Беседка

Наталля Лубнеўская, фоты Надзеі Бужан, Наша Нiна

Настасся Калашнікава: На Акрэсціна была добрая кампанія, цудоўныя жанчыны-пенсіянеркі

Фельчарка і чэмпіёнка Беларусі па муай-тай, якой не працягнулі кантракт — пра працу з кавід, брыгады на Акрэсціна і тату з Лукашэнкам.

«Спіс прыйшоў на тых, хто затрымліваўся»

— Як вы даведалася пра звальненне?

— Я ведала яшчэ да таго, як атрымала паперу. У мяне добрыя адносіны з маёй адміністрацыяй, таму ў таямніцы ніхто не трымаў. Хоць відаць было, што яны не хацелі казаць, адцягвалі. Але з улікам папярэдніх размоў пра тое, што нешта адбываецца ў адміністрацыі станцыі, я здагадалася, што нас збіраюцца звольніць. Сама прыйшла і спытала. Наколькі разумею, спіс прыйшоў на тых, хто затрымліваўся.

Колькі год ужо працуеце на хуткай?

— Восем. Увесь час на адной падстанцыі.

— А чаму калісьці прыйшлі ў медыцыну?

— Я вучылася ў іншым месцы, мне патрэбна была праца, і праз знаёмых падвярнулася падпрацоўка санітарам у прыёмным пакоі бальніцы хуткай дапамогі. Я прыйшла і шчыра сказала: у мяне няма медыцынскай адукацыі, але я нічога не баюся, гатовая, вазьміце мяне. Я год адпрацавала і пасля паступіла ў медкаледж.

Мне, напэўна, самаўпэўненасці не хапіла, бо ва ўнівер я нават не спрабавала падаць дакументы. А пасля, калі пачала працаваць, у маё жыццё прыйшоў спорт. Таму не знаходзіла ў сабе сілы зноў некалькі гадоў вучыцца ўдзень і працаваць уначы. Таму не пайшла далей па дыплом.

— Мне здаецца, многія пасля працы санітарам збеглі б з медыцыны.

— У мяне былі аднакурснікі, якія хацелі стаць медыкамі — да першай практыкі. А пасля сказалі, што давучацца для бацькоў, але ў бальніцы не пойдуць. Уласна, так і здарылася. У нас з групы — 32 чалавекі — не больш за 10 працуе ў медыцыне.

«6-8 гадзін у скафандры каталіся, каб не траціць дадатковы касцюм»

— Што ў вашай працы змянілася з эпідэміяй каранавіруса?

— Заробак (смяецца). У сярэдзіне пандэміі нам сталі добра плаціць. Але цяпер гэта зноў змянілася. У нейкі момант нагрузка была вельмі моцная. Яна заўсёды была высокая, але мы не перавозілі ў стацыянар па 8 чалавек ў машыне, каб паспяваць забіраць хоць кагосьці. Як маршрутка.

На мойку давялося ездзіць. Большасць брыгад раней нават не ведала, што яна ў нас ёсць, бо мы мала траплялі на такія інфекцыйныя хваробы, як адкрыты туберкулёз ці яшчэ штосьці. Адзінкавыя людзі траплялі на санапрацоўку машын, а цяпер усе ведаюць.

Большасць на хуткай працуе на паўтары стаўкі. Нехта таму, што ставяць такую загрузку — ёсць дэфіцыт кадраў, — нехта таму, што на заробак ад адной стаўкі асабліва не пражывеш, тым больш калі здымаеш кватэру. На лішнія змены, як правіла, пагаджаюцца людзі, якія і так працуюць лішнія змены, таму не магу сказаць, што нам гэта было нязвыкла. Мы і так працуем па 200-240 гадзін на месяц. Хаця калі калегі пачалі масава сыходзіць на бальнічныя, было складана.

— Даплаты ў вас нармальныя былі?

