Навумчык: «Цяпер адной «нейтральнасьці» Лукашэнку мала. Яму трэба, каб яго любілі»

Палітык пра жаданне рэжыму ператварыць усе незалежныя СМІ ў «Советскую Белоруссию».

— Чытаю ў сацсетках: «TUT.BY — гэта ж не апазыцыйны рэсурс, яны стараліся трымацца нейтральнасьці і аб’ектыўнасьці, за што іх так?» А «так» заўсёды і адбываецца пры дыктатуры, — адзначае Сяргей Навумчык.

Пры Сталіне і Гітлеры ў іх тыраніях не было «нейтральных» газэт. Усе выданьні ўсхвалялі тыранаў. Кожны дзень. У кожным нумары.

І не было на свабодзе публічных асобаў — журналістаў, пісьменьнікаў, мастакоў, навукоўцаў, якія б не ўсхвалялі Сталіна. Ніводнага. Вершы пра Сталіна вы нойдзеце і ў Купалы, і ў Мандэльштама, і ў Ахматавай, і ў Пастарнака. Нават у іх. А адмова даць «зялёнае» сьвятло п’есе Булгакава «Батум», дзе быў выведзены вобраз маладога Сталіна (дыктатару не спадабалася, што ён паказаны не правадыром, а ўсяго толькі маладым рэвалюцыянэрам) — загнала аўтара «Майстра і Маргарыты» у магілу.

І вось цяпер надыходзіць у Беларусі час, калі адной «нейтральнасьці» Лукашэнку мала. Яму трэба, каб яго любілі.

У дачыненьні да СМІ гэта азначае — каб усхвалялі.

27 гадоў Лукашэнка ператвараў Беларусь у савецкую Беларусь.

Цяпер усе незалежныя СМІ ён хоча ператварыць ў «Советскую Белоруссию».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(79)