Наш ключ да “Міцубісі” (фота)
Былая хакеістка са Смалявіч Наталля Шымко стала адной з самых запатрабаваных беларускіх мадэляў у свеце. Як у яе гэта атрымалася — чытайце ў нарысе “Салідарнасці”.
Пры жаданні на мапе Японію можна лёгка прыняць за клюшку для хакея на траве. Іншая справа, што такое жаданне самім японцам здасца як мінімум крыху дзіўным, але яны далікатна змаўчаць. І нават усміхнуцца.
Наташа кажа, што не сустракала ў сваім жыцці больш тактоўных і выхаваных людзей, чымсьці жыхары краіны ўзыходзячага сонца. “Больш за ўсё на свеце яны баяцца слова “не” — таму, напэўна, ніколі яго не вымаўляюць. І дзяўчат з нашага агенцтва звальняюць хоць і рашуча, але разам з тым з нейкай сарамлівасцю: “Разумееце, у вас лішняя вага — 5 кілаграмаў, а гэта не адпавядае ўмовам кантракту. Вось, калі ласка, ваш білет на самалёт…”
Так паляцела на радзіму кенгуру Наташава сяброўка — аўстралійка. І ў іх каманду з дзесяці мадэлей, што з’яўляюцца тварамі канцэрна “Міцубісі”, тут жа ўзялі яшчэ адну дзяўчыну.
“Гэта як у спорце?” — пытаюся я і пасля секунднага роздуму атрымліваю ад сваёй суразмоўцы станоўчы адказ. Мы сядзім на тэрасе аднаго з летніх сталічных кафэ і бесклапотна гутарым пра ўсё. Наташа Шымко сёння можа сабе гэта дазволіць — яна ў адпачынку. Мінчане спяшаюцца па сваіх справах і наўрад ці хто-небудзь з іх здагадваецца пра тое, што мая субяседніца — адна з з самых запатрабаваных беларускіх мадэлей за мяжой. Хаця погляды, безумоўна, прыцягвае…
Вось адзін нахабна свідруе яе профіль (не толькі твару — у гэтым горадзе, сапраўды, вольныя норавы), у думках перабіраючы няхітрыя ў прынцыпе варыянты. Я яму пахвальна падміргаваю: браток, ты сёння вольны, як дэпутат беларускага парламента на саміце аб’яднанай Еўропы. Ён у адказ пазяхае, маўляў, падумаеш, дзяўчыне яўна не больш за семнаццаць. Пра што з ёй размаўляць?
Зямляк не ў тэме — японцы менавіта Наташку з сотні кандыдатак і адабралі па гэтай самай прыкмеце. Чамусьці падабаюцца ім мадэлі з чыстым па-дзіцячы выразам твару. І знешнасцю, па якой адразу цяжка вызначыць нацыянальную прыналежнасць.
Куды больш за модны ружовы берэт Наталлі падыдзе спадніца ў сорак падолаў і хустка, завязаная на патыліцы заліхвацкім вузлом. Мяне не пакідае пачуццё, што, дапіўшы каву, яна трывожна азірнецца па баках і схопіць мяне за руку з яўным намерам паваражыць на шчасце. Аднак допыт выяўляе ў яе продкаў поўную адсутнасць прадстаўнікоў не толькі качавых, але і іншых плямёнаў, што з роўным поспехам прамышлялі ў розныя перыяды сваёй гісторыі канякрадствам і барацьбой за ўласную незалежнасць ад усіх.
Сэрца прымушае ўтрапёна біцца адно толькі што ўспамін нейкага Самвела Рыгоравіча Каграманяна. Высвятляецца, што без ураджэнца араратскай даліны яна б такой ніколі не стала.
Адзін Бог ведае, якім чынам лёс закінуў гэтага самага Каграманяна ў Смалявічы, але ў жыцці правінцыйнага гарадка гэты спачатку непрыкметны факт адыграў знамянальную ролю. Са з’яўленнем экспансіўнага армяніна, які аказаўся трэнерам па хакеі на траве, ў мястэчку развіўся сапраўдны бум на гэты дагэтуль загадкавы для тамтэйшых краёў від спорта. Наташка аказалася цікаўнай не менш за іншых, без сумнення прамяняўшы ўсе мінулыя захапленні на хакей.
