Комментарии
«Наша ніва»

Моўная рэформа

Старшыня: Дарагія таварышы, у гэты стабільны для Бацькаўшчыны час мы паўсталі перад пытаньнем яшчэ большага стабілізаваньня розных аспэктаў нашага жыцьця. Адным з такіх аспэктаў ёсьць мова. 25 жніўня стала відавочна, што яна патрабуе рэформы. Дзеля гэтага найлепшыя спэцыялісты ўжо 25-га па абедзе разгледзелі некалькі варыянтаў магчымай рэформы, якія я вам зараз і выкладу…

Такім чынам, сябры, першы варыянт, прапанаваны камісіяй, прадугледжваў пераход на арабскі альфабэт, ці, як кажуць у нас у народзе — арабіцу. Прадыктаванае падобнае меркаваньне было ня так бізнэсоўцамі з арабскіх краінаў, як цьвярозым розумам: шырацца кантакты нашай рэспублікі з далёкім замежжам, і якога нашага стратэгічнага патрнэра ні вазьмі, амаль усе яны, хоць ты ў лоб страляй, карыстаюцца менавіта такім пісьмом. Да таго ж і продкі нашыя не цураліся пісаць зьлева направа.

(У залі гул галасоў, відаць па ўсім — ухвальны).

Аднак пазьней камісія вырашыла адмовіцца ад першага і пачала разгляд другога варыянту. Сутнасьць яго ў наступным: зважаючы на тое, што расейская мова зьяўляецца дзяржаўнай, дзяржава павінна рэфармаваць менавіта яе. І таму ў мэтах збліжэньня моваў прапанавалася пісаць: «калхозьник», «Москва», «ператрахивать». Аднак пасьля цяжкай працяглай дыскусіі сябры камісіі вырашылі адысьці ад другога і засяродзіцца, на трэцім, апошнім варыянце, абмеркааваць які мы і прапануем вам сёньня.

У залі ажыўленьне: нарад хуткай дапамогі толькі што ажывіў Панкрата Нічыпаравіча, самага старога сябра Інстытуту.

Старшыня: Гэты варыянт ваісьціну зьяўляецца культурнай рэвалюцыяй! Вырашана адмовіцца ад звыклай сыстэмы напісаньня і перайсьці на больш дасканалую — гіерагліфічную! Цяпер замест звыклых літараў-словаў будуць пісацца асобныя гіерогліфы-паняткі. Перавагі гэтага мэтаду агаломшваюць. Першае: відавочная эканомія часу, інтэлектуальных высілкаў, паперы, фарбы, энэрганосьбітаў. Другое: кожнаму слову, якое па даўнейшаму магло мець некалькі сэнсаў ці адценьняў, даецца стабільны панятак.

Вось некалькі прыкладаў. Для слова «Прэзыдэнт» прапануецца адмысловы гіерогліф, сэнс якога літаральна азначае: «Прэзыдэнт — самы мудры і добры». Улічваючы тое, што гэта гіерогліф, і яго, як аказалася, нельга пісаць зь вялікай літары, прапанавана ў кожным тэксьце вылучаць яго чырвоным колерам… Для слова «суд», калі гэта датычыць Беларусі, прапануецца гіерогліф, які даслоўна азначае «праведны суд». Для слова «міліцыя» — «міліцыя, якая робіць правільна». А, напрыклад, для апазыцыі (нешта малюе на аркушы і паказвае ў залю) — гіерогліф у выглядзе вось такой сьняжынкі, які азначае «адмарозкі».

Вымаўленьне, альбо па-простаму кажучы — артаэпія, зараз ня будзе мець вялікай важнасьці. Між іншага, мы вырашаем праблему дзьвюхмоўя! Цяпер ня важна, хто на якой мове гаворыць і як вымаўляе, — нас зьяднаюць герогліфы! Можна будзе казаць і «Президент — самый мудрый и добрый, і «Прэзыдэнт — самы мудры й добры», і «Празідзент — самы мудры і добры»… Самае галоўнае, што кожны з гэтых варыянтаў будзе абсалютна правільны!

Такі падыход значна стабілізуе і так стабільную грамадзка-палітычную сытуацыю. Каб унікнуць непажаданых тэндэнцыяў у нашым грамадзтве, уся друкаваная прадукцыя будзе мець права выходзіць толькі новым пісьмом. (Голас з залі: «Дык ёсьць жа Інтэрнэт, ім жа якраз гэныя, ну, сьнегавікі… ці як іх… адмарозкі… і карыстаюцца!»)

Старшыня: Адказ просты: кітайскія фільтры. Яны фільтруюць Інтэрнэт, і любы непажаданы сайт аўтаматычна перакладаюць на нашыя гіерогліфы. А газэты мы апазыцыйныя закрываць ня будзем — навошта? Што яны зараз пішуць? (Дастае нейкую газэту, чытае) «Міліцыя разагнала пікет апазыцыянэраў, якія пратэставалі супраць палітыкі прэзыдэнта. Дзесяць апазыцыянэраў былі асуджаныя Цэнтральным судом…» Як гэта будзе чытацца па-новаму, герогліфамі? «Міліцыя, якая робіць слушна, разагнала пікет адмарозкаў, якія пратэставалі супраць палітыкі Прэзыдэнта — самага мудрага й добрага. Дзесяць адмарозкаў асуджаныя праведным Цэнтральным судом»… Прыгожа! Хто ж іх цяпер забараняць будзе — хай пішуць.

Запісаў стэнаграму, то бок напісаў гэтую гумарэску Аляксей Шэін

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)