Наталля Васілевіч: «Тое, што сёння прымальна і ніяк не караецца, заўтра раптам можа трапіць у іншую катэгорыю — і ўсё зменіцца для цябе асабіста»

Тэолаг Наталля Васілевіч — пра тое, ці мусяць святары ўмешвацца ў палітыку. І чаму ў існуючай сістэме ніхто не ў бяспецы.

Беларускія святары «выпільваюцца» з сацыяльных сетак і робяцца менш публічнымі. Перадусім гэта тлумачыцца несціхаючым пераследам з боку ўладаў: паводле звестак «Хрысціянскай візіі», сілавікі могуць прыходзіць у храмы на службы ці пасля іх і правяраць тэлефоны на прадмет «экстрэмісцкіх» падпісак і каментароў, дакладна так, як гэта робіцца ў рэйдах па прадпрыемствах.

Наталля Васілевіч

— Была гісторыя ў Кафедральным саборы, у плябанію прыйшлі сілавікі і збілі аднаго з каталіцкіх святароў вельмі моцна, бо ён адмаўляўся разблакаваць тэлефон — і нават вернікі ў касцёле бачылі, як яго, збітага, ГУБАЗІКаўцы выводзілі, — распавяла ў эфіры Еўрарадыё тэалагіня, экспертка ў галіне рэлігіі, палітыкі і праваабароны Наталля Васілевіч. — Таксама нам вядомыя выпадкі, калі святароў выклікаюць на «размовы» ў міліцыю, ці ў  ідэалагічны аддзел.

І ты ніколі не ведаеш, што могуць знайсці ў тэлефоне, нават калі яго пачысціць. Гэта таксама нядобры знак, што людзі баяцца сутыкацца з любымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, бо для іх гэта можа мець пэўныя наступствы.

Адметна, дадае экспертка, што царкоўныя кіраўнікі публічна робяць выгляд, што нічога не адбываецца — а ўнутры супольнасці даводзяць, што святарам небяспечна весці сацсеткі, і мае сэнс выдаліць іх альбо нават выехаць з краіны.

Упаўнаважаны ж па справах рэлігій Аляксандр Румак заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала, што рэлігійныя арганізацыі «не могуць умешвацца ў палітыку», а святары не могуць «крытыкаваць дзяржаву і заклікаць вернікаў да палітычнай актыўнасці». Атрымліваецца, вернікам не трэба і ў выбарах удзельнічаць, альбо «гэта іншае»?

— Пакуль я не бачыла, каб вернікі зладзілі праваслаўны флэшмоб і запісвалі відэа ў стылі «Трэба!», хрысціліся б і палівалі мінакоў святой вадой — і гэта ўжо цешыць, — зазначае Наталля Васілевіч. — Магчыма, у іх усё ж такі ёсць нейкі імунітэт ад усяго гэтага. Хаця, канешне, было б забаўна, калі б сабралі бацюшак на якую-небудзь сходку і прымусілі гэта крычаць…

Насамрэч, тут ёсць праблема.

У Беларусі палітыкай, у якую нельга ўмешвацца, называюць любую актыўнасць, якая звязана з крытыкай, з пратэстам, з уласным меркаваннем, што не супадае з меркаваннем, якое спусцілі зверху. Вось гэта — тая «палітыка», куды не толькі святарам, а нікому ў Беларусі не дазволена ўмешвацца і неяк публічна выказвацца нелаяльным чынам.

Уся астатняя «палітыка» абавязковая, забараняецца ў ёй не ўдзельнічаць.

Такім чынам, прарасейскія акцыя і зборы для расейскай арміі, якія ладзіць Свята-Елізавецінскі манастыр у Мінску, ва ўлады негатыву не выклікаюць, канстатуе экспертка — бо гэта рэжым распазнае, як «нашых людзей».

— Такая, ведаеце, ідэалагічная сістэма ідэнтыфікацыі Kipod, якая паціху скануе ўсе мерапрыемствы і выказванні розных асоб, — гаворыць Наталля Васілевіч. — І калі там «хлопчыкі ў трусіках», нічога не пікае, усё нармальна — а калі раптам з’явіцца бел-чырвона-белы-колер, альбо малітва за Украіну, альбо нешта такога кшталту, сістэма спрацоўвае і ўсе бягуць разбірацца, што ж такое.

Але разам з тым мы бачым, што тэма падтрымкі расейскай арміі, прарасійскія наратывы не заўсёды пакідаюць сістэму ў нейтральным стане. Шэраг розных блогераў, якія нібыта падтрымліваюць Лукашэнку, самі ўжо не могуць разабрацца, што дазволена, а што забаронена — і колькі з іх ужо «пасядзелі».

Толькі падаецца, што беларуская сістэма нейтральная: калі прыйдзе час і будзе патрэба, яна ўсім усё ўспомніць. І Свята-Елізавецінскаму манастыру — ды яго закрыюць адразу, будынкі канфіскуюць і выставяць усіх на вуліцу, калі спатрэбіцца. Бо ў сістэме няма такога, каб былі цалкам недатыкальныя людзі і адзіна слушныя ідэі, акрамя ідэі, што «Лукашэнка маладзец».

Таму тое, што сёння прымальна і ніяк не караецца, заўтра раптам можа трапіць у іншую катэгорыю — і ўсё зменіцца для цябе асабіста, ты становішся таксама ворагам. Бо сістэма акурат збудаваная на тым, што пастаянна шукаюцца ворагі.

 Сярод дэмакратычна настроеных беларусаў іх ужо пазнаходзілі і «нейтралізавалі», — таму я дапускаю, што сістэма пачне працаваць на тыя асяродкі, што не паспяваюць мяняць сваё, так скажам, праграмнае забеспячэнне адначасова з сістэмай. Як спявалася ў песні гурта «Нейра Дзюбель»: «Учора было можна, а цяпер нельга».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)