Каграманян любіў казаць, што Шымко — гэта той адзіны гулец яго каманды, хто пры выпадку можа схавацца за клюшку і застацца незаўважаным для непрыцеля… Але тым не менш давяраў ёй самую адказную пазіцыю на полі — цэнтральнага паўабаронцы. Плэймейкер — так называюць на любой зялёнай паляне таго, хто думае больш за іншых.
“Наташа. Ты што самая разумная, да?” — яна робіць невінаваты твар і заклапочана паціскае плячыма: “Ну, у прынцыпе, так!” — сціпласць упрыгожвае яе да гэтай пары. — “Ведаеш, як цяжка змагацца з тымі, хто за цябе вышэйшы і мацнейшы? Тут толькі галавой думаць і трэба…”
На юніорскім чэмпіянаце Еўропы ў Празе, дзе ўзрост удзельніц абмяжоўваўся 21 годам, Наташа аказалася самай маладой — ёй было ўсяго толькі 17. Беларускі прабіваліся да залатых медалёў на зубах — наяўнасць лепшых каманд Старога Света прымушала ставіць на карту ўсё, чаму яны навучыліся за гады трэніровак.
У фінале, у гульні з гаспадынямі беларускі прайгравалі амаль увесь матч. Стадыён хварэў за сваіх і ў нашых практычна не было шанцаў. “Але мы ўпёрліся, — узгадвае Наташа. — У спорце перамагае той, хто ўмее пераступіць праз свой боль. Чэшкі таксама здорава стаміліся і чакалі, калі мы спынімся. А мы і выгляду не падаем, што ў нас таксама ўжо перад вачамі плывуць чорныя кругі і бегаем з апошніх сіл…”
У канцоўцы беларускі, нягледзячы на шалёны пратэст трыбун, прыціснулі гаспадыняў да варот і змаглі спачатку зраўняць лік, а затым і вырваць перамогу.
Тады Наташа думала, што той дзень, калі ўзняла над сабой кубак чэмпіёнаў, стане самым шчаслівым у жыцці. Але Шымко памылілася, галоўным і вызначальным для будучыні стаў заўтрашні, калі ёй, як самаму сімпатычнаму гульцу каманды-пераможцы прыйшлося здымацца для рэкламы хакейнага інвентару.
На здымкі Ната адправілася апранутай у спартыўную форму і з клюшкай. Чэхі пакінулі толькі клюшку. Доўга варажылі над яе тварам, накладалі грым і вышчыпвалі бровы, а калі нарэшце падвялі беларуску да люстэрка, то яна пазнала сваё адлюстраванне з нябачным раней здавальненнем… А прыехаўшы дадому, Ната са здзіўленнем злавіла сябе на тым, што спярша паказала родным не залаты медаль, а здымкі чэшскага фатографа.
Так усё і закруцілася — пражскае агенцтва аказалася партнёрам маскоўскага — а менавіта ў белакаменную ў хуткім часе прыехала гуляць за адзін са сталічных клубаў Наташа… Далей расказваць?
Спорт прыносіў ёй нябачаны па смалявіцкіх маштабах заробак — 150 долараў у месяц, але для Масквы гэта былі не грошы. Здымкі ў рэкламным агенцтве давалі 400-500 — на гэта ўжо можна было жыць… Дзесьці ў далёкіх Смалявічах за здраду хакею на Шымко пакрыўдзіўся любімы трэнер — ён не верыў, што мадэлінг — гэта сур’ёзна, а не капрыз ачмурэлай ад Масквы правінцыйнай дзяўчынкі.
