Общество

Міністр Кубракоў адправіў свайго былога начальніка дапрацоўваць звычайным выкладчыкам

Генерал-маёр Сяргей Дарошка з 2019 да ліпеня 2021-га ўзначальваў Акадэмію міліцыі. Да таго быў галоўным у Дэпартаменце выканання пакаранняў, узначальваў мінскую міліцыю. Але з прыходам новага міністра — Кубракоў быў раней падначаленым Дарошкі — кар'ера генерала разладзілася, піша Наша Ніва.

Сяргей Дарошка на развітанні з калектывам Акадэміі МУС

Летам Дарошку знялі з пасады начальніка Акадэміі. Паводле логікі, генерал-маёра былі перавесці на іншую генеральскую пасаду. Але цяпер ён дапрацоўвае да пенсіі, да якой у такім званні яму яшчэ пяць год, усяго толькі выкладчыкам — будзе вучыць курсантаў тактыцы ўнутраных войскаў.

Такі паварот лёсу абазнаныя звязваюць з няпростымі адносінамі з былым падначаленым. У 2020 годзе і сярод выкладчыкаў, і сярод студэнтаў былі незадаволеныя дзеяннямі сілавікоў па падаўленні пратэстаў з выкарыстаннем катаванняў.

Сяргею Дарошку сёлета споўніцца 50 год, ён выпускнік факультэта ўнутраных войскаў МУС. Пачынаў камандзірам у канвойнай брыгадзе вайсковай часткі ў Баранавічах, кіраваў корпусам аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў.

Пяць год (з 2012 па 201) ён кіраваў Дэпартаментам выканання пакаранняў, быў галоўным над усімі турмамі, калоніямі, «хіміямі» і ЛТП. У 2013-м годзе атрымаў медаль найвышэйшай ступені «За бездакорную службу». Гэтаму не перашкодзіла скандальная гісторыя са смерцю асуджанага Ігара Пцічкіна ў СІЗА на Валадарскага, судзілі па справе турэмнага фельдчара.

На час кіраваннем Дэпартаментам прыпаў усплеск асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, пераважна маладых людзей. Іх бацькі гадамі абівалі парогі МУС, каб дабіцца паляпшэння ўмоваў. Лукашэнка тады загадваў стварыць для асуджаных за наркотыкі невыносныя ўмовы, каб яны прасілі смерці.

У калоніях былі створаныя адмысловыя атрады для «наркаманаў», на іх сталі вешаць адметныя каляровыя біркі, на парушэнне правоў звярталі ўвагу і беларускія, і міжнародныя правабааронцы. Зараз шмат у чым такое стаўленне перакінулася на асуджаных за палітычную пазіцыю.

Наступнай прыступкай па кар'ернай лесвіцы для Дарошкі стала мінская міліцыя, якую ён узначальваў з 2017 па 2019 год. Лукашэнка, прызначаючы яго начальнікам, заявіў:

«Добрая практыка, калі выходзяць нашы хлопцы з вайсковай часці, амапаўцы, ідуць, дзяжураць тры хлопцы - красаўцы. Гэта дэманстрацыя насельніцтву, што ў нас парадак. І вайскоўцам трэба гэтаму вучыцца, калі яны патрулююць горад. Яны будуць разумець, што патрэбныя людзям, а людзі, гледзячы на іх, будуць разумець, што ў горадзе спакойна».

На кіраванне Дарошкі выпалі «Маршы нетунеядцаў», брутальныя затрыманні і збіццё людзей на Дзень волі.

Праз 16 месяцаў Сяргей Дарошка змяніў крэсла — стаў кіраваць Акадэміяй міліцыі. У 2020 годзе, пасля брутальных разгонаў і збіцця дэманстрантаў, некаторыя выкладчыкі сышлі з Акадэміі, крытыкавалі сілавікоў, пытанні задавалі і курсанты — іх заўсёды прыцягвалі да аховы грамадскага парадку на масавых акцыях пратэсту.

Сёлета ў Акадэмію МУС чакаўся недабор на двух спецыяльнасцях на факультэце міліцыі — «адміністратыўна-прававая дзейнасць» і той жа кірунак у інтарэсах Мінабароны. Паступіць на бюджэт на юрыста мог нават троешнік, які набраў 135 балаў (сума балаў за тры ЦТ і сярэдні бал атэстата).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(24)