«Нават тыя, хто не размаўляе па-беларуску, усё роўна лічаць сябе беларусамі»
Сузаснавальніца курсаў беларускай мовы «Мова нанова», філолаг Алеся Літвіноўская ў межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» распавяла пра тое, у чым сакрэт шалёнай папулярнасці курсаў беларускай мовы, ці пройдзе мода на мову і колькі часу спатрэбілася першаму амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, каб загаварыць па-беларуску.
— Алеся, ведаю, што ў свой час дзякуючы вам беларускую мову вывучылі амбасадары Джордж Крол і Стэфан Эрыксан.
— Так, але таксама больш за 10 год я выкладала ў Мінскім лінгвістычным універсітэце, і мне вельмі падабалася гэтая праца.
Паралельна з 2003-га я працавала ў амерыканскай амбасадзе ў якасці моўнага інструктара беларускай і рускай мовы. У той час мне прапанавалі супрацоўніцтва з вядомай установы. Я сказала, што магу падумаць над прапановай выкладаць у іх, але ні над якімі іншымі думаць не збіраюся. Гэтая гісторыя цягнулася больш за год.
Супрацоўнікі ўстановы папярэдзілі, што супраць мяне прымуць нейкія меры. На той момант я ўжо на 0,75 стаўкі працавала ў амерыканскай амбасадзе. Лекцыі ў мяне былі толькі ў суботу, а ў нядзелю я ўжо літаральна валілася з ног і таму падумвала ўжо, што варта сыходзіць з іняза, бо не цягну гэтыя дзве працы.
У выніку са мной не працягнулі кантракт, але фармальных падставаў для гэтага не было ніякіх. Я была неблагім выкладчыкам, у мяне было шмат студэнтаў, былі курсавыя, дыпломныя працы і г.д. На наступны дзень мне патэлефанавалі «сябры з канторы»:
— Вы памятаеце, што мы вам абяцалі.
— Вы сабе не ўяўляеце, якую ласку вы мне зрабілі, — адказала я. — Мне было цяжка, я працавала амаль без выходных, і раптам прыйшлі вы і выратавалі мяне.
Пасля гэтага я сыйшла на стаўку ў амерыканскую амбасаду, працягвала выкладаць. Паралельна я працягвала займацца мовай і з прадстаўнікамі іншых амбасадаў. Так, Стэфан Эрыксан стаў маім вучнем.
— А якім вучнем быў Стэфан Эрыксан?
— Думаю, што не кожнаму выкладчыку такія вучні ўвогуле за ўсё жыццё трапляліся. Гэта лінгвістычна адораны чалавек.
Аказалася, што гэта не праца, а задавальненне. Ужо праз некалькі месяцаў ён пачаў гаварыць. Самае галоўнае, што ў яго было (і застаецца цяпер), — гэта матывацыя. Для яго цікавіца тым, з чым ён мае справу, таксама натуральна, як дыхаць, як жыць.
Ёсць дыпламаты, якія прыязджаюць у краіну, пакінуўшы душу і сэрца дома. Эрыксан быў поўнай процілегласцю. Ён узяў усё з сабой. Ён хацеў размаўляць па-беларуску — і ён гэтага дасягнуў.
Памятаю яго першы публічны выступ па-беларуску. Гэта адбылося гадоў восем таму, на фестывалі шведскага кіно, які праходзіў у кінатэатры «Мир».
Я прапанавала Эрыксану надрукаваць прамову на картцы і пакласці яе ў кішэню, бо розныя сітуацыі здараюцца. Стэфан кажа:
— Не, я буду гаварыць, а не чытаць.
— Добра, але няхай картка ў вас будзе, — настойвала я.
Стэфан нарэшце пагадзіўся.
Мы прыйшлі ў кінатэатр. Стэфан апынуўся за кулісамі, а я — у залі. Калі я ўбачыла, што палова месцаў занятая салдатамі тэрміновай службы, зразумела, што ў яго будзе шок.
І вось абвяшчаюць Эрыксана, ён выходзіць на сцэну і проста губляе дар мовы, таму што ён гатовы быў убачыць усё што заўгодна: пустую залу, няшмат людзей, але не беларускі полк.
У гэты момант ён проста забываецца на ўсе словы, што хацеў сказаць, і пачынае нешта шукаць. Я разумею, што шукае ён тую паперку, якую я прымусіла яго з сабой узяць.
Ён знайшоў картку, зірнуў, вярнуў у кішэню і цудоўна па-беларуску адкрыў фестываль. Дагэтуль для мяне таямніца, адкуль узяліся гэтыя салдаты. Можа, яны ўсе аматары шведскага кіно?
