Навумчык: «Ці спынецца калі-небудзь гэтае зачараванае кола, якое нязьменна вяртае беларусаў у пачатковую кропку?»
Публіцыст — пр тое, што з'яўляецца ўмовай існаваньня і фізычнага выжываньня народа.
— Нядаўна прачытаў у адной дыскусіі папрок: «нашто кожны раз, як выбары, было даставаць Пагоню і БЧБ?.. Выкарыстаньне беларушчыны ў палітыцы як асноўнага сымбалю супраціву – гэта была дзярмовая стратэгія, якая заганяе кожны раз беларушчыну ў маргінэз». Між іншым, напісаў гэта чалавек, які рэальна шмат зрабіў у справе пашырэньня ўжытку беларускай мовы, — піша Сяргей Навумчык.
Пакінем у баку той бясспрэчны факт, што выбараў у Беларусі не было больш як тры дзесяцігодзьдзі. Важна тое, што ў гэтых словах выяўленае, на мой погляд, разуменьне (а дакладней – неразуменьне) сытуацыі, бяз зьмены якой немагчымыя ні дэмакратыя, ні тыя ж выбары, ні ўвогуле Беларусь як незалежная дзяржава.
Маю на ўвазе ўспрыманьне беларускай мовы і, шырэй, нацыянальных каштоўнасьцяў як сродку дасягненьня нейкай мэты, а не як умовы існаваньня нацыі.
Бо абраньне нейкага сродку (скажам, у выпадку хваробы – таго ці іншага леку) сапраўды можа быць памылковым і нават шкодным. Тады як перакрыцьцё паступленьня ў лёгкія паветра — гэта адназначна сьмерць, без варыянтаў.
Дык вось беларуская мова, прабачце за банальнасьць параўнаньня – гэта паветра. Умова жыцьця, а ня сродак.
І ўзьняцьцё Бел-Чырвона-Белага Сьцяга (не прымаю гэтай навязанай рэжымам абрэвіятуры «БЧБ»), пачынаючы з таго легендарнага мітынгу ля Курапатаў 30 кастрычніка 1988 году, ёсьць выяўленьнем менавіта гэтага памкненьня нацыі дыхаць. А гаварыць на роднай мове – натуральным жаданьнем, а ня нейкім спосабам камусьці штосьці давесьці.
Колькі гадоў таму я прачытаў у адным часопісу (калі не памыляюся, у ARCHE) аб'ёмісты тэкст аднаго нашага вядомага філосафа, у якім аўтар даводзіў памылковасьць імкненьня БНФ часоў Пазьняка стварыць канцэпцыю дзяржавы, сыходзячы з палажэньняў і нормаў, якія існавалі ў ВКЛ.
Прачытаў і ня ведаў, ці плакаць, ці сьмяяцца.
Справа ў тым, што канцэпцыя беларускай Незалежнасьці, распрацаваная дэпутатамі БНФ (а менавіта гэтак можна назваць пакет нашых законапраектаў, у тым ліку і канстытуцыйных), не была вынікам нейкага штучнага вырошчваньня «у прабірцы» — маўляў, давайце працягнем вось такія і такія канстытуцыйныя палажэньні часоў ВКЛ, і вось гэтыя пазыцыі, заяўленыя ў дакумэнтах БНР.
Я нават адкрыю сакрэт: асабіста мае веды што пра ВКЛ, што пра БНР, ва ўсялякім разе ў першы год дэпутацтва, маглі зьмясьціцца ў двух абзацах на палове аркуша паперы; ну што зробіш, я вучыўся ў звычайнай савецкай школе.
Падазраю, што ў некаторых іншых дэпутатаў БНФ яны былі яшчэ меншыя (зразумела, я ня маю на ўвазе гісторыкаў Алега Трусава ці Валянціна Голубева – апошні меў навуковую манаграфію па землеўладкаваньню ў ВКЛ).
Тое самае тычыцца і мовы: з двух з паловай дзясяткаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ у пачатку дзейнасьці Вярхоўнага Савета па-беларуску размаўлялі, як я цяпер падлічыў, толькі палова. Але неўзабаве па-беларуску пачалі размаўляць усе – і гэта пры тым, што ніхто нікому і ніколі ня выказаў і паў-слова папроку, не тлумачыў важнасьці мовы і г.д. Адбылося натуральна.
