Общество

Яна Валодзіна

Настаўніца гісторыі: «Сілавікі прыходзілі да нас не раз. Прасілі, каб ўгаварыла мужа вярнуцца»

Педагог — пра тое, чаму далучылася да агульнанацыянальнай стачкі праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Іна Прылуцкая з дзецьмі. Фота з асабістага архіву

Іна Прылуцкая працавала выкладчыцай ў салігорскай школе №5. У заяве, датаванай 23 жніўня, яна падтрымала патрабаванні стачкаму «Беларуськалія»: вызваленне палітвязняў, правядзенне новых сумленных выбараў, прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых у фальсіфікацыях выбараў і злачынствах супраць народу Беларусі.

— Я вельмі хацела, каб мой муж далучыўся да страйку яшчэ год таму, — успамінае Іна ў інтэрв’ю «Салідарнасці». —  Андрэй — адзін з тых, хто 9 жніўня быў затрыманы ў Салігорску. Вечарам муж пайшоў забіраць старэйшага сына з гасцей.

Па дарозе сустрэў калегу, з якім разам працавалі на «Белкаліі». Яны прыселі на лаўцы і размаўлялі. Раптам убачылі карціну, як у баевіку. Людзі ў чорным, у балаклавах ішлі міма і вялі людзей. Калега Андрэя Аляксандр уголас пацікавіўся: а за што іх? У яго тыркнулі пальцамі: і гэтага таксама. Калі схапілі калегу, Андрэй не вытрымаў — заступіўся. І яго таксама скруцілі.

На судзе высветлілася, што быццам бы мой муж а 23-й гадзіне бегаў па плошчы і выкрыкваў лозунгі «Ганьба!»

Андрэй адседзеў тыдзень. Калі ён быў на сутках, у нас дома адбыўся ператрус. Міліцыянты на мае пытанні, што адбываецца, адказалі: мы таксама нічога не ведаем, але калі не будзе даказаная віна, праз два месяцы гэтая справа скончыцца.

З ізалятара муж выйшаў збіты: правая нага была сіняя, ён кульгаў…

Распавядаў, што збівалі людзі ў балаклавах, твараў не было відно. Яму яшчэ пашанцавала, бо да яго пачаў прыязджаць следчы з Мінску, і больш яго не білі.

Андрэй казаў: што на Акрэсціна адбывалася, ведаюць усе, а пра тое, што ў Салігорску рабілася, ніхто не піша. У салігорскім ізалятары мой муж бачыў крывавыя рэкі. Іх змывалі шлангамі.

Спачатку муж не збіраўся далучацца да стачкі. Партызаніў. Баяўся, што крымінальную справу раскруцяць. Потым мы зразумелі: адсвечвай-не адсвечвай, усё роўна хата наша не з краю. На пачатку снежня муж напісаў заяву ў стачкам «Беларуськалія».  

Раней на яго завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (артыкул 364 Крымінальнага Кодэксу). Пацярпелымі лічаць участковага і начальніка Салігорскага РАУС.

Муж вымушаны быў з’ехаць з краіны. Мне было страшна і цяжка, я засталася адна з трыма дзеткамі.

Андрэя затрымалі ў аэрапорце ў Пецярбургу перад Новым годам. Ён збіраўся выляцець з Расіі. Следчы камітэт Беларусі зрабіў запыт на яго экстрадыцыю, але адвакаты абскардзілі яго.

28 чэрвеня Андрэя выпусцілі з піцерскай турмы, так званых «Крыжоў». Скончыўся тэрмін яго затрымання. Мужа моцна падтрымлівала піцерская дыяспара.

Ён казаў, што ўмовы ў зняволенні больш-менш нармальныя: і на прагулку выводзяць, і ў душ можна схадзіць. Днём на засцеленым ложку дазвалялася паляжаць ці пасядзець. На Вялікдзень арыштантам прыносілі булкі. З Андрэем у камеры сядзелі таджык, непалец, узбекі. Там шмат замежнікаў.

Муж Іны падаў дакументы на статус палітуцекача ў адной з суседніх з Беларуссю краін. Яго калега Аляксандр, з якім іх разам затрымлівалі 9 жніўня, атрымаў год і шэсць месяцаў зняволення.

— Для мяне стачка — гэта абарона. Калі муж з’ехаў, мне дапамагалі не ўлады, а стачкам «Беларуськалія» і сябры з працы. Прайшоў час, і я зразумела, што мне трэба зрабіць свой унёсак у нашую будучую перамогу. Таму далучылася да страйку, — тлумачыць Іна.

Пра рэакцыю кіраўніцтва школы Іна не ведае. Яна гатовая, што яе звольняць:

— Калегі сказалі: гэта твой выбар, і для цябе ён правільны.

Сама Іна з дзецьмі з’ехала з Беларусі, бо разумела, што на радзіме ёй не свеціць нічога добрага, сілавікі не пакінуць іх сям’ю ў спакоі.

— Сілавікі прыходзілі да нас не раз. Прасілі, каб я ўгаварыла мужа вярнуцца і ён адседзеў свой тэрмін.

Іна плакала, калі прыняла рашэнне не вяртацца дадому.

— Я ехала на адпачынак, узяла па адным камплекце адзення… А потым муж сказаў, што падаў дакументы на атрыманне статусу ўцекача, і каб мы не вярталіся.

Верым, што хутка адбудуцца перамены, і мы зможам жыць на радзіме, дзе засталіся нашыя родныя і сябры. А цяпер трэба пачынаць новае жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(51)