А дзяўчынка была ўпэўненая, што праб’ецца. Яна авалодвала новай прафесіяй няспешліва, як і патрэбна сапраўднай беларусцы, але сур’ёзна, не распыляючыся на глупствы і не дазваляючы сабе нічога лішняга. Ну хіба што крыху…
У Японію Наташа трапіла праз два гады — азіяцкае бюро «Elit models» праводзіла міжнародны кастынг на твар “Міцубісі”. Кандыдатак было шмат, але Наташа ведала, што абавязаная выцянуць гэты білет.
“Гэта быў шанец, які выпадае толькі раз у жыцці. Канешне, страшэнна баялася, але выгляду не падавала. Калі выходзіла на завяршальны адбор, дзе трэба было прарэкламаваць аўтамабіль “Міцубісі”, то ўзгадала словы свайго трэнера. Што перамога заўсёды прыходзіць да таго, хто яе больш хоча, а я, ведаеш, як хацела? Я глядзела на гэты “Міцубісі” як на вароты. Куды трэба забіць мяч, як на праціўніка, якога трэба абыграць любой цаной. Як чэшак у Празе…” Яна да гэтай пары не можа ўспомніць, які менавіта слоўны экспромт выдала тады на англійскай мове, але цвёрда ведае, што зыходзіла са сцэны з поўнай упэўненасцю, што перамагла.
Вядома. Мне хочацца расказаць вам больш падрабязна пра тое, як Папялушкі становяцца прынцэсамі, але сама Наташа лічыць рэцэпт свайго поспеху даволі простым: “Я проста імкнулася ўсё рабіць правільна і ісці па шляху найбольшай верагоднасці. З Мінска мадэлі паехаць у тую ж Японію практычна нерэальна — усе ведаюць, як у нас развіты гэты бізнес. Масква дае куды больш шанцаў і магчымасцяў выявіць сябе. Але таксама не так ужо і многа. Галоўнае іх з розумам выкарыстаць…”
Я ведаю, што яна мае на ўвазе — адпраўленая дадому аўстралійка была яе лепшай сяброўкай. У нашай Наташы праблем з вагой дакладна ўжо не будзе — кожную раніцу яна ідзе ў фітнес і старанна адмярае па дарожцы энергатрэнажора 9 кіламетраў. Гадзіна бегу — гэтага дастаткова для таго, каб былая хакеістка адчувала сябе ў форме.
Наташа назаўсёды застанецца спартсменкай — хоць ніколі і не будзе ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Яе Алімпіяда — гэта штодзённыя кастынгі, калі сваё права на працу трэба адстойваць у суперніцтве з дзяўчынамі з дзесяткаў краін — японцы чамусьці вельмі любяць разводзіць інтэрнацыяналізм на мадэльных падмостках. І яшчэ яны вельмі любяць працаваць. Ад усходу да заходу. І наадварот. Яны плывуць увечары па залітых неонам вуліцах японскай сталіцы, нібы мурашы, і Наташы, седзячы ў адным са шматлікіх кафэ, падабаецца за імі назіраць.
Па сутнасці зараз яна мала чым ад іх адрозніваецца — тая ж напружаная праца: кастынгі, пераезды, фота— і тэлездымкі, удзел у паказах, выставах і прэзентацыях. Вось ужо тры гады запар кожны Наташын дзень распісаны па хвілінах і на сябе застаецца толькі позні вечар, калі можна незаўважна для ўсіх выцягнуць за столікам кафэ напрацаваныя ногі, заказаць каву, уключыць ноўтбук і нарэшце стаць самой сабой.
Яна мне кажа, што ёй нідзе не выпадае так часта ўсміхацца, як ў Японіі! “Ды ў мяне ў першы дзень скулы так балелі! Я думала, што раніцай яны адваляцца! Але абыйшлося…” — скардзіцца мадэль і які раз ужо за вечар заліваецца звонкім бесклапотным смехам.
Смех ёй да твару. Беларускаму твару ў далёкай краіне Японіі, усё ж такі падобнай на хакейную клюшку, з якой маленькая Наташка з правінцыйнага беларускага гарадка калісьці пачынала свой шлях у зусім іншы свет…
Артыкул упершыню надрукаваны ў штотыднёвіку “Салідарнасць” ад 1.07.2005.
Читайте еще
Избранное