І тое, што наша канцэпцыя дзяржаўнага ўладкаваньня працягвала традыцыі, закладзеныя далёкімі і нядаўнімі (у гістарычным маштабе) папярэднікамі – таксама атрымалася цалкам натуральна і вынікала з усьведамленьня галоўнай умовы існаваньня нацыі. Магчыма, усьвядомленай нават больш інтуітыўнага, чым у выніку нейкага глыбокадумнага аналізу.
А менавіта: як мага далей ад Масквы. У палітыцы, у эканоміцы, у культуры, — ва ўсіх сфэрах жыцьця.
Тут палягала асноўнае адрозьнееньне БНФ і «раньняй» беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (ці, калі хочаце, нацыянал-дэмакратаў) ад «демократов вообще» (якія ўвасабляліся найпепрш у АДПБ-АГП) і бачылі Беларусь у саюзе з Масквой.
Нягледзячы на партыйныя пературбацыі, гэтыя дзьве плыні захаваліся і па сёньня.
Прыкметна, што ўжо з 1994 года «демократы вообще» крытыкавалі БНФ за нібыта «празьмерную акцэнтацыю на беларускай мове», ня проста замоўчваючы пытаньне захаваньня беларускай мовы, але нават і прапаноўваючы (АГП) увесьці дзяржаўнае двухмоў'е. На думку іх лідэраў, гэта дазволіла б узяць больш галасоў, чым меў іх БНФ.
Спачатку гэтак і атпрымалася. На выбарах у ВС-13 АГП выставіла ў акрузе Пазьняка філосафа Ўладзімера Мацкевіча зь ягонай рэзкай крытыкай БНФ, які хаця і не прайшлоў нават у другі тур, але крытычную колькасьць галасоў у лідэра БНФ адабраў (адсутнасьць Пазьняка ў складзе ВС-13 мела для лёсу дэмакратыі фатальны характар).
На тых выбарах ніводзін кандыдат БНФ увогуле ня быў прапушчаны ў парлямэнт, затое АГП утварыла досыць прадстаўнічую фракцыю.
Здавалася б, тактыка «толькі бяз мовы» перамагла. Але пасьля таго, як АГП зрабіла ваю справу, выцісьніўшы з парлямэнту БНФ, патрэба ў ёй зьнікла – у будучых «палатках» яе прадстаўнікоў ужо не было (да моманту красамоўнага зьяўленьня там Канапацкай).
Увогуле, гэтую тэорыю («ня трэба беларускай мовы, беларуская мова пужае людзей», «не ўздымайце нацыянальны сьцяг, бо не зразумеюць») я чую ўжо тры дзесяцігодзьдзі, і яна працягвае існаваньне, нягледзячы на тое, што яе рэтрансьлятары цярпяць паразу за паразай.
Мала таго – робяць сумнеўныя (мякка кажучы) для беларускай Незалежнасьці крокі (кшталту падпісаньня ў 2004 паміж АГП і Нямцовым дамовы, паводле якой беларуска-расейская «інтэграцыя» мусіла ісьці больш «цывілізавана», чым яе праводзіў Лукашэнка, ці заявы ў жніўні 2020-га паплечнікаў Бабарыкі і кіраўнікоў штабу Ціханоўскай пра намер захаваць у сіле ўсе падпісаныя паміж Пуціным і Лукашэнкам «саюзныя» дамоўленасьці. «Усе» — гэта значыць і наконт «саюзнай дзяржавы», якую Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагодзьдзя»).
Падобнае не прыносіла перамогі – але нязьменна адцягвала нацыянальнае сталеньне грамадзтва, накіроўвала яго на тупіковы шлях.
Ці спынецца калі-небудзь гэтае зачараванае кола, якое нязьменна вяртае беларусаў у кропку, зь якой даводзіцца пачынаць усё ледзь не спачатку? Ці ўсьвядоміць хаця б палітычна актыўная частка нашага грамадзтва, што нацыянальныя каштоўнасьці (найперш, мова) – ніякі не палітычны інструмэнт, ня сродак, а ўмова існаваньня народа, урэшце, умова фізычнага выжываньня?
У кантэксьце пераходу імпэрскай палітыкі Масквы да стадыі «гарачай вайны» словы «фізычнае выжываньне» перастаюць быць мэтафарай.
Читайте еще
Избранное