальна. Тым больш Балкунец пастаянна прымаў удзел у шоў на федэральных каналах пра Беларусь. Лукашэнка гэта моцна раздражняла.
А толькі што стала вядома, што ў Маскве затрымалі беларуска-амерыканскага адваката Юрася Зянковіча. Гэта было ў нядзелю. Ён ужо ў Мінску, у турме КДБ. Сведка затрымання, супрацоўніца гатэлю, паведаміла жонцы, што людзі, якія арыштоўвалі, тлумачылі прычыну — тэрарызм. А той факт, што затрыманні праводзілі супрацоўнікі КДБ на тэрыторыі Расеі, увогуле экстрацікавы.
Юрась, як многія яго ведаюць, досыць экстравагантны чалавек. Але ён даўно жыве ў ЗША, ад лета ён увогуле не быў у Беларусі. Нават у сваіх сацыяльных сетках ён рэдка нешта цяпер піша.
Увагі заслугоўвае яго допіс з сакавіка пра стварэнне нейкіх Дружын народнай самаабароны і анонс набору туды. Але працягу гісторыя, апрача адрасу бота ў тэлеграме, не мела і не ясна, што гэта такое.
У Маскве быў па бізнэсе. Можна меркаваць, што цяпер яго затрыманнем Менск будзе ціснуць на Вашынгтон перад 26 красавіка, калі Амерыка мае ўвесці санкцыі супраць рэжыму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное