Мілінкевіч сустрэўся з новым прэзідэнтам Еўрапарламента

Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся ў Брусэлі з новым прэзідэнтам Еўрапарламента Гансам-Гертам Потэрынгам. У размове з лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі прэзідэнт Еўрапейскага парламенту адзначыў, што Еўрапарламент з’яўляецца саюзнікам усіх грамадзянаў Беларусі, якія змагаюцца за правы чалавека, свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне.

— Еўрапейскі парламент прыкладзе ўсе намаганні, каб грамадзяне Беларусі нароўні з грамадзянамі аб`яднанай Еўропы карысталіся ўсімі тымі свабодамі, якія з’яўляюцца ў Еўрапейскім саюзе штодзённай рэальнасцю, — сказаў Ганс-Герт Потэрынг.

Прэзідэнт Еўрапарламенту выказаў таксама ўпэўненасць, што перамога дэмакратыі ў Беларусі “гэта толькі пытанне часу”:

— Беларусь належыць да сям’і еўрапейскіх народаў. Грамадзяне Вашай краіны маюць права на свабоду. Мы асуджаем палітыку свядомага парушэння правоў чалавека і грэбавання асноўнымі свабодамі, якую вядзе рэжым у Мінску. Перакананы глыбока, што перамога дэмакратыі ў Беларусі толькі пытанне часу, — заявіў у размове з Аляксандрам Мілінкевічам прэзідэнт Еўрапейскага парламенту.

Ганс-Герт Потэрынг перадаў таксама Аляксандру Мілінкевічу, а ягонай асобе і ўсёй дэмакратычнай апазіцыі, словы падтрымкі і моцы ў далейшым змаганні за вяртанне Беларусі на шлях дэмакратызацыі.

Нагадаем, 8 лютага Аляксандр Мілінкевіч знаходзіўся з аднадзённым візітам у Брусэлі. У межах Дня Беларусі ў Еўрапарламенце, арганізаванага фракцыяй Еўрапейскай народнай партыі — Еўрапейскія дэмакраты, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл правёў шэраг важных сустрэч і перамоваў з кіраўніцтвам Еўрапарламента.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)