Гэта была першая прамова Эрыксана па-беларуску. Пасля гэтага ён пачаў гаварыць паўсюль і заўсёды. Стэфан цудоўна валодае беларускай мовай, піша і свабодна размаўляе па-беларуску, працягвае перакладаць.
— Цяпер вы выкладаеце для больш шырокай аўдыторыі. Курсы «Мова нанова» зрабіліся шалёна папулярнымі не толькі ў Мінску і паспяхова адчыняюцца ў іншых гарадах. Што дае гэтая праца вам асабіста?
— Гісторыя пачалася два гады таму, калі мне прапанавалі выкладаць на курсах «Мова ці кава», і я пагадзілася. Для мяне гэта быў і цікавы эксперымент, і ў пэўным сэнсе выратаванне, бо пасля сумна вядомага «плюшавага дэсанту» амбасада Швецыі, дзе я на той момант ужо працавала, была зачыненая. Пасля даведалася, што прапанову выкладаць на курсах атрымаў і вядомы журналіст Глеб Лабадзенка. Там мы і пазнаёміліся. Гэта надзвычай талентавіты, здольны і апантаны ідэяй беларушчыны чалавек, сапраўдны генератар ідэяў. Гэта быў мой першы набытак, бо працаваць з ім — адно задавальненне.
Фота Зарына Кандрацьева
Другі мой набытак , які я атрымала дзякуючы курсам – гэта аўдыторыя такой колькасці, якую проста цяжка ўявіць. Да нас ходзяць людзі рознага сацыяльнага статусу і ўзросту — ад школьнікаўда пенсіянераў.
Ну, і вядома, гэта эмацыйны абмен на занятках. Нават калі я стомленая, у мяне заўсёды прыліў энергіі, таму што людзі прыходзяць вельмі станоўчыя, зацікаўленыя і з добрымі пачуццямі.
Год таму мы з Глебам вырашылі запачаткаваць свае моўныя курсы «Мова нанова». Калі я нядаўна паказала шведам фоткі, дзе трыста чалавек сядзіць на занятках, яны спыталі: «Гэта што?»
— Гэта курсы беларускай мовы, — з гонарам адказала я.
У іх узнікла два пытанні:
— Чаму беларусы ходзяць на курсы беларускай мовы? І што гэта за курсы, дзе займаецца такая колькасць людзей?
Таму што ў іх разуменні курсы — гэта навучальнае кола чалавек дзесяць-пятнаццаць-дваццаць з камернай атмасферай.
Я кажу: «Добра вам, у вас курсы на кожным кроку, а ў нас — не. Мы не можам абмежаваць колькасць людзей, і таму мы вымушаны праводзіць курсы на трыста чалавек».
У пэўным сэнсе я гэтымі курсамі жыву зараз.
«Мова нанова» пашырыла кола маіх знаёмстваў. Я ўбачыла нарэшце, што беларусы могуць праяўляць ініцыятыву і самаарганізоўвацца. Нашыя студэнты разам пачалі вандраваць, хадзіць на імпрэзы. Гэта таксама для нас заваёва. Таму што беларусы самі па сабе хутаране. Кожны сядзіць у сваёй хаце і жыве інтарэсамі свайго маленькага мікракосмасу.
Можа быць, гэта таму, што такі лёс нашага народа, наша гісторыя, якая навучыла нас, што як толькі ты вытыркаешся, вядома, чым гэта заканчваецца. Таму нашы людзі прызвычаіліся ў пэўным сэнсе хавацца. «Хаванне ў бульбу» ёсць рэфлекс на генетычным узроўні. Шмат хто так жыве. Таму мы бачым, што няма актыўнасці, у параўнанні з Украінай, напрыклад, ці з Грузіяй. Мы пасіўныя, так бы мовіць, спім у шапку. Гэта не абвінавачванне, а канстатацыя.
Я заўважыла, што мы прывучаны, мусіць, савецкім ладам чакаць каманды і хадзіць строем. Людзі, як у дзіцячым садку, стаяць і чакаюць, пакуль з'явіцца выхавальніца, якая скажа, куды ісці і што рабіць. Пакуль адмашкі не дасі, людзі стаяць і чакаюць. Чаго яны чакаюць, часам незразумела, і як доўга яны могуць чакаць — таксама… Вось у нас на курсах гэтая тыповая мадэль паводзінаў беларусаў паламаная. Ніхто не замірае ў чаканні, і гэта радуе. Нашыя студэнты прыходзіць па панядзелках раней, каб арганізаваць прастору, расставіць для ўсіх крэслы, дапамагчы з гукам і з праекцыяй. Мы самі нічога гэтага ўжо не робім.
Навошта прыходзяць людзі? Хтосьці з нашых студэнтаў прыходзіць на заняткі па мову, хтосьці — у пошуку адзінадумцаў ці проста, каб акунуцца ў добрую, прыязную атмасферу, убачыць і паслухаць беларускамоўных гасцей і выканаўцаў. Людзі прыходзяць па рознае, але гэтае рознае завязана на беларускую ідэнтычнасць, на беларускасць.
