Наша Ніва: У Гуцэрыева вялікія праблемы — кітайцы замарозілі 580 мільёнаў даляраў на будаўніцтва Нежынскага камбіната
Як стала вядома «Нашай Ніве», пад пагрозай амбіцыйны праект будаўніцтва Нежынскага горна-узбагачальнага камбіната, які гуцэрыеўскі «Слаўкалій» узводзіць на крэдытныя сродкі Кітая пад гарантыю беларускага ўрада.
Кітай у сувязі з санкцыямі замарозіў выдачу наступных траншаў крэдыту, будаўнічыя кампаніі з'язджаюць з пляцоўкі.
З канца чэрвеня прыпыненыя будаўнічыя работы — на праект выкарыстана ўжо 820 мільёнаў даляраў, але яшчэ 580 завіслі на кітайскім баку.
«Слаўкалій» летам не атрымаў з іх чаканы транш у 103 мільёны даляраў з прычыны ўведзеных санкцый.
Кампанія Міхаіла Гуцэрыева разам з беларускімі дзяржаўнымі структурамі спрабуе пераканаць кітайцаў вырашыць праблему.
Склаўся цэлы санкцыйны пасьянс: пад забарону трапіў як сам Гуцэрыеў, так і Беларусбанк, які з'яўляецца крэдытным аператарам, праз якога кітайскія грошы аказваюцца ў «Слаўкалія» — драбнейшыя прыватныя банкі проста не падыходзяць па патрабаваннях для «пераварвання» шматмільённых транзакцый.
Крыніцы паведамляюць, што забудоўшчыкі з'язджаюць з пляцоўкі, «Слаўкалій» мае перад імі даўгі.
— Нас сабралі на нараду і замест канкрэтыкі з аплатай работы прапанавалі браць крэдыты самастойна і дабудоўваць, маўляў, наш бос мільярдэр, для яго гэта «не грошы», ён усё верне, нават калі кітайцы не разлічацца, — сказаў нам адзін з забудоўшчыкаў.
Па яго словах, абяцанням веры няма, удзельнікі нарады ўспрынялі гэта як сігнал да згортвання.
Нагадаем, распрацоўка Нежынскага радовішча — амбіцыйны праект Міхаіла Гуцэрыева, якому ў свой час Лукашэнка прапаноўваў удзельнічаць у прыватызацыі Беларуськалія, але ў выніку ўсё перагулялася і выйшла іначай — у 2011-м дзяржаўныя СМІ рапартавалі, што «расійскі мільярдэр укладзе ў эканоміку рэспублікі 1,5 мільярда даляраў для распрацоўкі Нежынскага радовішча калію пад Любанню».
Па факце Гуцэрыеў узяў у кітайцаў крэдыт на 1,4 мільярды даляраў на будаўніцтва горна-ўзбагачальнага камбіната пад гарантыі беларускага ўрада.
Сваіх грошай, па розных ацэнках, ён уклаў ад 250 да 600 мільёнаў даляраў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное