Политика
Радыё Свабода

Найлепшымі журналістамі 2005 году названыя... міністры, старшыні судоў і Лідзія Ярмошына

Сёньня ў Менску пачала працу спэцыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”, прымеркаваная да міжнароднага Дня свабоды прэсы. Аднак карэспандэнт Радыё Свабода ніводнага недзяржаўнага грамадзка-палітычнага выданьня на выставе не знайшоў.

Сёлетняя выстава “СМІ ў Беларусі” абышлася безь незалежных грамадзка-палітычных выданьняў. Па пэрымэтры залі, на дзьве траціны занятай подыюмам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, прыціснуліся стэнды цэнтральных дзяржаўных газэтаў, а таксама рэгіянальныя рэдакцыі.

У шэрагу недзяржаўных былі заўважаныя пераважна рэклямныя ды забаўляльныя выданьні. Выдавец прыпыненай у сакавіку на загад Міністэрства інфармацыі “БДГ. Деловой газеты” Пётар Марцаў так тлумачыць, чаму незалежная прэса ігнаруецца арганізатарамі падобных выставаў:

(Марцаў:) “Палітыка дзяржавы адносна незалежных СМІ не дазваляе браць удзелу ў такіх дзяржаўных выставах. Раней мы ўдзельнічалі рэгулярна, але цягам апошніх трох гадоў практычна ніводнай газэты, якая мае грамадзка-палітычную арыентаванасьць, на выставах няма. Яны тут чужыя. З тым, што выстава адчынілася ў Міжнародны дзень свабоды прэсы, ніякай фатальнай сувязі ня бачу. Проста нашая дзяржава па-свойму разумее свабоду слова, свабоду друку. І гэта не перашкаджае ёй сьвяткаваць гэты дзень гэтак жа, як і ўсім краінам”.

Адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы “БДГ. Деловой газеты”, спадар Марцаў заўважыў: пакуль ня вырашанае пытаньне з друкаваньнем і распаўсюдам газэты на тэрыторыі Беларусі, аб аднаўленьні гаварыць не даводзіцца.

У падобнай жа сытуацыі цяпер “Салідарнасць”, “Товарищ”, “Наша Ніва”, шэраг рэгіянальных незалежных газэтаў. Раз-пораз на мяжы спыненьня аказваецца буйнейшая незалежная газэта “Народная Воля”. Гаворыць першая намесьніца рэдактара Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Мэта любых выставаў — гэта разьвіцьцё газэты. А ў беларускіх умовах удзел незалежных газэтаў у такіх выставах — гэта проста дэманстрацыя таго, што яны існуюць. Таму гэта проста падзея дзеля “птушачкі”, бо ўсе добра ведаюць, якім чынам разьвіваюцца СМІ ў Беларусі, якія ўмовы для гэтага ствараюцца, як яны існуюць. І таму выстава як рэкляма ўвогуле не патрэбная ні дзяржаўным, ні незалежным выданьням. Калі, натуральна, ня браць да ўвагі камэрцыйныя выданьні”.

Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў выставы “СМІ ў Беларусі” старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі заявіў, што шанаваць трэба, перадусім, дзяржаўныя СМІ.

(Зімоўскі: ) “Шануйце і любіце нашыя беларускія сродкі масавай інфармацыі, і яны заўсёды адгукнуцца і будуць зьвяртацца да вас з усёй душой. Усё, што робяць беларускія СМІ, усё гэта робіцца для вас. Я вельмі спадзяваўся б, што дзясятая выстава “СМІ ў Беларусі” стала зыходным пунктам для новага адліку юбілею гэтых выставаў, для новага адліку разьвіцьця СМІ ў Рэспубліцы Беларусь”.

У часе адкрыцьця выставы адзначаныя найлепшыя публікацыі за 2005 год у галіне праблематыкі дзяржаўнага будаўніцтва. Дыплёмы намінантам конкурсу ўручаў міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч.

Сярод пераможцаў аказаліся старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Віктар Камянкоў, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ды іншыя дзяржаўныя асобы.

Нагадаем, паводле амэрыканскай арганізацыі “Freedom House”, Беларусь знаходзіцца на 185-м месцы паводле ступені свабоды СМІ са 194 дзяржаваў сьвету. Побач — Паўночная Карэя, Куба, Лібія. Апроч таго, паводле экспэртаў міжнароднага Камітэту ў абарону журналістаў, Беларусь завяршае сьпіс дзесяці краінаў з самай жорсткай цэнзурай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)