— Былі нюансы. Не тое, што калі ты супрацоўнік хуткай, то аўтаматычна атрымліваеш 2000 рублёў, як абяцалі. Я адразу скептычна паставілася да гэтых абяцанняў. І памятаю, мы вельмі здзівіліся, калі атрымалі разлікоўнікі — там было істотна больш. Даплата залежыла ад таго, колькі ты працуеш з кавідам. Я добра атрымала, бо брала кавідныя выклікі, калі многія баяліся і адмаўляліся. Мяне, наадварот, гэта эпідэмія зматывавала працаваць больш, вывучаць праблему.

Пасля трэба было даказваць, што мы працуем з кавідам больш за пэўны працэнт сваіх змен, і тады нам налічвалі даплату цалкам. Але выклікаў было так шмат, што можна было спакойна закрываць гэты працэнт.

А цяпер, напэўна, устаноўка эканоміць грошы. Таму ў кожным раёне па дзве брыгады на ковід, і ў іх па адным чалавеку. Мы сварыліся з гэтай нагоды, казалі, што немагчыма якасна аказваць дапамогу ў дзве рукі. Калі нешта экстранае адбываецца, мы, канечне, выклікаем дадатковую брыгаду на сябе, але адразу да пацыента яе не пашлюць. Я цяпер амаль нічога з даплат не атрымліваю.

— Вы прышчэпліваліся?

— Так, «Спутнікам». Добраахвотна. Адзінае, што нас прымушаюць рабіць, — падпісвацца на газеты.

На гэтым этапе вывучэння захворвання карысць прышчэпкі перавышае рызыку. У любога прэпарата могуць быць пабочныя эфекты — ад гэтага ніхто не застрахаваны. Пакуль прышчэпка — адзіны дзейсны спосаб прафілактыкі, які мы маем. Апошні раз, калі я чытала даследаванні, было каля 200 прэпаратаў, якімі спрабуюць лячыць каранавірус, але пакуль гэта ўсё дарэмна.

Таму адзінае, што мы можам, — захоўваць дыстанцыю, насіць маскі і вакцынавацца ў спадзеве выпрацаваць калектыўны імунітэт, каб вірус перастаў муціраваць ў такой колькасці. Бо чым большы працэнт хворых адначасова, тым больш вірус муціруе, і тым хутчэй вакцына, якая ёсць, становіцца нядзейснай.

— Як працуецца ў такую спёку ў скафандры?

— Гэтак жа, як у форме нашай — дрэнна (усміхаецца). Цяпер я знаходжуся ў ім мала, бо не ў кавіднай брыгадзе.

Зразумела, што правесці 6 гадзін ў +35 у парніку — гэта жудасна. Мінулае лета я пакутавала: ты 6-8 гадзін у скафандры катаешся, каб не траціць дадатковы касцюм, якіх і так дэфіцыт. Бо ты не можаш яго зняць і надзець назад. Табе трэба памыцца і ехаць па новы. І мы стараліся максімальную колькасць часу ў адным касцюме правесці і пасля толькі ехаць апрацоўваць машыну і сябе.

— Кіраўніцтва абуралася, што вы публічна выказваецеся пра каранавірус?

— Напэўна, у нас была размова толькі аднойчы — калі я напачатку пандэміі пацвердзіла, што нам не хапае сродкаў абароны. Дзяржаўная сістэма закупак — гэта вялізная колькасць бюракратыі. Нават калі б наш галоўны доктар захацеў проста заўтра купіць вялізную колькасць масак і ў яго былі б на руках патрэбныя грошы, ён не мог бы гэта зрабіць.

Але калі хтосьці з супрацоўнік скажа, што чагосьці няма, чыноўнікі не кінуцца дапамагаць. Яны проста дадуць адміністрацыі па шапцы.

Я ў адкрытую казала: так, нам патрэбная дапамога і мы ад яе не адмовімся, бо хочам поўным складам перажыць пандэмію.

«Мяне выкінулі са спартыўнага года ў межах Беларусі»

— У вас жа першая адукацыя — цырульніца. Як так атрымалася?

