«Можна ўспомніць, калі зазвініць капяжамі адліга». Алесю Бяляцкаму — 60

Вядомы праваабаронца сустракае юбілей у СІЗА ў чаканні суду.

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

25 верасня вядомы праваабаронца, кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначае сваё 60-годдзе.

Адзначае за кратамі, бо знаходзіцца ў СІЗА з ліпеня 2021 года, як і ягоныя калегі-вясноўцы. Сабралі віншаванні юбіляру ад калегаў-праваабронцаў і сяброў-талакоўцаў.

— Патрыярх беларускай праваабароны Алесь Бяляцкі, як і дзесяць год таму, сустракае новае дзесяцігоддзе свайго жыцця ў няволі, — піша праваабаронца Андрэй Стрыжак. — Тады Алеся спрабавалі абвінаваціць у шматмільённых прыбытках на асабістыя рахункі, але гэтыя грошы выдаткоўваліся выключна на праваабарончую дзейнасць.

Сёння Алеся абвінавачваюць у арганізацыі «беспорядков» у 2020 годзе. І тады і сёння лукашысты робяць усё, каб знішчыць праваабарончую супольнасць, але высілкі гэтыя марныя, бо на месца кожнага і кожнай, каго садзіць улада за праваабарончую працу, прыходзяць новыя людзі.

— Алеcь Бяляцкі сустракае 60-годзьдзе ў турме, бо ён сусьветна вядомы праваабаронца, грамадзкі лідэр, навуковец, — піша мовазнаўца Вінцук Вячорка. — У сваіх дасьледаваньнях ён паказаў, што беларуская мова была каштоўнасным грунтам беларускага нацыянальнага руху з пачатку ХХ стагодзьдзя, а потым — асновай, на якой вырасталі новыя хвалі беларускага адраджэньня нават пасьля самых жорсткіх рэпрэсіяў.

А гісторыя зь беларускім словам як абарончым кудмянём такая, нагадвае Вячорка:

— Дзесяць гадоў таму Алесь таксама быў палітычным вязьнем. У бабруйскай калёніі яго былі абвінавацілі ў тым, што задрамаў удзень. Творца патлумачыў, што «знаходзіўся ва ўтрапеньні», у спэцыфічным характэрным часам для беларусаў стане, «блізкім да мэдытацыі».

Гэтая слоўная загадка ўразіла назорцаў, Бяляцкага пакаралі толькі часткова. Старадаўняе беларускае слова «ўтрапеньне» азначае і неўтаймаванае праяўленьне пачуцьцяў, і выкліканую моцным пачуцьцём засяроджанасьць.

Алесь, з днём нараджэньня! Беларусь і наша мова — непераможныя.

Паэт Уладзімір Някляеў апублікаваў да 60-годдзя Бляцкага верш «Рымцелі»:

Калі слухаць і слухаць,

Як выюць за кратамі вецер са снегам,

Як у фортцы звініць і звініць зледзянелае шкло,

Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў –

Шмат чаго, што мінула, нібы не было.

Можна ўспомніць Афіны і Рым, і падумаць пра рымлянак,

Пра гетэр – не хапае за кратамі рымскіх гетэр…

 

Але ўспомніўся мне

воўк

у лесе зімовым

пад Рымцелямі:

Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся звер!

Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты.

Ён да логвішча йшоў – і не быў я ў патрэбу яму.

Але пах, які вычуў ён, быў не з ваўчынага свету:

Звер учуяў турму.

 

Можна ўспомніць, калі зазвініць капяжамі адліга,

І за кратамі ценькне вяснова нараніцы птах,

Як ашчэрваўся свет на Хрыста і на Марціна Лютэра Кінга,

На любога і кожнага, хто чалавечынай пах.

Можна ўспомніць… Але

у ваўчыных вачах – не пра тое…

Скрозь прапахла зямля

потам,

спермай,

мачою,

крывёю

Ад Афінаў і Рыма – і да Калымы!..

Ды нішто і ніхто ў гэтым свеце не пахне турмою.

Толькі мы.

***

Павіншуйце Алеся Бяляцкага з днём нараджэння: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.

«Салідарнасць» далучаецца да віншаванняў і жадае Алесю Бяляцкаму як найхутчэй выйсці на свабоду, як і ўсім палітвязням.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)