Коктейль

Марына Міхайлава

Напісаць дыктоўку, паглядзець «Тутэйшых», прызнацца ў любові. Планы на Дзень роднай мовы

Ужо больш як два дзесяцігоддзі запар 21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы, абвешчаны ЮНЭСКА. Расказваем, як сёлета яго святкуюць беларусы.

Ініцыятыва MOVA24 правяла міжнародны анлайн-марафон «24 гадзіны беларускай мовы», які стартаваў а 7 раніцы 20 лютага і доўжыўся цэлыя суткі. Адукацыйныя лекцыі, гутаркі, гульні, вершы — на адмысловай платформе, якую стварылі беларускія суполкі, прайшлі некалькі дзясяткаў анлайн-сустрэч беларусаў з Беларусі, Бразіліі, Польшчы, Літвы, Грузіі, Ізраілю, ЗША, Японіі і іншых краін свету.

«Усім прывітанне!» перадаў з адмысловым беларускамоўным коцікам лідар прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў.

Сёння ўвечары, а 18-й па Мінску, у сеціве стартуе Агульная дыктоўка. Павел Латушка  зачытае ўрывак са знаёмага кожнаму беларусу яшчэ па школьных уроках твора Якуба Коласа «На ростанях». (Тым больш, якраз у гэтым годзе адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння беларускіх песняроў, Якуба Коласа і Янкі Купалы).

Далучыцца да мерапрыемства — напісаць тэкст, сфатаграфаваць свой аркуш і даслаць здымак у сацыяльныя сеткі арганізатараў — можа кожны ахвотны. «Давайце размаўляць на мілагучнай матчынай мове не толькі ў Дзень мовы, а кожнага дня!» — прапануюць удзельнікам арганізатары.

Нагадаем, летась у гэты дзень агульную дыктоўку для беларусаў правяла Святлана Ціханоўская, якая чытала тэкст паводле нарысу Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі». Як засведчыла  статыстыка YouTube, дыктоўку праслухалі (і, хочацца верыць, напісалі) больш як 22700 чалавек.

Рэспубліканскую дыктоўку па беларускай мове прапануюць напісаць — жыўцом у Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы альбо праз Zoom — і навукоўцы з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі.

Фота nlb.by

Які тэкст абралі ці падрыхтавалі для іспыту, тут загадзя паведамляць не сталі. Затое адзначаць Дзень роднай мовы па традыцыі будуць цэлы тыдзень, цягам якога запланаваныя інтэрв’ю дзяржаўным СМІ пра важнасць мовы, навукова-папулярная лекцыя для замежных студэнтаў «Беларуская мова — дзяржаўная мова Беларусі», прэзентацыя праекту «Мова прафесіі», шэраг іншых лекцый і прэзентацый.

Незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы» адмыслова напярэдадні свята адкрыла доступ да ўсіх сваіх спектакляў на YouTube-канале: цягам тыдня можна бясплатна паглядзець 7 пастановак, ад аўдыёспектаклю «1984» да абноўленай версіі «Тутэйшых», і сёння яшчэ таксама не позна гэта зрабіць.

А вось дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы на чале з мастацкім кіраўніком Вольгай Няфёдавай, мяркуючы па афіцыйным сайце, 21 лютага ніяк асабліва адзначаць не збіраецца — бліжэйшы спектакль тут запланаваны 24 лютага, гэта будзе пастаноўка «Скрыжаванне. Калядныя сустрэчы ля каміна».

Зрэшты, як зазначае экс-старшыня ліквідаванага ўладамі Таварыства Беларускай мовы Алена Анісім, хоць ТБМ і не можа правесці публічную акцыю ў падтрымку роднай мовы — Агульнанацыянальную дыктоўку, але зладзіць яе ў лакальных маштабах самастойна можа кожны ахвотны.

На сваёй старонцы ў Facebook спадарыня Алена змясціла тэксты, падабраныя Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы — кожны з іх можна выкарыстаць для напісання беларускай дыктоўкі.

А на старонцы ініцыятывы «Лёгкая мова» можна, прычым не толькі ў свята, а ў любы зручны момант, палепшыць свой слоўнікавы запас беларускай, дазнаўшыся рэдкія і цікавыя словы, альбо проста перачытаць улюбёныя і заўжды дарэчныя радкі з класікаў.

Актывісты беларускага моладзевага хаба ў Варшаве зладзяць увечары 21 лютага святочную імпрэзу да Дня роднай мовы — у праграме карысныя практыкаванні, дыктоўка паводле рамана «Мова» Віктара Марціновіча, гульні, музычны сюрпрыз, ад нядаўняга часу беларускамоўны папулярны блогер Мікіта Мелказёраў і ўсякі інтэрактыў.

Адзначаць Дзень роднай мовы і беларусы Кіева — у арт-пабе «Торвальд» афіцыйна адкрыюцца бясплатныя моўныя курсы «Мова нанова». Музычным госцем імпрэзы стане спявачка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава.

А вось у рэгіёнах дзе-нідзе Дзень роднай мовы ўжо адзначылі. Напрыклад, «Газета Слонімская» (сайт выдання ад пачатку лютага заблакаваны ў Беларуси, дасяжны праз VPN) паведаміла, што ў Слоніме гараджане напісалі дыктоўку па ўспамінах свайго земляка, паэта Анатоля Іверса, пра ягоныя сустрэчы з Янкам Купалам. «Гэтую дыктоўку 20 лютага напісалі 10 слонімцаў. Як паказала самаправерка, узровень валодання пісьмовай беларускай мовай у іх добры і выдатны», — піша выданне. Таксама беларуская дыктоўка прайшла 19-20 лютага на Лідчыне, у вёсцы Мінойты і ў Лідзе.

Традыцыйна многія беларусы ў гэты дзень распавядаюць у сацсетках пра свае ўлюбёныя беларускія словы, настаўнікаў, памятныя выпадкі, звязаныя з вывучэннем ці пераходам на мову. Далучайцеся!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)