— Я была ў 10 класе, не вельмі разумела, што буду рабіць. Але мама вырашыла, што я пайду ў ПТВ — ёй здавалася, я вельмі творчы чалавек. Я асабліва не спрачалася. Скончыла, атрымала дыплом, паклала маме на стол і сказала, што іду ў мед.

— Муай-тай вы дагэтуль прафесійна займаецеся?

— Цяпер не, у мяне перапынак, бо шмат чаго навалілася. І мяне ж выкінулі са спартыўнага года ў межах Беларусі: выключылі з федэрацыі, з нацыянальнай каманды. Таму трэніравацца псіхалагічна складана, бо матывацыя крыху знікла.

Выключылі, напэўна, у пачатку года. Мне ніхто не паведаміў — даведалася тады, калі трэба было праходзіць адбор на рэспубліку і мяне проста не дапусцілі баксіраваць. Мы да апошняга змагаліся, трэнер пісаў заявы ў федэрацыю, каб мяне вярнулі. Тут яшчэ памяняліся правілы. Раней можна было не быць членам федэрацыі, проста заплаціць грошы большыя, чым звычайна, і выступаць. У гэтым годзе ўжо нельга.

— Фармальную прычыну вам назвалі, чаму выкінулі з каманды?

— Па-мойму, гэта нявыплата ўнёскаў летась, калі я была з траўмай і не трэніравалася. Спачатку я не баксіравала, бо пачаўся кавід і я шчыльна працавала з ім. Я разумела, што захварэю на выкліках, і баялася, што заражу сваіх аднаклубнікаў. Адпаведна, перастала хадзіць у залу. Плюс праз кавід я не змагла нармальна вылечыць старую траўму. На той момант ніхто нічога не сказаў — паківалі галавой, і ўсё было добра. Нават пра ўнёскі не нагадалі.

За два дні да спаборніцтваў нам сказалі: мы разгледзем вашу заяву ў федэрацыю ў канцы месяца. То-бок пасля спаборніцтваў, калі ўвесь адбор у нацкаманду ўжо скончаны.

— Вы ж у спорт позна прыйшлі?

— Я ўжо адвучылася ў каледжы на той момант. Мяне прывёў сябар, ён сказаў, што дзяўчынка мусіць умець усё. Першыя некалькі месяцаў мне здавалася, што мяне прывялі як клоўна — я не разумела нават, як кулак сціснуць нармальна. З мяне смяяліся ўсе. Але мне спабадалася баксіраваць, я трэніравалася ў свой вольны час — і ўсё атрымалася. Гэта заўсёды было хобі, я ніколі не планавала зорную кар’еру.

— На хуткай дапамозе гэтыя навыкі спатрэбіліся?

— Ну нам нельга. У тэорыі я павінна выклікаць міліцыю і чакаць, пакуль нас выратуюць. У нас было, што мы судзіліся, бо міліцыя не адрэагавала на заяву, казала, што складу злачынства няма, а я пры гэтым з чэрапна-мазгавой траўмай ляжала на бальнічным — пацыент ударыў мяне ў твар. У той момант мне спатрэбіліся навыкі не баявыя, а псіхалагічныя. Для мяне здарэнне не стала дзікім стрэсам, пасля якого я б плакала, не спала і вырашыла б, што ніколі больш не пайду на такую працу.

— Хлопцы баяцца з вамі знаёміцца з-за боксу?

— Хлопцы баяцца са мной знаёміцца з-за майго хлопца (смяецца). Некаторыя жартуюць, каб завязаць размову, але жарты дрэнныя, і я адразу разумею, што сама не хачу з імі знаёміцца.

«Супрацоўнік разжаліўся і даў крыху туалетнай паперы»

— У студзені вас затрымалі каля мемарыяла Тарайкоўскага за кветкі і пасля сутак у ІЧУ далі штраф. Як выглядала тая ноч на Акрэсціна?

— Мне не спадабалася. Стаўлю гэтаму гатэлю тры зоркі. Тры, бо кампанія была добрая, цудоўныя жанчыны-пенсіянеркі.

