Мялешка: «Сказалі, вы зашмат гаворыце»
Журналіст расказаў Радыё Свабода, як іх з дачкой высылалі з Грузіі.
Журналіст і актывіст расказаў, як яны з дачкой правялі дзень у аэрапорце Кутаісі перад высылкай з Грузіі, чаму зь імі зьнікла сувязь і што яны плянуюць рабіць далей.
«Сказалі: «Вы зашмат гаворыце»
Андрэй Мялешка кажа, што пасля таго, як выйшла інтэрвію на Радыё Свабода, да іх з дачкой падыйшлі супрацоўнікі аэрапорту і забралі ўсе іхныя дэвайсы, тэлефоны, а таксама ноўтбук.
— Сказалі: «Вы зашмат гаворыце».
Па словах суразмоўцы, ён прасіў скласьці акт, паводле якога забіраюць маёмасьць. «Мы ўсё напішам», — адказалі яму.
Гэта адбылося каля поўдня 16 верасьня. Рэшту дня да адлёту з Грузіі журналіст з дачкой заставаліся без сувязі.
Андрэй Мялешка ведае, што да яго прыяжджалі жонка з Батумі, сябры, праваабаронцы, адвакат. Аднак ён нікога зь іх ня бачыў, ня мог пагаварыць. Пакой, дзе трымалі бацьку з дачкой, знаходзіўся ў нэўтральнай зоне. Да іх нікога не пусьцілі. Да поўдня Андрэй Мялешка стараўся паведамляць навіны з памяшканьня, дзе іх утрымлівалі:
— На што нам ніхто нічога не адказваў. У чатыры гадзіны нас спрабавалі першы раз пасадзіць на самалёт. Мы павінныя былі вылятаць у 15:40. А ў 15:30 быў рэйс «Белавіі». Была імавернасьць, што нас на гэты рэйс пасадзяць. Мы бачылі самалёт з васільком з вакна. Ён зрабіў кола. Дачка кажа: «Дзякуй Богу, што нас на яго не пасадзілі».
Мялешкам ніхто не казаў і не намякаў, што іх могуць адправіць у Беларусь, але яны ўсё адно дапускалі такое разьвіцьцё падзей. Неўзабаве прыйшоў супрацоўнік і сказаў ім рыхтавацца на самалёт да Варшавы. Ён павінен быў паляцець у 15:40. Чаму рэйс затрымалі амаль на дзевяць гадзін, Мялешка ня ведае. Яму ніхто нічога не тлумачыў. Да поўначы яны проста чакалі вылету.
— Мы нічога ня думалі. Мы чакалі, што будзе далей адбывацца. А што рабіць? Я ж нічога ня ведаю, што адбываецца. Ніхто нічога ня кажа... Я ніколі такую сытуацыю не перажываў. Ты боўтаесься, прабачце, як гаўно ў прорубі, ня ведаеш, што з табой будзе адбывацца, — кажа Андрэй.
Ён ацэньвае складанасьць гэтай сытуацыі на 9 балаў зь 10.
«Плакала, бо з мамай ня можа сустрэцца»
З журналістам з краіны выслалі яго 11-гадовую дачку. Яна цяжка перажывала тое, што адбываецца.
— Плакала, бо з мамай ня можа ніяк сустрэцца, з мамай ня можа паразмаўляць. З мамай яны пагаварылі толькі ў самалёце (праз тэлефон), — кажа суразмоўца.
Каля дванаццаці гадзін дзяўчынка нічога ня ела. Запасаў ежы ў сям’і з сабой не было. Пасьля таго, як іх не пасадзілі на самалёт каля 16 гадзін Андрэй «падняў бунт» і стаў прасіць, каб пакармілі дзіця. Спачатку ім прынесьлі піражкі і гарачую ваду. Пасьля просьбы прынесьці штосьці яшчэ, у бацькі папыталі, што будзе есьці дзіця.
— Я кажу, калі можна, то бульбу-фры. Праз гадзіны дзьве прынесьлі паднос бульбы-фры на кіляграмы паўтара. Больш да нас ніхто не заходзіў і нічога не прыносілі, — расказвае суразмоўца.
Адсутнасьць ежы дачка пераносіла спакойна, адзначае бацька. Раней Андрэй ужо вандраваў адзін з дачкой цягам пары тыдняў ці месяцу.
Пакуль ён мяркуе застацца жыць у Польшчы. Імаверна, паедзе ў Беласток, бо там шмат знаёмых. Дзе і як далей жыць, беларус пакуль ня ведае. У іх з сабой у вандроўцы была валізка на 10 кіляграмаў з рэчамі на тыдзень і два заплечнікі. Што будзе рабіць жонка з малодшай дачкой, пакуль ня вырашылі. Яны застаюцца ў Батумі.
Нерухомасьці ў Грузіі ў Мялешкаў няма. Аднак сабраць усе рэчы і перавезьці ў Польшчу было б складана.
«Нам не паставілі дэпартацыю»
Мялешка ацэньвае сытуацыю як «дзіўную»:
— Нам жа не паставілі «дэпартацыю», нам не паставілі пячатак у пашпарце, што мы прыяжджалі ў Грузію. Хочаце — можаце да нас прыяжджаць, — разважае суразмоўца.
На Андрэя і на дачку выдалі дзьве асобныя паперы, на якіх пазначылі, што ім забаранілі ўезд у Грузію празь «іншыя прычыны». Што хаваецца за фразай «іншыя прычыны», ім не патлумачылі. Каб даведацца дэталі справы, ім прапанавалі пісаць у Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі.
Спрабаваць ляцець празь іншы аэрапрот у Грузію Андрэй пакуль не плянуе, бо гэта надта вялікі стрэс. За рэйс, якім яны прымусова ляцелі ў Варшаву, Мялешкі не плацілі.
Андрэй думае, што яго маглі не ўпусьціць у Грузію перад парлямэнцкімі выбарамі ў краіне, якія адбудуцца сёлета ў кастрычніку. Ён адзначае, што ніколі не крытыкаваў грузінскія ўлады. Праводзіў хутчэй культурную, чым палітычную дзейнасьць у Грузіі.
Як журналіст, Мялешка асьвятляў акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Некалькі разоў ладзіў сустрэчы, каб напісаць лісты палітзьняволеным беларусам. Займаўся арганізацыяй канцэртаў, ладзіў сустрэчы зь вядомымі людзьмі, праводзіў гістарычны беларускі клюб, меў маленькую крамку, у якой гандляваў таварамі зь беларускай нацыянальнай сымболікай.
Беларускі журналіст расказаў, што цяпер ягонай сытуацыяй займаюцца чатыры грузінскія арганізацыі, зьвязаныя з праваабаронай.
— Хай займаюцца, я ня супраць. Яны на тэрыторыі той краіны, на якой са мной гэта ўсё адбылося. Я ў Польшчы. Нам пакуль трэба неяк даехаць да Беластока і там плянаваць далейшае жыцьцё.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное