Филин

Анастасія Зелянкова

Навумчык: «Лукашэнка самы выгодны для Крамля кіраўнік. Больш выгодным быў бы толькі сам Пуцін»

Як беларускай апазіцыі размаўляць з Крамлём? Ці ёсць у гэтым сэнс і хоць нейкая надзея быць пачутым?

Філін працягвае разбірацца ў хітраспляценнях ўзаемаадносін Крамля і лідараў беларускай апазіцыі. Палітык Сяргей Навумчык патлумачыў, чаму не варта жыць ілюзіямі ў адносінах да Масквы і што рабіць беларускай апазіцыі, калі яе ўпарта не хочуць слухаць?

— Пакуль усе намаганні, што прымаюцца апазіцыйнымі лідарамі ў плане наладжвання кантакту з кіраўніцтвам Расіі, маюць нулявы вынік. Што не так яны робяць? І наогул ці ёсць хоць нейкая надзея быць пачутым?

— Я перакананы, што ад пачатку спробы «размаўляць з Крамлём» пра што-небудзь іншае, чым пра крамлёўскую Цар-пушку ці Цар-колакал, былі асуджаныя на паразу. Спадзяванні, што Крэмль дапаможа нейкім чынам паспрыяць дэмакратызацыі Беларусі альбо пойдзе на супрацоўніцтва ў гэтым пытанні з апазіцыяй — абсалютна наіўныя.

Сяргей Навумчык. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку

Гаспадары Крамля ў сваёй краіне даўно ўжо знішчылі ўсе кволыя элементы дэмакратыі — з чаго раптам ім спрыяць дэмакратыі ў Беларусі?

Але прычына нават не ў гэтым. Крэмль не спрыяў дэмакратыі ў Беларусі і тады, калі там быў Ельцын.

Уся справа ў тым, што кіраўніцтва Расіі, увогуле расійскія статусныя палітыкі (незалежна ад партыйнай афарбоўкі) не прызнаюць Беларусь незалежнай краінай, а беларускі народ — самастойным, асобным ад расейцаў народам. Валерыя Навадворская, Сяргей Юшанкоў, Сяргей Кавалёў, магчыма, яшчэ два-тры прозвішчы — вось кароткі пералік тых, хто ўспрымаў Беларусь як незалежную краіну. Але гэтыя асобы ніколі не вызначалі накірункі расійскай палітыкі. Нават Барыс Нямцоў, пры ўсёй маёй да яго павазе, казаў, што беларусам, магчыма, варта б аб’яднацца з расейцамі пры іншых, дэмакратычных прэзідэнтах.

Расійскае кіраўніцтва не ўспрымала і ніколі не ўспрыме ніякага беларускага палітыка, які хоць бы ў мінімальнай ступені выступаў за нацыянальныя беларускія каштоўнасці, за самастойную, незалежную ад Масквы палітыку.

Вось у дачыненні да палітыкаў чэшскіх альбо польскіх, альбо літоўскіх — тут так, тут Крэмль гатовы падтрымліваць (і падтрымлівае) тых, хто цалкам за незалежнасць сваіх краін, але дэкларуе «ўсяго толькі» добрыя партнёрскія адносіны з Расіяй. У Маскве разумеюць, што выступіць за «інтэграцыю» з РФ у Польшчы — гэта падпісаць сабе як палітыку смяротны прысуд, таму рады ўжо словам пра «супрацоўніцтва».

А вось з Беларуссю — іншае. Умоўна кажучы, не 30% ці нават 99% адданасці Масква патрабуе ад беларускіх палітыкаў — а ўсе 100%.

І калі беларускі палітык не выяўляе такой поўнай адданасці, калі ён не гатовы самаліквідавацца як нацыянальны дзеяч і зрабіцца цалкам прарасійскім — падтрымкі Крамля ён не атрымае ніколі.

— Вы неяк казалі, што рана ці позна Беларусі ўсё роўна давядзецца вызначацца — ці на Захад ці на Усход. Дык, можа, скончыць гэтыя рэверансы ў бок Масквы, якія ўсё роўна не прыносяць выніку?

— Такія рэверансы апазіцыйнымі лідарамі рабіліся адразу пасля таго, як БНФ у 1995 годзе быў выціснуты з парламента і яго месца ў Вярхоўным Савеце занялі «аб’яднаныя дэмакраты» — Багданкевіч, Карпенка ды іншыя дэпутаты.

Хтосьці шукаў паразумення з чыноўнікамі ў крамлёўскай адміністрацыі, хтосьці нават піў чарку з Жырыноўскім. Некаторым нават абяцалі падтрымку. Але ўсё заўсёды скончвалася адным: падтрымкай Лукашэнкі. І ў часе так званага «канстытуцыйнага крызісу» восені 1996-га, калі «крамлёўскі дэсант» фактычна ўратаваў Лукашэнку ад непазбежнага імпічменту, і ў жніўні 2020-га, калі хаця б нейтральная пазіцыя Пуціна была б сігналам для беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў і, я перакананы, мела б у выніку сыход Лукашэнкі.

У мяне няма адказу на пытанне, колькі можна жыць ілюзіямі. Напэўна, бясконца. Але выніку гэта не дасць.

— Але нельга не прызнаць, што ні Захад, а менавіта Расія здольная ўплываць на статус Лукашэнкі, а значыць ігнараваць яе будзе няправільна.

— Паўплываць на Маскву беларускае грамадства не можа. Паўплываць можа толькі Захад, а канкрэтна — Вашынгтон.

На жаль, мы і цяпер не ведаем, у якім фармаце абмяркоўвалася Байдэнам беларуская тэма на сустрэчы з Пуціным у Жэневе, ці сапраўды, як некаторыя пішуць, Байдэн даў Пуціну паўгады на вырашэнне праблемы з Лукашэнкам, а калі даў — які варыянт Байдэна задаволіць. Магчыма, яго задаволіць спыненне рэпрэсій — і на гэтым усё. Канешне, гэта вельмі нагадвае 1921 год, сумнавядомую «рыжскую дамову», калі лёс беларусаў вырашылі без беларусаў.

Калі вас цікавіць маё асабістае меркаванне — я не вельмі спадзяюся на Байдэна. У ліпені 1996 года разам з Зянонам Пазьняком мы былі ў ягоным офісе ў Сенаце, ён тады ўзначальваў сенацкую камісію. Я падрабязна распавёў пра гэта ў сваёй кнізе «Дзевяноста шосты», цяпер жа абмяжуюся фразай гераіні старога савецкага фільма — «Хороший ты мужик. Но — не орёл!».

Справа не толькі ў адсутнасці палітыкаў, здольных паставіць цяперашняга гаспадара Крамля на месца.

Праблема ў тым, што сярод заходніх палітыкаў няма ці вельмі мала асоб, якія б мыслілі не «электаральнымі цыкламі» ў 4-5 гадоў (гэта значыць, што трэба рабіць, каб перамагчы на будучых выбарах), а стратэгічна — гадоў на 20-25. Як бы мне ні непрыемна было гэта прызнаваць, гэтак мысліць кіраўніцтва Расіі — толькі ў сваіх імперскіх мэтах.

Масква закладае ў палітыцы, у вайсковай сферы, у міжнародных стасунках элементы, якія спрацуюць толькі гадоў праз 15-25, але спрацуюць эфектыўна (іншая справа, што не ў інтарэсах дабра, скажам так).

Кіраўніцтва Беларусі ўвогуле жыве адным днём і адной мэтай – хапануць бабла, і хапануць сёння, бо заўтра можа быць позна.

Дык вось, калі б заходнія палітыкі мыслілі стратэгічна, яны б зразумелі, што захоп Беларусі Расіяй (нават пры захаванні фармальных атрыбутаў суверэнітэту) прывядзе да стварэння магутнага вайсковага плацдарму ў іх пад бокам, адкуль вельмі зручна наступаць і на Кіеў, і на Вільню, і на Варшаву, а далей — «можем повторить».

Урэшце, гэта (нават пры адсутнасці вайны) цягне абавязковае разгортванне аналагічнай па магутнасці вайсковай групоўкі НАТА, гэта сотні мільярдаў, якіх не далічацца ў выглядзе заробкаў ці пенсій іх выбаршчыкі. Ці думаюць пра гэта сённяшнія заходнія палітыкі? Сумняваюся.

— Дык што, адпусціць сітуацыю, разгарнуцца і спакойна працягваць працаваць у заходнім накірунку? І гэта прынясе вынік?

— Калі вы маеце на ўвазе міжнародныя візіты Святланы Ціханоўскай, то так, магчыма, сустрэчы з сусветнымі лідарамі могуць не прынесці жаданага выніку ў поўным аб’ёме і дакладна не дадуць яго вось цяпер. У палітыцы ўвогуле справы робяцца часцей за ўсё малымі крокамі — такая ўжо спецыфіка гэтай сферы.

Але калі б візіты гэтыя ўвогуле былі безвыніковымі — яны маюць тое значэнне, што Ціханоўская, наколькі вядома, на ўсіх сваіх сустрэчах нагадвае пра рэпрэсіі, пра палітычных вязняў і, што асабліва важна, – пра незалежнасць Беларусі.

Я не маю ніякіх ілюзій адносна заходніх палітыкаў і ведаю, што калі ім не нагадваць, яны забудуцца на Беларусь ужо назаўтра.

У 1997 годзе, калі шмат казалі пра грэблівыя адносіны тагачаснага расійскага прэм’ера, усемагутнага «газавага імператара» Чарнамырдзіна да Лукашэнкі, я напісаў артыкул у «Народнай волі», у якім выказаў меркаванне, што, калі Лукашэнка плюне Чарнамырдзіну ў твар, — прычым плюне ў літаральным сэнсе, – той усё роўна будзе яго падтрымліваць. Бо асабістае стаўленне — гэта адно, а дзяржаўныя інтарэсы — іншае.

Дык вось сітуацыя не змянілася. Так, Пуцін Лукашэнку не любіць, але разумее, што кожны іншы на ягоным месцы будзе менш прарасійскім. У «сухой рэшце» Лукашэнка самы выгодны для Крамля кіраўнік.

Больш выгодным быў бы толькі сам Пуцін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(61)