Калі ўзняць з таго свету заснавальнікаў беларускай нацыі, Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца, тых людзей, якія ў другой палове 19 стагоддзя, ведаючы, што ёсць нацыя паміж Польшчай і Расеяй, зрабілі беларускі нацыянальны праект. І сказаць ім, што ў 2020 годзе ў Менску на вуліцах будзе сумарна 500-600 тысяч чалавек, якія будуць пратэставаць пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі — і гэта перамога? Канешне, перамога.
Міхалевіч: «Для Пуціна звяржэнне Лукашэнкі ў выніку масавых пратэстаў у Беларусі – гэта начны кашмар»
Адвакат, палітык, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі — пра ключавыя моманты беларускіх выбараў розных гадоў і чаму лічыць падзеі 2020 года «адкладзенай перамогай».
— 2010 год — момант, калі людзі адчувалі вартасць свайго бюлетэня, яны мелі, з каго выбіраць і ведалі, што калі не Лукашэнка — то ёсць, з каго выбраць, — згадвае Алесь Міхалевіч у эфіры Радыё Свабода. — Дарэчы, пасля 2010 года фраза «Калі не Лукашэнка, то хто?» больш не гучала ніводнага разу. Таму што выявілася: акрамя Лукашэнкі, ёсць вялікая колькасць цудоўных кандыдатаў.
І калі б падлік галасоў сапраўды адбываўся, я абсалютна ўпэўнены: у другім туры былі б Саннікаў з Лукашэнкам. Цудоўна, што кандыдаты былі настолькі моцнымі, і што людзі з адміністрацыі называлі дзвюма асноўнымі праблемамі «дыпламата» (Андрэя Саннікава) і «паэта» (Уладзімір Някляеў).
Менавіта падчас той кампаніі прагучала канцэпцыя мірных пераменаў у краіне.
— Так, я казаў пра мірныя перамены, карыстаўся лозунгам, які Лукашэнка скраў у БНФ «Разам мы Беларусь», і гэтак далей, — гаворыць палітык. — Я спрабаваў паказаць: калі можна знайсці з сітуацыі выйсце бесканфліктнае, такое, якое задаволіла б усіх — то лепш яго знайсці. Але для гэтага Лукашэнка мусіў бы сысці, і найлепш у 2010-м. Хоць калі цалкам сур’ёзна, то я ўпэўнены, што яму трэба было проста не балатавацца ў прэзідэнты ніколі.
Безумоўна, таго, што адбылося пасля, калі схапілі сотні людзей на плошчы — я не чакаў. Дакладней, чакаў, што могуць быць арышты, могуць пасадзіць людзей на «суткі», але не чакаў таго, што будзе вялізнае крымінальная справа.
І трэба сказаць, што гэта было абсалютна не ў інтарэсах рэжыму, таму што было поўнае прызнанне Захаду. Калі б амбасадары вярнуліся напачатку студзеня з вакацый і да таго часу павыпускалі ўсіх людзей, якія былі арыштаваныя на Плошчы — Лукашэнка захаваў бы ўсю супрацу з Захадам, усё было б business as usual.
Тады ў ізалятары, дарэчы, я зразумеў адну рэч — што не вельмі падаюся для беларускай палітыкі ў аўтарытарныя часы. Бо спрабую ўсё падлічыць як шахматыст, які пралічвае розныя хады з гледзішча інтарэсаў людзей — а беларускую сітуацыю трэба разглядаць псіхіятарам.
Алесь Міхалевіч адзначае, што не шкадуе пра свой колішні ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, як і не лічыць падзеі 2020-га пройгрышам беларусаў:
— Я сказаў тады, што Беларусь ніколі не будзе ранейшай, гэта новая Беларусь. Я гэта проста называю адкладзенай перамогай.
Перамога адбылася: ёсць нацыя, ёсць незалежнасць, гарызантальныя сувязі паміж беларусамі, велізарны ўзровень сацыяльнага даверу. І гэта тыя рэчы, якія назаўсёды. Знішчыць іх магчыма толькі праз фізічнае знішчэнне соцень тысяч людзей, да якога, вельмі спадзяюся, у Беларусі не дойдзе.
Лідарам пратэстаў стаў беларускі народ, і мне гэты лідар вельмі падабаецца, я лічу, ён цалкам справіўся са сваёй задачай.
Тое, што ў нас ёсць усходні сусед, які быў гатовы і гатовы ў любы момант увесці войскі для таго, каб падтрымаць дыктатара, — мы разумеем, чаму: бо для Пуціна звяржэнне Лукашэнкі ў выніку масавых пратэстаў у Беларусі, гэта начны кашмар. Гэта звышстрашна, бо трэба памятаць, што расе трактуе беларусаў як блізкі, а можа быць, і адзін народ з расіянамі.
Але, паўтаруся, гэта гістарычная падзея — беларуская нацыя ёсць, гэта факт, які адбыўся. І тое, што сёння Ціханоўскую прымаюць на вышэйшым узроўні — не толькі пытанне Ціханоўскай, а факт таго, што заходняя і сусветная палітычная эліта прыняла: беларусы ёсць як нацыя. Гэта важна, гэта крута, гэта поспех і перамога.
Канешне, для мяне, як і соцень тысяч, мільёнаў беларусаў актуальнае пытанне: што мы можам зрабіць на сённяшні дзень? Як мы можам пражыць, каб мінімізаваць наступствы? Бо я не веру ў тое, што дадатковыя ахвяры нас да чагосьці набліжаюць, а ахвяраў Лукашэнка і расійскі рэжым нарабілі ў Беларусі больш, чым дастаткова.
Як адвакат, я веру ў стабільна дзеючыя ўстановы і інстытуцыі. Я веру ў тое, што Каардынацыйная рада патрэбная як прадстаўнічы орган. Веру ў тое, што Ціханоўская як прэзідэнт-элект выконвае вельмі важную функцыю. Веру ў неабходнасць эміграцыйнага ўрада.
Я лічу, што калі гэта ўсё працуе ў рамках, то гэта вельмі важна і выхоўвае беларускае грамадства, дае нам магчымасці вучыцца дэмакратычным працэдурам, выпрацоўваць і выконваць рашэнні. Таму я ў гэтым удзельнічаю, бо безумоўна веру ў Беларусь.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное