Общество

«На калені перад уладай ня стану». Што вядома пра лёс фігурантаў «пінскай справы»

30 красавіка 14 фігурантам «пінскай справы» прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. Яны таксама павінны выплаціць каля 200 тысяч рублёў кампэнсацыі сілавікам і чыноўнікам. Родныя ня ведаюць, дзе ўзяць такія грошы, паведамляе Радыё Свабода.

Сёньня большасьць фігурантаў «пінскай справы» перавялі ў СІЗА Баранавічаў. Там палітвязьні будуць чакаць выніку апэляцыйнага суду. Але асуджаныя пінчукі, па словах іх родных, не спадзяюцца на зьмены ў прысудзе і маральна ўжо настроеныя адпраўляцца ў калёнію.

Свабода паразмаўляла зь іх сваякамі (многія зь іх нядаўна пабывалі на спатканьні ў СІЗА) і даведалася пра маральны і фізычны стан некаторых фігурантаў «пінскай справы» пасьля абвяшчэньня прысуду.

«Да апошняга верыў, што яго апраўдаюць»

Кацярына Рагашчук, сястра шматдзетнага бацькі, 36-гадовага Вячаслава Рагашчука (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму):

«Засмучаны вельмі моцна, быў прыгнечаны. Відаць, што моцна перажывае. У СІЗА яму казалі, што гэты судзьдзя Брэган (Яўген Брэган прысудзіў 30 красавіка 14 фігурантам «пінскай справы» ад 5,5 да 6,5 года калёніі. — РС) — чалавечны, «судзьдзя праўды», таму Слава спадзяваўся, што будзе неяк па-іншаму. Але расчараваўся.

Калі стаў распытваць пра дзяцей — плакаў (Вячаслаў — бацька траіх непаўналетніх дзяцей. — РС). Цікавіўся, калі будзе наступнае спатканьне (на сустрэчы прысутнічалі Кацярына і жонка Вячаслава. — РС), а мы на гэта: «Ой, Славік, ужо ня хутка. Напэўна, ужо толькі на зоне».

Кажа, пастаянна зьвініць у галаве (пасьля затрыманьня Рагашчука білі тры дні, сам Вячаслаў раней пісаў у лістах, што ў ізалятары яму дыягнаставалі кровазьліцьцё, страсеньне мозгу, або траўму галавы ці мікраінсульт. — РС). Я спытала: «Як менавіта?». Адказаў: «Такое „дззз“».

Мы ж яму месяц таму даслалі 2 пачкі таблетак (ад трамбозу ў сасудах), якія яму выпісалі. Але ён сказаў, што іх ня п’е, бо лекі ніхто яму не перадаў. Куды яны падзеліся, мы ня ведаем.

Пасьля прысуду ў Берасьцейскім СІЗА яго «абсьледавалі». Прыйшлі два мэдработнікі. Паглядзелі і сказалі: «У вас усяго толькі засьмечаныя пазухі носа». Ён спытаў: «А ў галаве ў мяне чаго зьвініць?». Яны адказалі: «Ад гэтага».

Я яго падбадзёрвала. Сказала: «Славік, ты ж ня думай, што ты там будзеш 6 гадоў сядзець, хутка ўсё наладзіцца». А ён: «Адкуль ты ведаеш?». Я кажу: «Ну ведаю, Славік, ведаю. Не магу ж я табе зараз сказаць, нас жа слухаюць. Ты, галоўнае, не губляй надзеі».

Ён да апошняга верыў, што яго апраўдаюць. Бо за што 6 гадоў? Абурана нам расказваў, што зь ім у камэры сядзеў мужчына зь Пінску, які на пешаходным пераходзе ў нецьвярозым стане зьбіў насьмерць жанчыну. І яму далі 4 гады, а ён жа забіў чалавека!

Вельмі моцна абураўся пазовамі (агульная сума кампэнсацыі складае цяпер 201 028,94 капейкі, у тым ліку матэрыяльная шкода — 24 237,94 капейкі, маральная шкода пацярпелым сілавікам — 148 500 рублёў, судовыя выдаткі — 10 000 рублёў, і яшчэ 10% ад цэлай сумы, калі ня выплаціць кампэнсацыю на працягу месяца ад уступленьня ў сілу прысуду. — РС). Кажа: «Дзе ўзяць гэтыя грошы?». У іх жа зарплата на зоне будзе ў месяц 2 пачкі цыгарэт.

Усё гэта павінны адразу сплаціць 14 нашых асуджаных, а потым ужо маем права падаць пазоў на ўсіх новых фігурантаў (другую частку абвінавачаных па «пінскай справе» будуць судзіць у Берасьці 31 траўня), каб яны нам кампэнсавалі нейкую частку сумы.

Калі ня выплацім, нас чакае арышт маёмасьці. І калі, напрыклад, будзем пералічваць Славіку на зону грошы, а будзе прызначана 5 ці 6 базавых велічынь, то ён атрымае толькі 2. Астатняя сума будзе ісьці на пазоў.

З нашых 14 фігурантаў толькі ў Славіка ёсьць маёмасьць — адна грузавая машына і 2 легкавыя. Іх жа на сто адсоткаў забяруць! Зусім ня ведаем, што рабіць. Мы ў страшнай сытуацыі. Славік кажа, хоць бы адпусьцілі. Працаваў бы дый вяртаў бы ім гэтыя грошы.

Жонка яго вельмі перажывае. На Вялікдзень нават не пайшла ні ў госьці, ні да бацькоў. Я кажу, прыходзь хоць да мяне, а яна: «Не хачу ніякага Вялікадня, нічога мне ня трэба», кажа: «Дзе той Бог?». Нават сьвяціць не хадзіла. Плача пастаянна. У вачах капіляры парваліся, вочы заліліся крывёю.

У нас цяпер ніякай дапамогі не засталося. Падалі на апэляцыю, але ведаем, што нічога ня будзе. Тут трэба думаць і баяцца, каб не дадалі [гадоў], бо закону ў нас даўно ўжо няма«.

«Мой сын — герой пераменаў, якія абавязкова хутка наступяць»

Яўгенія Мацюш, маці 19-гадовага Дэвіда Масьціцкага (асуджаны на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму)

«Нягледзячы на вялікія лічбы прысуду, ён не зламаўся. Падчас нашай сустрэчы ўсьміхаўся. Мы стараліся жартаваць, адзін аднаго падтрымлівалі. Казаў: „Мама, ты толькі ня плач больш“. Я перад спатканьнем напілася заспакаяльных, таму старалася трымацца. Бо ён мог бы сфатаграфаваць мой твар са сьлязамі, і ў яго ён і застаўся б у памяці.

Усю сустрэчу глядзеў мне ў вочы. Я ўжо і ўбок позірк адводзіла, каб толькі не заплакаць. Па сыну вельмі сумуе (дзіцяці Дэвіда 1,4 месяца. — РС), казаў: „Уяўляеш, я выйду, і сыну будзе 6 гадоў. Ужо ў школу пойдзе, а я нічога ня ўбачу“. Пра сястрычак пытаўся. (У Яўгеніі 2 маленькія дачкі. — РС) Перажывае, што яго не пазнаюць, забудуць.

У параўнаньні зь першым днём, калі яго лісты чытаць было проста невыносна, цяпер, празь некалькі месяцаў ён ня тое каб прывык, проста прыняў гэтую сытуацыю.

Настроены ён на ўвесь тэрмін, нягледзячы на тое, што я яму казала: „Сын, ну можа зьменіцца нешта да лепшага, у краіне нарэшце запрацуе закон“. Ён адказаў: „Мам, я ўжо ні на што не спадзяюся. Чакаю ўжо 8 месяцаў, і нічога не адбываецца. Выйду і пачну новае жыцьцё“. Сказаў, што калі ў краіне ня будзе зьменаў, то зьедзе. Таму што жыць тут пасьля ўсяго, што цяпер зь ім адбываецца, будзе вельмі цяжка.

Сума кампэнсацыі нерэальная. Гэта ўжо ні ў якія рамкі ня лезе. Кампэнсацыю за тое, што ў сілавікоў прапаў апэтыт і сон? У мяне таксама зьнік, але мне ніхто грошай не выплачвае.

Некаторыя не разумеюць, чым мы, бацькі, ганарымся, сьцьвярджаючы, што нашы дзеці героі. А ганаруся я тым, што сын сам-насам застаўся са сваімі праблемамі і імкнецца іх вырашаць. Нягледзячы на тое, што яго стараюцца псыхалягічна зламаць, ён зь вялікай мужнасьцю прыняў жудасны прысуд.(...). Мой сын — герой пераменаў, якія абавязкова хутка наступяць».

«Калі трэба, буду сядзець ад званка да званка»

Тацяна Собалева, мачаха 19-гадовага Алега Рубца (асуджаны на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму):

«Эмоцыі ад таго, што мы даўно ня бачыліся, настолькі падняліся, што ў яго нават губа трэслася. Так моцна ён перажываў. Пра ўсё пагаварылі, расказала яму пра нашыя хатнія справы. Ён разумее, што апэляцыйны суд, хутчэй за ўсё, нічога не памяняе ў яго лёсе. Сказаў: „Я не зьмірыўся з умовамі, у якіх знаходжуся. Я іх прыняў. Бо цяпер не магу нічога зьмяніць, таму перажываць я ня буду, і вас нэрваваць не хачу“.

Рыхтуецца ехаць у лягер, зьбірае сумку. Дачытаў кнігу „Архіпэляг ГУЛАГ“. Цяпер зьбіраецца замовіць літаратуру па псыхалёгіі. Сказаў, што хоча здабыць адтуль веды, якія зможа выкарыстоўваць у далейшым жыцьці. Можа, адносіны з кімсьці прыйдзецца наладзіць, там жа [у калёніі] таксама калектыў з рознымі характарамі і лёсамі. Адным словам, рыхтуецца эмацыйна.

Самаадчуваньне нармальнае. Толькі схуднеў. Недахоп харчаваньня, напэўна, адбіваецца на яго маладым арганізьме. А можа, нэрвовыя перажываньні пасьля суду. Нялёгка яму, гэта відаць, але ён у нас чалавек вытрыманы. Ніколі не пакажа, калі яму цяжка. Спытала, ці будзе ён падаваць прашэньне аб памілаваньні — ён катэгарычна сказаў, што не. Пасьля падзей жніўня, зьбіцьця сілавікамі [мірных грамадзян] ён ня лічыць патрэбным прасіць памілаваньня ў прэзыдэнта. Сказаў: „Калі трэба, буду сядзець ад званка да званка, але стаяць на каленях перад уладай ня буду“».

«Вы не хвалюйцеся, я моцны, я вытрымаю»

Натальля, сястра Аляксандра Цярэшкі (асуджаны на 6,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму):

 «Мы яшчэ чакаем спатканьня. Таму ўсю інфармацыю атрымліваем зь лістоў. Апошні ліст быў пазытыўны. Відаць, што ня падае духам. Піша: «Я адседжу як трэба. А можа, усё і раней вырашыцца. Вы не хвалюйцеся, я моцны, я вытрымаю. Вы глядзіце за сабой, за сваім здароўем». Можа, ён проста нас ня хоча хваляваць, але па лістах — трымаецца.

«Прысуд ня стаў шокам. Проста лічба прыгнятае»

Сьвятлана Багнавец, сястра Рамана Багнаўца (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму):

«Ён наогул не расклеены. Увесь на пазытыве. Сказаў, што прысуд ня стаў шокам. Проста лічба прыгнятае. А так настроены ўжо адпраўляцца ў калёнію.

Чакаем апэляцыі. Хоць розумам і ён, і я разумеем, што гэта, хутчэй за ўсё, мала што зьменіць, але ўсё ж такі. Адзінае, ён у мяне пытаўся: „Ці ня хочуць пінчукам дапамагчы?“. Ну што я яму магла сказаць? Сказала, што пакуль цішыня...»

«Вельмі прасіў перадаць, каб людзі пісалі яму і астатнім вязьням часьцей»

Марыя Салавей, маці Ігара Салаўя (асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму):

«Раней у яго быў бадзёры настрой, а цяпер ня вельмі. Нават зьдзівіўся, што я прыехала. Трымаецца, вядома, але як ужо надакучыла гэтае беззаконьне. Просіць, каб знайшлі каго-небудзь, хто дапамог бы аплаціць гэты пазоў. А дзе знайсьці? Дзе ўзяць такія грошы?

На здароўе пачаў скардзіцца, сказаў, баліць паясьніца. Вядома, выседзець столькі месяцаў на гэтай лаўцы. А лекар, калі яго агледзеў, сказаў: „Ты прыдурваесься. Нічога ў цябе не баліць“.

Цяпер ён ужо ў Баранавічах і вельмі прасіў перадаць, каб людзі пісалі яму і астатнім вязьням часьцей, таму што яны сядзяць там у поўнай ізаляцыі ад сьвету. Яшчэ прасіў перадаць вялікую ўдзячнасьць усім неабыякавым людзям, якія аказваюць падтрымку палітвязьням!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)