Большую частку часу я праседзела ў РУУС, мне ніхто нічога не тлумачыў. Але калі перад табой спыняецца аўтобус без нумароў і выходзіць чалавек у балаклаве, ты разумееш, што гэта не бандыт, а міліцыя.

На Акрэсціна было стандартна. Не сказаць, каб моцна крычалі, нікога не білі. У першыя суткі ў пяцімеснай камеры нас было 8 чалавек. Было холадна, не выдалі матрацаў. Хтосьці з супрацоўнікаў разжаліўся і даў крыху туалетнай паперы. Мы перажывалі, што ў кагосьці могуць пайсці месячныя, і спрабавалі «затарыцца». У нас ужо былі планы, што нехта здыме з сябе майку, мы парвем яе на анучы і з халоднай вадой як-небудзь справімся. Я тады была ўпэўнена, што паеду на суткі.

— Вы ў жніўні былі сярод брыгад, якіх выклікалі на Акрэсціна?

— Мы ездзілі ў дапамогу. Акрэсціна — не наша тэрыторыя абслугоўвання, але брыгады, замацаваныя за ёй, не спраўляліся. Я там была з 11 на 12 жніўня.

— Што вы там бачылі?

— Нам давалі лёгкіх пацыентаў. Унутр нас не пускалі, мы былі ў двары. Да нас проста выводзілі некалькіх людзей. Мы бачылі тых, хто застаўся за агароджай і каго працягвалі збіваць, і ім яўна была патрэбна дапамога. Мы стараліся аглядаць тых, каго дазвалялі. У іх былі мінімальныя пераломы, спалучаныя траўмы, чэрапна-мазгавыя. У мяне быў мужчына ў машыне, які не падымаў вочы, бо яго пачынала ванітаваць. У яго былі паламаны пальцы, рэбры. Калі шчыра, я цьмяна памятаю, бо была вялікая колькасць людзей з траўмамі.

У той дзень нам дазвалялі іх шпіталізаваць, але ў некаторых брыгад з гэтым узнікалі праблемы.

«Мяркуючы па чутках, у Мінску такіх, як я, на працу не бяруць»

— Колькі ў вас татуіровак?

— Я не лічыла, шмат. Кожная нясе нейкі сэнс, бо была набітая ў пэўны момант жыцця. У мяне ёсць і медыцынскія татуіроўкі (напрыклад, значок хуткай дапамогі «Зорка жыцця»), і нейкія субкультурныя — бо мой падлеткавы ўзрост быў вельмі складаны, бедная мая мама.

— А як сярод татуіровак патрэт Лукашэнкі з’явіўся?

— Ну ўсе ж робяць глупствы ў маладосці (смяецца). Проста было па фане. Але не магу сказаць, што я пра гэта шкадую. Нейкія дзеянні нашай улады я ўспрымала дастаткова эмацыйна і мае перажыванні выліліся ў тату. Яго асоба — гэта ўжо сімвал таго, што адбываецца.

— Думак звадзіць тату няма?

— Звадзіць не, прынамсі пакуль. Тое, што ёсць у планах, — гэта крыху падкарэктаваць.

— Што далей наогул? Працу ўжо прапаноўвалі?

— Так, насамрэч працы прапанавалі велізарную колькасць. Мне столькі не трэба. Але з улікам таго, што звольненая не я адна, людзі, якія прапаноўваюць працу, гатовы разглядаць на вакансіі і маіх калег, якія пацярпелі.

Пакуль шмат адрывістых думак. Я на этапе, калі вырашаю, «кім буду, калі вырасту». Былі прыватныя беларускія цэнтры, якія прапаноўвалі працу ў медыцыне ці калямедыцынскіх спецыяльнасцях. Канечне, перажываю, бо, мяркуючы па чутках, у Мінску такіх, як як, на працу не бяруць або хутка вымушаны звальняць. Але праз гэтую салідарнасць і падтрымку мне крышачку спакайней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)