Навумчык: «Беларусь ужо ў руках Пуціна, бо Крэмль ажыцьцяўляе поўны вайсковы кантроль над яе тэрыторыяй»

Пісьменнік тлумачыць, чаму не можа далучыцца да радасных ацэнак у сувязі з заявай пра адвод расейскіх войскаў і да сьцьвярджэньняў, што Пуцін моцна прайграў.

— Ня толькі таму, што казаць пра пагрозы зьнікненьне нападу на Ўкраіну зарана, — піша Сяргей Навумчык. — Пуціну трэба «суцяшальны прыз», і такім можа быць (фактычна, ужо ёсьць) Беларусь.

Мы наўрад ці хутка даведаемся, ці сапраўды, як пра гэта казаў Пазьняк, уся сытуацыя вакол Украіны была разыграная, каб захапіць Беларусь, ці гэта атрымалася ў выніку сукупнасьці падзеяў, а галоўнай мэтай была Ўкраіна – ды гэтым разам Захад паказаў кулак.

Але ў рэальнасьці – Беларусь ужо ў руках Пуціна, бо Крэмль ажыцьцяўляе поўны вайсковы кантроль над яе тэрыторыяй. Я маю на ўвазе нават не прысутнасьць расейскіх войскаў, а гатоўнасьць Лукашэнкі імгненна выканаць якую заўгодна просьбу (калі не выкарыстоўваць слова «загад») Пуціна, а кіраўніцтва Мінабароны РБ – указаньне расейскага генштабу.

У такой сытуацыі, натуральна, Пуціну нават няма патрэба ісьці на поўную анэксію – Беларусь застанецца фармальна сувэрэннай, але вайсковы кантроль над тэрыторыяй будзе страчаны. Ужо страчаны.

Між іншым, ня бачу прычынаў, чаму Пуціну пасьля гэтага будзе мяняць Лукашэнку – ратацыі заўсёды нясуць патэнцыйную пагрозу дэстабілізацыі. А пра стабільнасьць страху, які ў выніку тэрору ўсталяваны ў Беларусі (увядзеньне расейскіх войскаў не сустрэла ніводнай публічнай масавай акцыі, хаця б адзіночнага пікету), – можа марыць любы акупант.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)