— А мужа шукаць не прыходзяць?
— Прыходзяць. І дзяўчат шукаюць. Я бачу, як прыходзяць парамі тыя, каго раней бачыла паасобку.
Пасля кожных заняткаў, дзякуючы Зарыне Кандрацьевай, у нас ёсць фотарэпартаж. У Фэйсбуку хлопцы, якія не наведвалі курсы, пачалі пісаць, маўляў, а што гэта за мерапрыемства, дзе столькі прыгожых дзяўчат збіраецца. Сапраўды, у нас шмат моладзі.
Частка людзей глядзіць жывую трансляцыю на нашай старонцы ў Фэйсбуку і «ў кантакце» і можа далучыцца праз інтэрнэт). Канечне, няма поўнага эфекту прысутнасці, але прынамсі можна быць у курсе таго, што адбываецца.
Дагэтуль у нас на занятках стаяць людзі, не хапае крэслаў. Нам кажуць: «Вы павінны адкрыць курсы беларускай мовы ў кожным раёне: у Сухарава, у Малінаўцы. Бо мы прыходзім, а нам часам няма нават дзе стаць, не тое, што сесці!»
— А што вы думаеце наконт курсаў у Сухарава і Малінаўцы?
— Шчыра кажучы, пра тое мы не думаем. Галерэя «Ў» — адзін з нашых найгалоўнейшых партнёраў — дазваляе нам праводзіць курсы бясплатна, дзеля «Мовы нанова» яна змяніла графік сваіх мерапрыемстваў. І мы напраўду вельмі ўдзячныя і ніякага іншага месца не шукаем.
Апроч гэтага, «Мова нанова» працуе ў васьмі гарадах. Каб забяспечыць дзейнасць рэгіянальнай сеткі, мы ствараем праграму і матэрыялы. І для гэтага нам трэба кожны тыдзень шмат працаваць.
«Мова нанова» ўжо выйшла за межы Беларусі. Створаныя курсы ў Кракаве, Любліне, Кіеве, Гранадзе, Берліне.
Я чакаю, калі з'явяцца курсы нашай сеткі ў Стакгольме і Вільні.
Але наша асноўная аўдыторыя, мэтавая група — гэта беларусы ў Беларусі. Дыяспара павінна ініцыяваць курсы сама, а мы можам падзяліцца матэрыяламі, досведам, метадалогіяй, даць сваю назву.
У Беларусі мы шукаем людзей, якія жадаюць адкрыць курсы ў іншых гарадах і хочуць далучыцца да нас.
Дарэчы, нядаўна курсы «Мова нанова» атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю. Мы адкрылі дабрачынны рахунак. Будзем вельмі ўдзячныя ўсім арганізацыям, якія палічаць патрэбным падтрымаць нас.
— А як вы шведам тлумачылі, чаму ў Беларусі столькі людзей наведваюць курсы беларускай мовы?
— Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўсю нашу гісторыю расказаць. Я казала пра тое, што беларусы ў сваёй краіне — унутраныя імігранты. Беларуская мова — гэта мова тытульнай нацыі, і на добры лад нават пры так званым двухмоўі беларуская мова павінна стаяць паўсюль і заўсёды першай. Але гэтага, як мы ведаем, не адбываецца.
Сітуацыя з дысідэнцкім становішчам беларускамоўных людзей у нашай краіне — гэта поўны абсурд. Людзі аналізуюць тое, што адбываецца ў свеце і ў бліжэйшых нашых суседзяў, і пачынаюць раптам задумвацца, хто яны. Рана ці позна кожны чалавек сабе такое пытанне задае.
Калі нібыта ўсё стабільна альбо застойна, але пры гэтым людзі сытыя, апранутыя, відавочнага крызісу няма, многія не задаюць сабе такое пытанне. Але калі ўсё мяняецца, і пры гэтым лідар суседняй краіны кажа, што ідзе вызваляць рускамоўнае насельніцтва ў чужую краіну, то я думаю, што любы свядомы чалавек пачынае задумвацца, бо ў нашай такога насельніцтва большасць. А ці хацелі б мы такога вызвалення?
Беларусы зразумелі, што яны хочуць быць беларусамі, а не рускімі са знакам якасці. Нават тыя, хто не размаўляе па-беларуску, усё роўна лічаць сябе беларусамі. Хтосьці да гэтага натуральна прыйшоў, а для кагосьці гэта мода, як вышыванка. Хай гэта будзе мода. Якая розніца, як прыйдуць да беларускасці, праз моду, праз перакананні — у кожнага свой шлях. Галоўнае — што будзе ў выніку.
Мода — гэта кручок, якім можна зачапіць і прыцягнуць. Калі мы зможам паказаць, што за гэтым стаіць нешта большае, няхай мода прывядзе да нас. Гэта ўжо нашая справа, як чалавека зацікавіць. Нават калі ён не будзе больш хадзіць на курсы, спадзяюся, што зменіцца ракурс яго ўспрыняцця рэчаіснасці. Можа быць, яго свядомасць зменіцца.
Я думаю, што мы трохі крывім душой, калі кажам пра моду на мову. Бо мова — гэта каштоўнасць, якая не вымяраецца сезонамі альбо днямі ці нейкімі павевамі моды. Гэта справа, якая жыла, жыве і будзе жыць.
— Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч кажа, што калі ён глядзіць на вышыванку, ўяўляе сабе традыцыйную вясковую хату, бедную, неадукаваную вясковую сям’ю, дзе галоўная роля належыць мужчыну, дзе жанчына забітая і бяспраўная. На яго думку, за апошнія 20 год столькі было зроблена, каб наблізіцца да Еўропы, каб развітацца з вобразам беларусаў як вясковай нацыі, і высвятляецца, што ўсё гэта было дарэмна. Вы згодныя з тым, што вышыванка перакрэслівае здабыткі беларускай культуры і вяртае нас ў вясковую хату?
— Я лічу, што вышыванка ніякім чынам не адмяняе нашыя набыткі. Можна быць сучасным, паспяховым, модным і пры гэтым захапляцца народным строем і традыцыямі. І самае галоўнае, што за вышыванкай стаяў цэлы светапогляд. Менталітэт мяняецца вельмі павольна. Каб прымаць нешта сучаснае, няма неабходнасці адкідаць тое, што было.
— Апошнім часам у Фэйсбуку некаторыя публічныя асобы заяўляюць пра адмову ад расійскіх тавараў. Ці можа беларус есці расійскія цукеркі?
— Да пэўнага часу я не звяртала ўвагу на вытворцу. У мяне не вельмі шмат часу на пакупкі. Да таго ж я не адношуся да катэгорыі людзей, якая вывучае калорыі, складнікі. Не магу сказаць, што гэта адзіны правільны шлях — не купляць расійскіх прадуктаў, але гэта ў пэўным сэнсе праява грамадзянскай пазіцыі.
Наўмысна перачытваць, дзе выраблены тавар, я не буду. Сваю пазіцыю я выражаю звычайна ў іншых справах. Але паддаўшыся масаваму псіхозу, калі мне на вочы траплялася «зроблена ў РФ», я некалькі разоў паклала на паліцу расійскія тавары. Калі не звяртала ўвагу на вытворцу, набывала і везла дахаты.
— Нядаўна «Мова нанова» стварыла службу бясплатных перакладаў, якія мусяць выкарыстоўвацца ў публічнай сферы. Якія кампаніі ўжо звярнуліся да вас?
— Адной з першых была «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая паставіла ў Берасці бігборды з выявамі птушак. Пераклад для іх рабіла наша «Хуткая моўная дапамога».
Звярталіся кавярні, прычым не толькі з Менску. Нядаўна па пераклад сайта звярнуўся Макдоналдс. Супрацоўнічаем з сеткай заправак А-100 — гэтая кампанія з новага году паступова пераходзіць на беларускую мову.
Справа ідзе. Людзі ў камерцыйнай сферы пачынаюць разумеюць, што беларуская мова дае ім унікальную магчымасць быць адметнымі, і такім чынам яны зробяць сабе добрую рэкламу. Звяртайцеся — і мы дапаможам вам беларусізаваць вашыя сайты, цэтлікі, публічныя тэксты!
Фота Аляксандр Ждановіч(Tarantino)
— На тваю думку, колькі часу спатрэбіцца беларусам, каб усвядоміць сябе нацыяй і загаварыць па-беларуску?
— Футуралагічны прагноз будзе няўдзячнай спробай. Калі справаводства, камунікацыя, ліставанне, адукацыя вядуцца па-расейску, перамагчы амаль немагчыма. Тое, што мы робім, вельмі важна, інакш бы мы не займаліся гэтым. Гэта мяняе сітуацыю, але кардынальна яе можа змяніць дзяржаўная моўная палітыка. Пры яе адсутнасці нельга казаць пра тое, што беларуская мова будзе панаваць ва ўсіх сферах.
На маю думку, дзяржаўная моўная палітыка павінна быць скіраваная на тое, каб зацікавіць людзей гаварыць, пісаць і працаваць па-беларуску. Гэта павінна быць прадуманая сістэма, якая матывуе людзей. А самая моцная матывацыя — матэрыяльная.
«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gazettaby@gmail.com.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное